Беларусь, якая чакае. Адценні студзеньскай шэрані

Усім беларусам знаёмае «калянуля» з кожным годам складае ўсё большую частку зімовага часу. Дні, калі па дакладнай заўвазе майго сябра, «ужо зранку вечар», складаюцца ў тыдні, і сонца падаецца ўжо нейкай казачнай марай. Але сёння, у нашай першай вандроўцы новага году, мы паспрабуем рашуча пераканаць вас, што і гэтая шэрань мае шмат адценняў і можа быць прыгожай! Трэба проста пажадаць убачыць гэтае прыгожае. Паехалі!

На гэты раз мы адмыслова не чакалі добрага надвор’я, а проста пазначылі дзень і паехалі. Зранку высветлілася, што нас чакае класічнае «калянулёўскае» надвор’е з абавязковай шэрасцю ўсяго навокал. Планы вокамгненна падкарэктаваліся, мы вырашылі зрабіць пэўны акцэнт на «шэрых» пейзажах беларускай сучаснай зімы. Гэтае рашэнне было канчаткова зацверджана, калі наш аўтамабіль быў ужо побач з Лагойскам. Чаму Лагойск? А чаму не? Тым больш краявіды ўлетку там зусім неблагія, а што робіцца ўзімку зараз пабачым.

Ніяк нельга абмінуць рэшткі калісьці шыкоўнага палаца Тышкевічаў, які быў пабудаваны на пачатку ХІХ стагоддзя Піем Тышкевічам — бацькам нашых вядомых гісторыкаў, этнографаў і археолагаў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў. У савецкія часы будынак палаца выкарыстоўваўся ў якасці турмы НКУС, падчас акупацыі немцы таксама трымалі тут вязняў, а перад сыходам будынак проста ўзарвалі. Ацалелі толькі фрагменты паўднёвага крыла палаца. Напрыканцы  шпацыру па парку нас чакаў сапраўдны сюрпрыз у выглядзе зграйкі гілёў, якіх мы не бачылі ўжо вельмі даўно. Каляровыя прыгажуны былі досыць пільнымі і не дазволілі наблізіцца, але некалькі ў аб’ектыў усё ж патрапілі. Гілёў пабачылі — зіма адбылася!

Пакідаем Лагойск на чырванагрудых вартаўнікоў і рушым па пейзажы. Самае галоўнае — не спяшацца і пільна сачыць за наваколлем, каб не прапусціць цікавае. Гэта даволі складана, бо абапал дарогі лесапаласа, ды і сама дарога патрабуе ўвагі. Але ж мы знайшлі даволі прыгожы краявід. Ну і хто будзе казаць аб татальнай шэрасці і бескаляровасці «калянулёвага» надвор’я? А калі яшчэ не ленавацца і прайсці скрозь лесапаласу, то ўвогуле мову займае.

Вандроўнік як самурай — мэты няма, ёсць толькі шлях. Менавіта таму нам не да спадобы прамыя хуткасныя шашы, а вось пакручастыя невялікія дарогі — асалода і прыгажосць. Ніколі не ведаеш, што цябе чакае за паваротам ці за бліжэйшым пералескам. Так мы і ўбачылі вельмі прыгожую невялічкую капліцу побач з дарогай ля вёскі Жардзяжжа. 1860 году пабудовы, яна ані разу не перабудоўвалася і, здаецца, капітальна не рамантавалася. Вакол капліцы невялікія могілкі і такая цішыня, што яе адчуваеш фізічна, і на хвіліну падаецца, што можаш намацаць рукой. Гукі матораў рэдкіх аўтамабіляў спрабуюць разарваць гэтую шчыльную тканіну спакою і бязгучнасці, але яна, нібыта тэрмінатар з вядомай стужкі, нястрымна і хутка аднаўляе сваю маналітную цэласнасць.

Чарговы пералесак скончваецца, і дзесьці далёка на пакатым доўгім ўзгорку ў імгле шэрага дня ледзьве бачны абрысы вёскі. Пад невялічкім мостам кудысьці спяшаецца незамярзаючы ручай. Дзьме халодны вецер, вёска спіць, палі таксама адпачываюць да вясны. Навокал нікога. Хтосьці пакруціць пальцам ля скроні: маўляў, дурні, чаго дома не сядзіцца ў цяпле... Але ж паляванне на адценні шэрасці выключае мяккія фатэлі з канапамі. Так, увогуле, нам гэта падабаецца. 

Незаўважна даехалі да Даўгінава. Абавязкова наведваем мясцовую плошчу з касцёлам Святога Станіслава. Падчас нашага візіту касцёл, на жаль, быў зачынены. У 1553 годзе тут быў пабудаваны драўляны касцёл. На пачатку XVII стагоддзя ў яго прывезлі з Вільні абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, які праз тры гады быў перавезены ў Будслаў. З таго часу касцёл некалькі разоў руйнаваўся і ў 1853 годзе за сродкі мясцовых жыхароў быў пабудаваны такім, якім мы сёння яго можам бачыць. Цікавосткай касцёла з’яўляецца ягоная «пізанская» брама. Чаму «пізанская»? А вы прыгледзьцеся!

Побач з плошчай перад касцёлам у невялічкім парку мы знайшлі мясцовую канцэртную залю. Нават за кулісы заглянулі. На жаль, афішы з рэпертуарам мы так і не пабачылі. Прыйдзецца вярнуцца летам, ну а што рабіць...

Гэтае дрэва мы запрыкмецілі здалёк. Калі вам трэба пазбавіцца ад фатографа, то пакажыце яму адзінокае дрэва ў полі і можаце лічыць сябе свабодным мінімум на гадзіну, а то і болей. А потым ён яшчэ будзе дня тры разбіраць свае «шэдэўры», і яго лепш не чапаць. Дакладна вам кажам!

Немагчыма быць побач з Будславам і не завітаць! Гэта вам любы беларус-вандроўнік скажа. Таму з задавальненнем наведваем гэтае невялічкае мястэчка. Тым больш, трэба ж пабачыць, як выглядае знакаміты касцёл Ушэсця Дзевы Марыі ў гэтыя шэрыя дні і вам паказаць, канешне. Калі ласка — будслаўскія адценні шэрага.

Светавы дзень набліжаецца да заканчэння, але трошкі часу яшчэ ёсць, і мы вырашаем заехаць у Крывічы да касцёла Святога Апостала Андрэя, які быў пабудаваны ў 1796 годзе і ў тым выглядзе дайшоў да нашых дзён. Незвычайная архітэктура і брама, якая сваёй акруглай формай больш паходзіць на праваслаўныя, робіць гэты будынак вельмі каштоўным помнікам. Трэба будзе вярнуцца, каб патрапіць унутр, там таксама павінны быць цікавосткі.

Па дарозе дадому надвор’е вырашыла пад вечар зрабіць невялічкі сюрпрыз валацугам і трошкі дадаць фарбаў у наваколле. Дзякуй і за гэта! Літаральна праз 15 хвілін зіма пачала прыгадваць што яна зіма, і гэтае «калянуля» ёй зусім не пасуе. Шлях дадому атрымаўся зусім не сумны!

Яшчэ раз віншуем нашых чытачоў з Новым годам і Калядамі і нагадваем, што вельмі чакаем ад вас прапановаў дзеля далейшых нашых вандровак па роднай краіне. Надвор’е кепскім не бывае, дрэннай бывае экіпіроўка! Год толькі пачаўся і наперадзе ў нас шмат цікавага!