«Стукнулі дубінкай па шыі. Не далі падняць мабільнік і акуляры»

«Я буду ісці да канца і даб’юся справядлівасці!..». З такога выказвання пачала расповед свой сталая маладзечанка Галіна Фёдараўна Лук’янцова «Рэгіянальнай газете».



zatrymanne_maladzeczna.jpg

З сабой у рэдакцыю выдання Галіна Фёдараўна прынесла некалькі фотаздымкаў — скрынаў з ютуба, дзе зафіксаванае затрыманне яе сына.

Як можна верыць пастанове, дзе няправільны час і месца затрымання?

Маладзечанца Валерыя Лук’янцова затрымалі ўвечары 10 жніўня, калі ў горадзе праходзіла мірная акцыя пратэсту. Асудзілі па частцы 1 артыкулаў 23.34 і 23.4 — удзел у незаконных масавых мерапрыемствах і супраціўленне работнікам міліцыі. Далі 14 сутак. Праўда, адпусцілі на шостыя суткі, ноччу.

Тады ж у пастанове, якую прынёс сын, маці ўбачыла, што ў дакуменце пазначана, нібы мужчыну затрымалі 10 жніўня ў 18:32 на Цэнтральнай плошчы. Аднак Галіна Фёдараўна сцвярджае, што і час, і месца затрымання былі іншыя. У доказ прыводзіць відэа з ютуба і фотаздымкі з момантамі затрымання яе сына.

На іх бачна, што Валерыя затрымліваюць не на плошчы, а на скрыжаванні, каля былой «Елгавы». У машыну вядуць чатыры сілавікі. Як адзін мог супраціўляцца чатыром, жанчына таксама не разумее. Не бачна супраціўлення і на відэа.

Час затрымання таксама выклікае ў жанчыны пытанні, бо ў жніўні ў 18.32 на вуліцы яшчэ светла. А на відэа і фота з затрымання — прыцемкі. На самай справе, сцвярджае жанчына, затрыманне адбывалася ў межах дзесяці вечара, а ў 18:32 сын быў дома.

— Паглядзіце, нават пастанова без подпісу суддзі, — дадае Галіна Фёдараўна, дэманструючы дакумент.

Пры затрыманні мабільнік падняць не далі

Пра тое, што сын затрыманы, маці даведалася не адразу.

— З 10 на 11 жніўня ноччу мне патэлефанаваў з нумара сына незнаёмы мужчына. Сказаў, што знайшоў мабільнік на скрыжаванні, каля былога магазіна «Елгава». Пасля, той жа ноччу, ён прынёс мне сынаў мабільнік.

Як маці даведалася пазней, акуляры і мабільнік выпалі ў сына падчас затрымання. Падняць іх не далі.

Жанчына прызнаецца, што адразу не вельмі хвалявалася. Усё ж сын — дарослы мужчына. Калі ж па горадзе пайшлі чуткі, што 10 жніўня затрымалі шмат людзей, Галіна Фёдараўна патэлефанавала на 102. Тады і даведалася, што сын затрыманы.

Па словах Валерыя, пры затрыманні яго стукнулі дубінкай па шыі, пасля білі ва ўнутраным дворыку Маладзечанскага РАУС.

— Сын не хоча дабівацца праўды. Кажа, навошта гэта ўсё трэба, калі ўжо затрымалі і збілі. А я калі бачу несправядлівасць, заўсёды іду да канца, — падсумавала Галіна Фёдараўна.

Што адказалі ў Маладзечанскім РАУС

Жанчына звярталася ў РАУС Маладзечна з заявай, што нязгодная з прысудам. Аднак атрымала адказ, у якім паведамляецца: заяву пакінулі без разгляду.

«Заява падлягае разгляду ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу. Таксама заява да кампетэнцыі органаў унутраных спраў не адносіцца».

Паведамляецца, што прыгавор можа быць абскарджаны. Таксама заяўніцы тлумачаць, што фізічнае ўздзеянне на яе сына з боку сілавікоў было законным, бо той супраціўляўся. Адказ падпісаны начальнікам Маладзечанскага РАУС Вадзімам Прыгарам.

Момант затрымання Валерыя Лук’янцова — прыкладна ад 3.09. Відэа з ютуб-канала Valeri Klimench.