Даследнікі даўніны беларускай

Яшчэ ў далёкія антычныя часы гісторыю называлі настаўніцаю жыцця. Ва ўсе часы яе лічылі надзвычай важнаю навукай. Яна дапамагае людзям зразумець, адкуль іх род, якімі шляхамі ішлі продкі з мінулага ў сучаснасць.

Двор Віленскага ўніверсітэта з вежай абсерваторыі напрыканцы XVIII ст.

Двор Віленскага ўніверсітэта з вежай абсерваторыі напрыканцы XVIII ст.


Гісторыкі даследуюць даўнейшыя падзеі, каб высветліць іхнія сапраўдныя прычыны і вынікі, назваць імёны герояў і ворагаў, знайсці ў даўніне ўрокі для новых пакаленняў. Кажуць, той, хто не ведае мінулага, не будзе мець будучыні. Гэта датычыць і кожнага чалавека, і цэлага народа. Гістарычная памяць – магутная стваральная сіла, што яднае народ і дапамагае яму з годнасцю прайсці праз самыя цяжкія выпрабаванні. У ХІХ стагоддзі, калі насуперак чужой уладзе нашыя прадзеды ператвараліся ў шматмільённы беларускі народ, гістарычная навука была асабліва неабходнаю.

Прафесура Віленскага ўніверсітэта

Мінулае Літвы-Беларусі грунтоўна вывучалі ў галоўнай вышэйшай навучальнай установе краю – Віленскім універсітэце.
Прафесар Міхал Баброўскі знайшоў каштоўны Супраслеўскі летапіс і стаў першым айчынным скарыназнаўцам. Ігнату Даніловічу належаць вялікія заслугі ў вывучэнні Статутаў Вялікага Княства Літоўскага. Ён сабраў і надрукаваў дзве з паловаю тысячы старадаўніх дакументаў. Гэтыя вучоныя выступалі за аднаўленне нашай дзяржаўнасці, вяртанне ў шырокі ўжытак беларускай мовы і сталі пачынальнікамі нацыянальнага адраджэння.
Вядомае і імя прафесара Яўхіма Лялевеля – натхняльніка патрыятычнай моладзі з кола філаматаў і філарэтаў, аўтара закліка «За нашу і вашу свабоду. Лялевель разглядаў мінулае не як гісторыю князёў і каралёў, а як гісторыю дзяржаваў і народаў. Ён лічыў, што гістарычная навука павінна ствараць «летапіс народнага жыцця». Напісаная ім «Гісторыя Літвы і Русі да Люблінскай вуніі з Польшчай» выводзіла пачатак айчыннай дзяржаўнасці з Полацкага княства. Прафесар ведаў спадчыну Францішка Скарыны. Высока ацэньваючы дзяржаўную беларускую мову Вялікага Княства, Яўхім Лялевель, як і Адам Міцкевіч, падкрэсліваў яе старажытнасць і багацце.
У час паўстання 1831 года Лялевель уваходзіў у яго Часовы ўрад. Пад уплывам гэтага гісторыка і палітыка пазней склаліся погляды Кастуся Каліноўскага ды яго аднадумцаў. Сёння ў Вільні і Горадні можна прайсці па вуліцах імя Лялевеля. У адной з залаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта створаная цікавая экспазіцыя пра Лялевеля, а ва ўніверсітэцкім двары лёгка знайсці памятную дошку выдатнаму суайчынніку.
Плённа збіраў археалагічныя і пісьмовыя сведчанні гісторыі Літвы-Беларусі прафесар Ігнат Анацэвіч. Яго ведалі і паважалі супрацоўнікі архіваў і бібліятэк Варшавы і Кёнігсберга, Дэрпта і Рыгі, Пецярбурга і Масквы.Віленскія студэнты з нецярпеннем чакалі гістарычна-археалагчных экспедыцый па родным краі, куды іх клікаў прафесар Іван Лабойка. Пад яго кіраўніцтвам моладзь зрабіла апісанні васьмідзесяці гарадоў і мястэчак.
Прафесар Язэп Ярашэвіч вызначаўся бліскучым веданнем летапісаў і хронік. Ён мог бы вольна паразмаўляць на старабеларускай мове з вялікім князем Гедзімінам пра перавод сталіцы дзяржавы з Наваградка ў Вільню або з гетманам Канстанцінам Астрожскім пра разгром маскавітаў у бітве пад Воршай. Ярашэвіч напісаў гістарычныя нарысы пра беларускія Бельск, Драгічын, Супрасль. Калегі-выкладчыкі і студэнты зачытваліся ягонай трохтомнай кнігай «Вобраз Літвы ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIII ст.». Пасля змагарскіх падзей 1831 года Ярашэвіч апынуўся ў ліку гісторыкаў-патрыётаў, абвінавачаных уладамі ў «няправільным накірунку мыслення» і надоўга пазбаўленых працы.
У1832-м на дзверы ўніверсітэцкіх карпусоў павесілі цяжкія замкі. Каланізатары не толькі помсцілі за ўдзел педагогаў і студэнтаў у змаганні за незалежнасць. Страх выклікала сама дзейнасць віленскіх гісторыкаў і філолагаў, паогул гуманітарыяў. Яны адкрыта і абгрунтавана заяўлялі пра самастойнасць беларускага народа, яго гісторыі, культуры і мовы.

