Ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларус — Канстанцін Дзюбайла

Ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларус — Канстанцін Дзюбайла.

Канстанцін Дзюбайла / Фота з сацсетак

Канстанцін Дзюбайла / Фота з сацсетак

Пра гэта яшчэ ў канцы красавіка ў Facebook напісала ўкраінская добраахвотніца Галіна Клемпоўз, але беларускія СМІ даведаліся пра гэта толькі цяпер. Дзюбайла служыў у 46-м асобным батальёне спецыяльнага прызначэння «Данбас — Украіна».

Дзюбайла загінуў у баі на Данбасе — побач разарваўся снарад. Яму было 34 гады. Беларуса пахавалі ў Крывым Розе. Галіна Клемпоўз піша, што ў яго засталася жонка-ўкраінка і што ён украінскае грамадзянства не атрымаў.

Канстанцін Дзюбайла — ураджэнец Магілёва. Ваяваў за Украіну з 2014 года: спачатку ў добраахвотніцкіх фарміраваннях, а пасля ўступіў ва Узброеныя сілы Украіны. Меў пазыўныя «Беларус», «Фенікс», «Дранік».

Беларусы ваююць за Украіну ў шматлікіх падраздзяленнях. Таксама ў красавіку загінуў Зміцер Рубашэўскі («Ганс»), які служыў у 24-й механізаванай брыгадзе Узброеных сіл Украіны. У сакавіку не стала Аляксея Скоблі («Тур»), які служыў у элітным ўкраінскім спецпадраздзяленні. Пасмяротна ён узнагароджаны зоркай Героя Украіны.

У баях удзельнічае выключна беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага. Батальён страціў Іллю Хрэнава («Ліцьвіна») і Змітра Апанасовіча («Тэрора»).

Паводле «Еўрарадыё»