Сход у Бараўлянах: адклікаць дэпутатку, правесці субботнік. Пра што забыліся?

У пасёлку Лясны Мінскага раёна прайшоў сход жыхароў Бараўлянскага сельсавета, на якім павінна было абмяркоўвацца пытанне вывешвання бел-чырвона-белага сцяга на сельсаветаўскім будынку. Аднак на сцяг забыліся, а вось што з гэтага атрымалася.

2020_08_20_shod_barauljany_a._ljaszkevicz_021_logo.jpg

Як было заяўлена ва ўлётцы, што распаўсюджвалася ў раённых чатах, жыхары збіраліся патрабаваць непрызнання афіцыйных вынікаў выбараў прэзідэнта, прызначэння новых выбараў, неадкладнай адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, спынення гвалту, вызвалення палітвязняў, адкрытага разбіральніцтва зверстваў у месцах зняволення. Апроч агульнарэспубліканскай павесткі былі выстаўлены патрабаванні выбараў органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Бараўлянскага сельсавета і размяшчэння на будынку сельсавета сцяга Нацыянальнага Адзінства (БЧБ) на знак салідарнасці з насельніцтвам.

uljotka.jpg



Заява пра сход была накіравана ў райвыканкам і яе нават адобрылі. Выканкам абяцаў тэхнічную дапамогу. Аднак 20 жніўня мясцовых актывістак Ірыну Штыркіну і Вольгу Беляўцову (апошняя каардынавала ў сельсавеце незалежных назіральнікаў за выбарамі) выклікалі ў пракуратуру, і папярэдзілі, што мерапрыемства будзе лічыцца несанкцыянаваным, фактычна адклікаўшы дазвол райвыканкама. Тым не менш, на пляцы між Бараўлянскім сельсаветам і абласной лякарняй увечары сабралася некалькі соцень чалавек, шмат з бел-чырвона-белымі сцягамі. Былі людзі з Ляснога, Валер’янава, Копішча, Новай Баравой, Ляскоўкі. Стала вядома, што Вольга Беляўцова зноў знаходзіцца ў пракуратуры.

2020_08_20_shod_barauljany_a._ljaszkevicz_003_logo.jpg



Першым выступіў намеснік старшыні Бараўлянскага сельвыканкама Сяргей Кандрашын. Ён выказаўся па некаторых паднятых жыхарамі пытаннях. Кароткі змест прамовы: выбары адбыліся; жорсткіх затрыманняў не можа быць у наш час, гэта дзікасць, кожны выпадак павінны расследавацца; сельвыканкам – гэта... вытворчасць, якую нельга спыніць; суботнік мы арганізавалі, як вы прасілі (пройдзе 22 жніўня); на наступным тыдні будзе арганізавана сустрэча з жыхарамі сельсавета ў будынку дома культуры. Жыхары спрабавалі яшчэ нешта спытаць, але чыноўнік сышоў, яму ўслед закрычалі "Ганьба!"

2020_08_20_shod_barauljany_a._ljaszkevicz_031_logo.jpg



Потым выступалі жыхары сельсавета, назіральнікі за выбарамі, юрыст, а таксама начальнік Бараўлянскага аддзела міліцыі Валеры Салаўёў, які ўжо стаў знакамітасцю і ў дзяржаўных СМІ, і ў незалежных Тэлеграм-каналах за “размовы з народам”. Усім пляскалі, ахоўніку правапарадку асабліва моцна. Ён падкрэсліў, што на падначаленай яго аддзелу міліцыі тэрыторыі (Бараўлянскі, Каладзішчанскі, Астрашыцкі сельсаветы) з 9 жніўня не было ніводнага затрымання. Агулам казалі пра магчымасць адклікаць мясцовую дэпутатку Валянціну Курсевіч, тут жа на плошчы гуглілі юрыдычныя механізмы, як гэта зрабіць. Узгадвалі закон аб мясцовым самакіраванні, па якім “можна было б зрабіць ворган, які будзе мець кансультатыўную і інфарматыўную ролю”.

Прагучала абвестка пра ланцуг Курапаты–Ахрэсціна. Згадвалі Прылукі, дзе ўжо сабралі подпісы за адкліканне мясцовага дэпутата з Палаты прадстаўнікоў, і Заслаўе, дзе паралельна Бараўлянам адбываўся сход жыхароў. Падымалася пытанне ўпарадкавання мясцовага чата.

 

2020_08_20_shod_barauljany_a._ljaszkevicz_008_logo.jpg

Сяргей Емельянаў

Агулам склалася ўражанне “як добра, што ўсе мы тут сёння сабраліся пагутарыць”. Да сур’ёзнага абмеркавання заяўленых пытанняў так і не дайшло. На сустрэчы прысутнічаў гісторык Сяргей Емельянаў, жыхар вёскі Копішча. Памятаючы па супольнай вучобе на гістарычным факультэце, што Сяргей спецыялізаваўся па Сярэднявеччы, вырашыла спытаць: калі ўжо ў нас “прамая дэмакратыя” ў асобна ўзятым сельсавеце, ці магло так жа, як наш сённяшні сход, безвынікова прайсці полацкае веча? Гісторык адказаў, што веча складалася з людзей, якія мелі права голасу, але непасрэдна з князем размаўлялі іх прадстаўнікі, “залатыя паясы”. Па такім жа прынцыпе дзейнічаў скандынаўскі тынг. Фактычна сёння ў нас ёсць палітычна актыўная грамада, ёсць “князь”, але няма тых, хто наладзіў бы між імі дыялог.





Акурат цяпер мы назіраем, як у Беларусі нараджаецца дэмакратыя: як ствараюцца ініцыятыўныя групы, як людзі вучацца фармаваць свае патрабаванні. Толькі няма легітымных механізмаў адстойвання гэтых патрабаванняў. Калі Сяргей Ціханоўскі сядзіць за “спробу змяніць уладу ў Рэспубліцы Беларусь шляхам выбараў”, а над сябрамі Каардынацыйнай Рады Святланы Ціханоўскай, у тым ліку, выходзіць, над нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч, вісіць пагроза крымінальных спраў, што можа зрабіць мясцовы сход? Да таго ж, любая ініцыятыва знізу падаецца ўладам падазронай, адкуль і ўвага пракуратуры да нашага сельсавета. Аднак, здаецца, місія ўсё ж выканальная і з хаатычных дэбатаў павінна выкрышталізавацца моцная мясцовая ініцыятыва.





Актывістка Вольга Беляўцова, якую другі раз за дзень выклікалі ў пракуратуру, адтуль адразу накіравалася дамоў.

2020_08_20_shod_barauljany_a._ljaszkevicz_053_logo.jpg

Фота Алены Ляшкевіч