У Полацку, Гомелі, Слуцку

Гісторыяй свайго краю глыбока цікавіліся выкладчыкі Полакага езуіцкага калегіюма, пераўтворанага ў 1812-м у Акадэмію з правамі ўніверсітэта. Гэта пацвярджае акадэмічны часопіс «Полацкі месячнік», што меў адмысловы гістарычны раздзел. Там публікаваліся ўрыўкі з даўніх рукапісаў, краязнаўчыя і навуковыя нарысы. Аўтары часопіса прыйшлі да высновы, што ў часы Рагвалода і Рагнеды продкі беларусаў – крывічы – ужо мелі дзяржаву, якая дасягнула найвышэйшай магутнасці за князем Усяславам Чарадзеем. Гісторыя дзяржаўнасці працягвалася ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе галоўнае месца належала беларускім землям, а дзяржаўнай моваю была старабеларуская.
Аднак каланіяльныя ўлады зачынілі Полацкую акадэмію яшчэ раней за Віленскі ўніверсітэт…
Знаныя калекцыі рукапісаў, старадрукаў, археалагічных і этнаграфічных матэрыялаў былі сабраныя ў Гомелі. Іх даследнік Іван Грыгаровіч пачаў выдаваць «Беларускі архіў старажытных грамат». Туды ўвайшлі дакументы ХІІІ–ХVІІІ стагоддзяў: прывілеі вялікіх князёў, граматы гарадоў з магдэбургскім правам на самакіраванне, пастановы Берасцейскага царкоўнага сабора 1596 года, на якім была створаная Вуніяцкая царква. З’яўленне такога архіўнага зборніка доказна абвяргала цверджанні пра адвечную прыналежнасць Літвы-Беларусі да «русского мира». Царская цэнзура спыніла публікацыю «Беларускага архіва». Толькі пры канцы ХХ стагоддзя знайшлася і была надрукаваная праца Грыгаровіча «Беларуская іерархія». Яна ўзбагаціла сучасных гісторыкаў шматлікімі звесткамі з мінулага праваслаўнай царквы.
Вялікая ўвага надавалася айчыннай гісторыі ў Слуцкай гімназіі. Яе выпускнік Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч стаў каталіцкім арцыбіскупам і мітрапалітам, але, нягледзячы на шматлікія царкоўныя клопаты, усё жыццё цікавіўся беларускай даўніной. Ён спачуваў паўстанню Тадэвуша Касцюшкі, разглядаў у сваіх працах паходжанне беларусаў, напісаў кнігу «Гісторыя сарматаў і славян».
Магілёвец Міхал Без-Карніловіч быў генералам і кіраваў некалькімі тапаграфічнымі экспедыцыямі па беларускіх губернях. У выніку нарадзілася кніга «Гістарычныя звесткі пра знакамітыя мясціны ў Беларусі». Яна зрабіла аўтара вядомым гісторыкам, краязнаўцам і этнографам. Без-Карніловіч з гонарам пісаў пра створанае крывічамі магутнае Полацкае княства і яго паспяховае змаганне з наступам крыжакоў. Ён вызначыў месца – берагі Валовай азярыны, – дзе ў дахрысціянскім Полацку знаходзілася галоўнае паганскае капішча. І сёння з вялікай цікавасцю чытаюцца сабраныя гэтым гісторыкам звесткі пра беларускія гарады і мястэчкі Магілёў, Віцебск, Воршу, Мсціслаў, Друцк, Копысь, Лукомль,Чарэю, Себеж, Невель, Люцын.
Без-Карніловіч даў дасціпныя апісанні характару нацыянальных мяншыняў краю, аднак найперш – саміх беларусаў. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ён пісаў: «Ад беларуса ўсяго можна дабіцца справядлівасцю, памяркоўнасцю і ласкай. Ён верны і ўдзячны за дабро, ды пры гэтым не стрывае ўчыненай яму несправядлівасці. Нашчадкі крывічоў шчырыя і дасюль захавалі мову, народнае адзенне і звычаі даўніх пакаленняў».

