У Расіі заблакавалі «Новы Час»
Генеральная пракуратура РФ прыняла рашэнне заблакаваць доступ да артыкулаў у сеціве, дзе ў «няправільным» кантэксце ўзгадваецца назва Бучы — украінскага горада, дзе адбылася адна з самых страшных трагедый расійска-ўкраінскай вайны. Пасля сыходу адтуль войскаў РФ у Бучы знайшлі сотні мёртвых цел — на вуліцах, у сутарэннях дамоў, у брацкіх магілах.
Цяпер гэтыя артыкулы, знойдзеныя ў інтэрнэце, відавочна, з дапамогай робата, недаступныя на тэрыторыі РФ. У іх ліку і матэрыялы «Новага Часу». Заблакаваныя былі тэксты расійскіх, беларускіх і ўкраінскіх медыя.
Пасля пачатку вайны цэнзура ў Расіі набыла татальны характар. Ёй падлягае амаль усё, што не ўпісваецца ў афіцыйныя трактоўкі падзей, якія ў РФ трэба называць «ваеннай спецаперацыяй». Праз гэта ў краіне закрыліся незалежныя выданні, а ў Крымінальным кодэксе з'явіўся адмысловы артыкул «Аб барацьбе з фэйкамі». Ён прадугледжвае ў якасці пакарання да 15 гадоў зняволення.