«Улада не шануе дэмакрытычных законаў, што ўжо казаць пра закон Божы»

Вернікі і клір Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы звярнуліся да праваслаўных Беларускай царквы і народа.

275609.p.jpg

Амаль увесь Зямны Божы Свет ахапілі розныя крызісы — эпідэміялагічны, наступствам якога стаў эканамічны-палітычны і дасюль трывае кліматычна-экалагічны. Але для нас больш істотнымі з'яўляюцца інфамацыйна-прапагандысцкі, можна сказаць, нават агрэсіўны і гібрыдна-ваенны…
Агрэсіўны Пуцінска-крамлёўскі рэжым захапіў у праваслаўнай Украіне Крым, частку ўсходу Данбасу і трызніць аднаўленнем імперскай Расіі. Не пазбавіліся яшчэ імперскіх амбіцыяў Турцыя, Кітай, Францыя і інш.
Маскоўская праваслаўная царква мроіць адрадзіць “Единую неделимую Святую Русь”, фактычна не прызнаючы беларусаў-ліцвінаў і ўкраінцаў-русінаў асобнымі народамі, іх мовы і права на сваю царкву, а яе кіраўнік патрыярх Кірыла хоча абвясціць Крэмаль Праваслаўным Ватыканам.
Цяперашняя лукашэнкаўская Беларусь па сваёй сутнасці ёсць прамаскоўскі, русіфікатарскі, дыктатарскі, антыдэмакратычны і таму антыбеларускі рэжым. Уся ўлада цяпер у Рэспубліцы Беларусь засяроджана ў руках адной асобы, няма ніякага рэальнага падзелу ўладаў на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. У выніку відаць дэградацыя на ўсіх узроўнях ад чыноўніка, міліцыянта і суддзі да простага дробнага клерку. Гэтае адзінаўладдзе прывяло да крывадушніцтва, крывасведчання, маніпуляцый, фальсіфікацый ў сучаснай выбарчай сістэме.
Цяперашняя ўлада ў РБ патрапіла ў маскоўскі нерат, што ні ў зад і не ўперад.
Праваслаўная царква ў Беларусі Масквою афіцыйна лічыцца Беларускім Экзархатам Расейскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.
Тандэм улады і царквы праяўляецца ў дыфірамбах з боку царкоўнага кіраўніцтва ўладзе, а ўлада дае царкоўнікам узнагароды, ільготы і прэферэнцыі і пафасна ходзіць у храмы, каб на паказ запаліць свечку і нават прамовіць з амвону, што можа рабіць толькі царкоўны клірык ці ярарх.
Пра якое “духоўнае адраджэнне” тылдычыць улада, калі “беларуская” царква ў Літве-Беларусі амаль не выкарыстоўвае родную дзяржаўную беларускую мову ў набажэнстве, з-за чаго праваслаўныя вернікі шукаюць магчымасць звярнуцца да Бога на роднай мове ў каталіцкім касцёле ці ва ўніяцкай царкве. Як можна казаць пра клопат пра спадчыну, калі старадаўняя царкоўная архітэктура падчас “рамонту” замяняецца псеўдарускім стылем з цыбулінай, калі старадаўнія мясцовыя беларускія абразы амаль паўсюдна замяняюцца на маскоўска-софрынскія іконы або прадаюцца і вывозяцца ад нас за мяжу. Як можна казаць і падаваць святароў БПЦ “нашымі” людзьмі, калі ў іх шэрагах трапляюцца маскоўскія святары-русскомірцы, колішнія РНЕшнікі, палкоўнікі спецслужбаў, гвалтаўнікі і іншыя адыёзныя асобы.
Улада не шануе дэмакрытычных законаў, што ўжо казаць пра закон Божы, дзе сярод запаветаў Майсеевых Богам выбітыя на скрыжалях такія запаветы: не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не рабі сабе куміра…
А наш Госпад і Збаўца Ісус Хрыстос павучаў у сваіх пропаведзях: “Дабрашчасныя тыя, каго пераследуюць за праўду, бо іхнае ёсць Валадарства нябеснае” і казаў: “Не спадзявайцеся на князёў і сыноў чалавечых, бо ў іх няма ратунку. Госпад толькі ўладарыць вечна…”.
Хрысціяне і людзі добрай волі! Маліцеся да Уселітасцівага Госпада Бога Ісуса Хрыста, каб не грашылі людзі ў гэтыя лёсавызнчальныя дні і каб Ён дапамог захаваць нашу бацькаўшчыну Літву-Беларусь у міры і спакоі і абраць належнага легітымнага прэзідэнта на сапраўдных — дэмакратычных — выбарах.