Павел Шпілеўскі

Беларускімі паданнямі пра пярэваратняў-ваўкалакаў, пра зачараваныя скарбы і змаганне асілкаў з лютымі цмокамі з дзяцінства цікавіўся будучы этнограф, фалькларыст і пісьменнік Павел Шпілеўскі. Ён нарадзіўся на Бабруйшчыне, але вучыўся і значную частку жыцця правёў у Пецярбурзе. Там пад адметным псеўданімам – Драўлянскі – і сапраўдным прозвішчам выходзілі ў свет яго шматлікія этнаграфічныя і гістарычныя публікацыі: «Беларускія народныя паданні», «Даследаванне пра ваўкалакаў», «Беларускія прымаўкі», «Вясельныя абрады», «Беларусь у фантастычных яе казках», «Пасольства Льва Сапегі ў Масковію».
Беларусаў гэты вучоны лічыў «найстаражытнейшым народам у славянскім свеце».
Шматлікія чытачы і сёння маюць літаратурна-краязнаўчыя нарысы Шпілеўскага, аб’яднаныя ў кнігу «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі».

Вандроўнік Даленга

У першай чвэрці ХІХ стагоддзя у многіх беларускіх гарадах і паселішчах адбываліся раскопкі, якімі кіраваў высокі, вастроносы, нязменна засяроджаны чалавек адразу з некалькімі нататнікамі ў кішэнях. Ён заўсёды гатовы быў прачытаць гістарычную лекцыю цікаўным мясцовым жыхарам. Гэтага археолага звалі Зарыян Даленга-Хадакоўскі.
Амаль ніхто не ведаў, што яго сапраўднае імя – Адам Чарноцкі. Шляхціча Чарноцкага за сімпатыі да Напалеона здалі ў салдаты. З войска ён ўцёк да французаў разам з планам Бабруйскай фартэцы. Потым, развітаўшыся з няспраўджанымі надзеямі на аднаўленне Вялікага Княства, Адам і змушаны быў памяняць імя і прозвішча.
Даленга-Хадакоўскі шмат вандраваў: збіраў старадаўнія рэчы, запісваў народныя звычаі, песні і казкі, загадкі і замовы. У 1818 годзе ён упершыню атрымаў ад Віленскага ўніверсітэта дазвол на раскопкі ў Літве-Беларусі і правёў паспяховыя археалагічныя росшукі ў Полацку, Тураве, Віцебску, наваколлі Берасця, Магілёва, Гомеля, Бабруйска. Зарыян удакладніў межы рассялення крывічоў і месца векапомнай бітвы на Нямізе. Яго цікавілі даўнейшыя гандлёвыя шляхі па Дзвіне, Дняпры, Нёмане, Бярэзіне. Дваццаць істотных памылак ён выявіў у «Гісторыі дзяржавы Расейскай» Мікалая Карамзіна.
Зарыян Даленга-Хадакоўскі пакінуў наступнікам гістарычна-геаграфічны і астранамічна-батанічна-заалагічны слоўнікі, зборнікі беларускіх песняў і міфаў, запісы прыказак і прымавак. Мы называем яго адным з першых айчынных гісторыкаў, археолагаў і этнографаў. Ягоныя даследаванні сталіся ўзорам для цэлага шэрагу славутых вучоных: чэха Паўла Шафарыка, паляка Лукаша Галамбёўскага, расейца Ізмаіла Сразнеўскага. Сваім настаўнікам лічылі Зарыяна Даленгу і прадаўжальнікі ягонае справы ў Беларусі браты Канстанцін і Яўстах Тышкевічы.

