З верай у новае, светлае, добрае
Хто мог падумаць, калі праводзіў 2019-ты і сустракаў 2020-ты, што Новы год прынясе нам такое! Што жыццё не толькі асобных людзей, але без перабольшвання ўсяго чалавецтва зменіцца, і змены гэтыя будуць мець нечаканыя і часта даволі трагічныя наступствы.
У лексікон усіх народаў цвёрда ўвайшло слова «кавід», якое атаясамліваецца з такімі паняццямі, як небяспека, хвароба, адчай, смерць. Мільёны з тых, хто падхапіў гэтую брыдоту, ужо не ўбачаць сонца на небе.
Беларусы ж сутыкнуліся яшчэ і са сваёй адмысловай навалай — рэжым, які выспяваў у нашай краіне больш за 26 год, нарэшце праявіў сябе ва ўсёй сваёй бесчалавечнасці, жорсткасці, несправядлівасці, хлусні. Служкі сістэмы, якая канчаткова паставіла сябе па-за законам пасля жнівеньскай электаральнай кампаніі, якую чынавенства і дзяржаўная прапаганда па недарэчнасці называюць выбарамі, паказалі сябе не людзьмі, а сапраўднымі пачварамі, папярэднікаў якіх ў другой палове 40-х гадоў мінулага стагоддзя судзілі ў Нюрнбергу, а пазней — у Гаазе.
Звыклымі паняццямі беларусаў у 2020 годзе сталі пастарунак, затрыманне, арышт, Акрэсціна, балаклава, АМАП, дубінка, суд, штраф, суткі… Спіс можна працягваць. Больш за паўтары сотні палітвязняў, дзясяткі тысяч затрыманых, безліч скалечаных, збітых, прыніжаных, і нават забітыя — вось вынік сыходзячага ў нябыт гэтага году. А таксама міжнародныя санкцыі, падзенне ўзроўню жыцця, рост адчаю ў многіх, роспач і апатыя. Але не ва ўсіх.
2020 год паказаў, што беларусы застаюцца, а можа нават толькі яшчэ становяцца НАРОДАМ, а не народцам, як іх называе і да чаго прывучаў бяззменны правадыр, які, відавочна, ужо згубіў арыентацыю ў гістарычнай і проста чалавечай прасторы. Як і ўся створаная ім сістэма. Неверагодныя салідарнасць, мужнасць, вяртанне ў побыт гістарычных сімвалаў і праява найлепшых чалавечых якасцей — гэта таксама вынік адыходзячага году.
Як і мужнасць, вытрымка, вастрыня розуму, шчырасць, самаадданасць да самаахвярнасці, мудрасць, дабрыня — гэта толькі частка тых слоў, якія прыходзяць у галаву, калі думаеш пра нашых людзей у гэтыя шалёныя часы. І ніякія пачвары нічога не могуць з імі зрабіць, бо беларусы — гэта ЛЮДЗІ, а не шэрая маса, як іх разглядае пакуль яшчэ ўлада.
З надыходам новага года мы прызвычаіліся спадзявацца на лепшае. Вера, надзея, любоў — гэта неад’емнае ў кожным нармальным чалавеку. На вялікі жаль, гэтая нармальнасць у нашай краіне характэрная не для ўсіх. Пакуль. Але святло заўжды перамагае цемру. І мы ўжо сёння бачым таму шмат прыкладаў. Мы бачым гэтае святло ў нашых хлопцах і дзяўчатах, у нашых мамах і татах, у нашых бабулях і дзядулях, якія змагаюцца з цемрай і цемрашаламі. Веру, што ў новым годзе нас пакінуць зверствы і нялюдскасць, нянавісць і брутальнасць, хлусня і несправядлівасць, подласць і жорсткасць, здрада і тупасць, а слова «фашызм» мы зноў будзем ужываць толькі ў гістарычным кантэксце. Беларусь абавязкова стане вольнай і светлай, пра якую марылі яшчэ нашы продкі і пра якую цяпер марым мы самі.
Таму хацелася б пажадаць нам усім у Новым годзе вытрымкі і імпэту, настойлівасці і смеласці, пазітыву і шмат добрых людзей вакол, любові і натхнення, свабоды і розуму. І яшчэ абавязкова моцнага-моцнага здароўя.
Верым! Можам! Пераможам!!!