Графы Тышкевічы

Беларускія арыстакраты Тышкевічы здаўна валодалі мястэчкам Лагойск. Граф Пій Тышкевіч, які пражыў 102 гады, збудаваў там на пачатку ХІХ стагоддзя прыгожы двухпавярховы палац. У Лагойску ён адчыніў палатняна-папяровую мануфактуру. Часта запрашаў да сябе гасцей на балі ды канцэрты, бо цудоўна граў на скрыпцы.
Пія любілі за гасціннасць, хоць сёй-той лічыў графа дзіваком, таму што мацней за гаспадарчыя клопаты яго вабілі справы даўно мінулых дзён. Гаспадар лагойскага палаца пісаў хроніку свайго роду і старанна парадкаваў яго архіў. У палацавых пакоях на сценах былі развешаныя панцыры і кальчугі, мячы, дзіды і арбалеты. Граф ганарыўся нумізматычнай калекцыяй з 1150 манет і медалёў, рэдкімі знаходкамі з антычных гарадоў Пампеяў і Геркуланума, што загінулі ад вывяржэння вулкана Везувія. Пій мог на цэлы дзень зачыніцца ў палацавай бібліятэцы з даўнім рукапісам. На пытанні родзічаў, што ён шукае ў старасвеччыне, дасціпна адказваў: «Заўтрашні дзень».
Цікавасць да гісторыі ад бацькі перайшла сынам. Старэйшы, Канстанцін, вучыўся ў Полацкі езуіцкім калегіюме і Віленскім універсітэце. Малодшы, Яўстах, скончыў Менскую гімназію. Яе выхаванцам маглі б пазайздросціць па ўзроўні адукацыі і некаторыя выпускнікі ўніверсітэтаў.
Братоў Тышкевічаў найбольш вабіла археалогія. Канстанцін даследаваў болей за 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў у Менскай і Віленскай губернях. Ён правёў экспедыцыю па рацэ Вілія (Вялля) і выдаў краязнаўчую кнігу «Вілія і яе берагі». Яўстах раскопваў археалагічныя помнікі ў Менску, Крэве, Гальшанах, Міры, Слуцку, Лідзе, Заслаўі. Для тых росшукаў, апрача немалых грошай, патрэбна была і асабістая мужнасць: мясцовыя жыхары лічылі загадкавыя капцы-курганы недатыкальнымі і часта ставіліся да археолагаў з непрыхаванай варожасцю.
Каб пазнаёміцца з досведам замежных калегаў, Яўстах выпраўляўся ў Швецыю, Данію і Фінляндыю. Там у архіўных сховішчах ён адшукаў шмат памятак беларускай гісторыі.
У 1842-м браты-археолагі на аснове папоўненых імі бацькавых калекцый стварылі ў Лагойскім палацы першы ў краі музей старажытнасцяў. Гасцей сустракалі там партрэты дванаццаці пакаленняў роду Тышкевічаў. Ганаровае месца займаў жывапісны партрэт графа Пія, замоўлены ў мастака Яна Дамеля.
Побач з граматамі і картамі эпохі Вялікага Княства Літоўскага ў лагойскім музеі былі выстаўлены багатыя археалагічныя зборы, зброя – ад старадаўніх гарматаў і ручніцаў да цэлага арсенала часоў вайны 1812 года, беларускія ручнікі і абрусы… Да ўнікальных экспанатаў, ад якіх не адмовіўся б любы музей Еўропы, належалі два мячы з мініяцюрнымі партрэтамі вялікага князя і караля Сцяпана Батуры, шпага цара Пятра І, творы італьянскіх мастакоў фларэнтыйскай школы.

Віленскі музей старажытнасцяў

Браты Тышкевічы мелі далёкасяжныя планы. Яны перавезлі частку лагойскіх экспанатаў у Вільню і дамагліся ад уладаў дазволу заснаваць Віленскі музей старажытнасцяў. Той красавіцкі дзень 1856 года, калі ў самай вялікай зале былога ўніверсітэта адчыніў дзверы новы музей, Яўстах і Канстанцін называлі адным з найшчаслівейшых дзён жыцця.
Заснавальнікі музея паставілі мэту стварыць у ім атмасферу ўрачыстасці і велічы айчыннай даўніны. На ўваходзе віселі харугвы з гербамі Вільні, Горадні, Менска, Віцебска, Полацка, Магілёва. Наведнікаў віталі мармуровыя бюсты знаных продкаў – вялікіх князёў, ваяводаў, палітыкаў. Ва ўрачыстай прамове Яўстах Тышкевіч (ён быў галоўным аўтарам экспазіцыі) казаў, што музей павінен «як у люстэрку, даць адбітак жыцця народа на кожным этапе яго шляху». Гісторык з удзячнасцю ўзгадаў тых, хто ахвяраваў музею свае прыватныя скарбы, сярод якіх быў асобнік Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Усім тромстам запрошаным на ўрачыстасць гасцям уручылі напісаны з гэтай нагоды верш Уладзіслава Сыракомлі.
Музей у Вільні меў дванаццаць тысяч эспанатаў і адпавядаў дасягненням музейнай справы Еўропы. Улады дазволілі, каб экспазіцыя была адчыненая для ўсіх ахвотных усяго два разы на тыдзень па чатыры гадзіны. Але музей хутка набываў папулярнасць, і за першыя два месяцы ў ім пабывалі чатыры тысячы віленцаў і прыезджых. Наведнікі падоўгу затрымліваліся перад партрэтамі знакамітых асобаў з арыстакратычных родаў Радзівілаў, Хадкевічаў, Сапегаў, Храптовічаў, Тышкевічаў. Навукоўцаў і ўсіх аматараў гісторыі вабілі калекцыі геаграфічных карт і атласаў, рукапісаў і старадрукаў, аўтографаў гістарычных дзеячаў. Захапленне выкліка́лі слуцкія паясы, манетныя скарбы і зброя розных стагоддзяў. У археалагічным аддзеле ўвагу спынялі каменныя паганскія стоды (ідалы) са Случчыны, гарматныя ядры з Менскага замка, пячатка з Крэва, кальчуга са славянскімі пісьмёнамі з Воршы.
Сваімі поглядамі супрацоўнікі музея і археалагічнай камісіі былі блізкія да змагароў 1863 года, ды і сама экспазіцыя нараджала патрыятычныя настроі. Расправіўшыся з паўстанцамі, генерал-губернатар Мураўёў-Вешальнік загадаў Віленскую археалагічную камісію зачыніць, а музей – прыстасаваць для паказу «живых свидетельств исконной русской жизни здешнего края». Найбольш каштоўныя экспанаты адправілі ў Маскву. Цяпер у Гістарычным музеі Расіі выстаўленая, да прыкладу, старажытная аршанская кальчуга, якой ганарыліся браты Тышкевічы.
Каланізатары знішчылі дзівосны свет беларускай даўніны, куды траплялі наведнікі віленскага музея. Улады добра разумелі магутную сілу гістарычнай памяці.

Тодар Нарбут

На землях былога Вялікага Княства аўтарытэтным было імя яшчэ аднаго гісторыка і археолага – выпускніка Віленскага ўніверсітэта Тодара Нарбута. У 1812 годзе ён разам з усёй ліцвінскай шляхтай чакаў прыходу Напалеона як збаўлення ад чужынскай улады. Нарбут меў вайсковы і інжынерны досвед і валодаў дзевяццю еўрапейскімі мовамі. Імператар Францыі высока ацаніў веды патрыёта-ліцвіна. Той выконваў адказныя заданні ў сувязях Часовага ўрада адроджанага Вялікага Княства з французскімі ўладамі. Пасля адступлення напалеонаўскіх войскаў Тодар хаваўся ад пераследу, але ўсё жыццё зберагаў у скураным куфэрку свой французскі мундзір, называючы яго «старым прыяцелем».

Тодар Нарбут 

Тодар Нарбут 

Тодар Нарбут праводзіў раскопкі курганнных пахаванняў, вывучаў Лідскі і Наваградскі замкі, міфалогію і фальклор. Ён надрукаваў помнік айчыннага летапісання – «Хроніку Быхаўца» – і стаў аўтарам дзевяцітомнай «Гісторыі», давёўшы разгляд падзей да Люблінскай вуніі.
Калі Беларусь-Літва зноў узнялася за волю ў 1831-м, адстаўны капітан-інжынер Нарбут намаляваў для паўстанцаў некалькі планаў Вільні і наладзіў ліццё гарматаў. Сыны гісторыка – Людвік і Баляслаў – сталі камандзірамі паўстанцкіх аддзелаў у 1863 годзе.

Нястомны Адам Кіркор

Жыхары краю ў другой палове ХІХ стагоддзя зачытваліся публікацыямі гісторыка, археолага і этнографа Адама Ганорыя Кіркора. Сябры называлі яго «працавітым мурашом», які дзень пры дні аднаўляе айчынную даўніну. Кіркору дапамагала тое, што ён меў літаратурныя здольнасці, быў выдаўцом і ўладальнікам друкарні. У «Віленскіх зборніках», «Памятных кніжках Віленскай губерні», у газеце «Віленскі веснік», якую сам рэдагаваў, Кіркор таленавіта паказваў скарбы беларускай культуры, асаблівасці нашай мовы і нацыянальнага характару.
Нястомны Кіркор вывучыў блізу 1000 курганоў па ўсёй Беларусі. Свае археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі ён ахвяраваў Віленскаму музею старажытнасцяў.

Адам Кіркор

Адам Кіркор

Галоўны вынік вандровак і росшукаў Адама Кіркора – ягоныя працы «Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе». У 1882 годзе яны выйшлі асобным важкім томам у папулярнай серыі «Маляўнічая Расея». Літоўскім Палессем гісторык называў Віленскую, Гарадзенскую і Ковенскую губерні, а Беларускім – Віцебскую, Магілёўскую, Менскую і Смаленскую. Чытачы атрымалі два дзясяткі добра ілюстраваных нарысаў, прысвечаных гісторыі, народным звычаям і традыцыям, побыту і гаспадарчаму жыццю, а таксама прыродзе колішніх земляў Вялікага Княства Літоўскага.
У той час беларуская мова ў кнігадруку была пад забаронай, таму Кіркор пісаў свае працы па-польску або па-расейску, аднак усе яны былі прасякнутыя гонарам за слаўнае мінулае свайго народа і вераю ў яго духоўныя сілы.

Гісторык Прыдзвіння

Увесь Віцебск ведаў высокую постаць і адметныя вусы Аляксея Сапунова. Абараніўшы дыплом гістарычна-філалагічнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, ён выкладаў лацінскую і грэцкую мовы ў Віцебскай гімназіі. Але павагу яму прынесла найперш не педагагічнае майстрства, а бліскучая дасведчанасць у гісторыі Прыдзвіння. Сапуноў узнёсла пісаў, што менавіта ў хвалях Дзвіны нараджалася беларуская гісторыя.
З-пад пяра гісторыка і краязнаўца выйшлі працы «Полацкі Сафійскі сабор», «Дзвінскія, або Барысавы камяні», «Помнікі часоў старажытных і найноўшых у Віцебскай губерні», «Універсітэт у Полацку» (пра гісторыю Полацкай акадэміі). Кнігу Аляксея Сапунова «Рака Заходняя Дзвіна» можна назваць тагачасным бестсэлерам, які і сёння чытаецца з захапленнем.
Гэтая кніга падае́ безліч гістарычных, геаграфічных, прыродных цікавостак. Да прыкладу, аўтар падрабязна апісвае рыбу, што вялася ў Дзвіне і яе прытоках, спосабы рыбнай лоўлі і звязаныя з гэтым заняткам легенды, паданні і прыкметы. Дзвінскія самы́ ў тыя часы сваімі памерамі і паводзінамі нечым нагадвалі акулаў і маглі пацягнуць неабачлівага купальніка на дно. Шчупакі дасягалі пудовай вагі, а лавілі іх, апрача вядомых сёння снасцяў, шастамі з пятлёй. У наваколлі Полацка ў Дзвіне сустракаліся ласосі. Даўней у нізавінах ракі іх было столькі, што, наймаючыся на службу, работнікі ў дамове з гаспадаром прасілі, каб болей двух разоў на тыдзень іх ласосямі не кармілі. Асобны раздзел кнігі прысвячаўся тэме «Дзвіна ў паэзіі».
Самай буйной і значнай працаю Сапунова сталі тры тамы сабраных ім дакументаў пад назваю «Віцебская даўніна». Там змешчаныя Віцебскі летапіс, урыўкі з айчынных хронік, граматы полацкіх і віцебскіх князёў, прывілеі на магдэбургскае права, матэрыялы 1812 года. Шмат старонак «Віцебскай даўніны» апавядаюць пра войны Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай з Масковіяй. Яны вельмі абгрунтавана паказваюць захопніцкую палітыку цароў Івана Жахлівага і Аляксея Міхайлавіча. «Віцебскую даўніну» аздаблялі партрэты гістарычных асобаў, малюнкі архітэктурных помнікаў, карты.
Аляксей Сапуноў актыўна спрычыніўся да стварэння Віцебскага археалагічнага музея і Віцебскай архіўнай камісіі. Ён ствараў у родным горадзе аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута і потым чытаў там лекцыі. Студэнты любілі жывыя расповеды выкладчыка пра яго гімназічнае і студэнцкае юнацтва. Напрыклад, пра тое, што ў гімназіі Сапуноў любіў запускаць паветраных змеяў. Майстравалі іх са старых папераў з пячаткамі, сцягнутых гімназістамі з царкоўнага архіва, дзверы якога не зачыняліся на замок. Гісторык скрушліва казаў, што такім чынам на вецер бяздумна пусцілі безліч гістарычных дакументаў. Ён вучыў студэнтаў берагчы кожнае сведчанне даўніны.

Насуперак замовам каланізатараў

Імперская навука імкнулася ўсяляк давесці, што Беларусь – спрадвечная частка царскай імперыі, а беларусы – заходняя галіна «русского племени». Гэтай мэце павінен быў служыць створаны ў Вільні неўзабаве пасля паўстання 1863 года Паўночна-Заходні аддзел Расейскага геаграфічнага таварыства. Ягонымі супрацоўнікамі былі этнографы-беларусы Павел Шэйн, Юллян Крачкоўскі, Еўдакім Раманаў. Але яны кіраваліся не замовамі чынавенства, а сумленна даследвалі мову, фальклор, звычаі і абрады народа.
Шэйн сабраў у зборніку «Беларускія народныя песні» звыш тысячы разнастайных твораў. Крачкоўскі ўпершыню глыбока заняўся сямейнымі, каляндарнымі і сельскагаспадарчымі абрадамі беларусаў. Ён адкрываў свету беларускія традыцыі выхавання дзяцей і фальклорныя скарбы нашага вяселля, здабыткі народнай кулінарыі і медыцыны. Еўдакім Раманаў выдаў дзевяць кніг свайго «Беларускага зборніка», сапраўднай энцыклапедыі побыту і культуры.

Мітрафан Доўнар-Запольскі

Мітрафан нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. Ён з дзіцячых гадоў вылучаўся захапленнем гісторыяй і наогул шырокім светапоглядам. З восьмага класа кіеўскай гімназіі Доўнар-Запольскага адлічылі за чытанне кніг «злачыннага зместу». Такімі страшнымі для ўладаў кнігамі былі прызнаныя, напрыклад, паэмы Тараса Шаўчэнкі. Будучы на падазрэнні ў паліцыі, юнак, тым не менш, здолеў здаць гімназічныя экзамены экстэрнам і паступіць на гістарычна-філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта.
У 1888-м, усяго ў дваццаць адзін год, Мітрафан надрукаваў нарыс «Беларускае мінулае». Там ён стварыў канцэпцыю гістарычнага развіцця беларускага народа. Малады гісторык заявіў пра неабходнасць нацыянальнага адраджэння беларусаў, якія павінны заняць раўнапраўнае месца ў сям’і народаў Еўропы.
Неўзабаве з’явілася першая буйная праца Доўнар-Запольскага – «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца ХІІ стагоддзя». Ён апублікаваў дзясяткі артыкулаў, дзе разглядаў самыя розныя перыяды і падзеі айчыннай гісторыі ад старажытных беларускіх княстваў да ўздыму Вялікага Княства Літоўскага ў часы Вітаўта і ягоных наступнікаў. Дзякуючы Доўнар-Запольскаму быў надрукаваны Баркулабаўскі летапіс ХVІІ стагоддзя. Вялікую каштоўнасць маюць і ягоныя этнаграфічныя публікацыі пра беларускае стаўленне да зямлі, пра нашыя святы, вяселле, шлюб і сямейныя звычаі…
Доўнар-Запольскі імкнуўся аб’яднаць калегаў – беларускіх гісторыкаў у навуковую супольнасць. Ён марыў пра нацыянальны Беларускі ўніверсітэт.
На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў Мітрафан Доўнар-Запольскі сказаў пра беларусаў прарочыя словы: «Народ, які меў сваю дзяржаву, мусіць мець яе зноў».