«Беларусь, якая чакае». Коласаўскія сцяжынкі
На пачатку вясны мы наведвалі радзіму Янкі Купалы, і было б зусім непаважна не завітаць на радзіму яшчэ аднаго нашага выбітнага паэта — Якуба Коласа. Тым больш што пасля вандроўкі па Вязынцы нашыя чытачы адзін за адным прапаноўвалі нам шпацыр па коласаўскіх мясцінах. Выконваем іх просьбу і выпраўляемся ў падарожжа на Стаўпеччыну.
Пачнём з наведвання дома, дзе нарадзіўся славуты паэт. Мемарыяльны комплекс у Акінчыцах абмінуць немагчыма, бо ён стаіць ля дарогі на Мікалаеўшчыну, і менавіта тут можна спланаваць далейшы маршрут. Аўтэнтычныя будынкі з цягам часу не захаваліся, сядзіба «Акінчыцы», якую мы бачым сёння, была адбудавана да стагоддзя з дня народзінаў Якуба Коласа.
У Акінчыцах, якія цяпер уваходзяць у мяжу Стоўбцаў, сям’я Міцкевічаў жыла троху больш за тры гады і праз нейкі час пасля нараджэння маленькага Костуся (так яго звалі дома) пераехала ў Ласток. Таму акінчыцкая сядзіба — гэта хутчэй музей сялянскага тагачаснага побыту. Большасць экспанатаў, як сцвярджаюць супрацоўнікі музея — аўтэнтычныя і сабраныя па навакольных вёсках. А вось сечкарэзка ўвогуле зроблена асабіста дзядзькам Якуба Коласа — Антосем. Мы яшчэ ўбачым ягоныя вырабы.
Адзначым вельмі гасцінны персанал музея, які адкажа на любыя пытанні і літаральна за руку правядзе вас паўсюль. Пакідаючы Акінчыцы, не забудзьцеся развітацца з сям’ёй буслоў на дрэве побач са стаянкай.
Наступная кропка нашага падарожжа — Ласток. Ён знаходзіцца трошкі ўбаку ад астатніх коласаўскіх мясцін, добрая частка дарогі да яго вядзе праз лес, і шмат хто не рызыкуе сваім транспартам. Але ж мы адразу адкінулі сумневы — ну як можна не пабачыць на свае вочы месца, дзе малы Костусь Міцкевіч рабіў першыя крокі па роднай зямлі, якое згадваў і ў «Новай зямлі», і ў «Грушах-сапежанках»! Тым больш што толькі ў Ластку захаваліся сапраўдныя тагачасныя будынкі дома і гумна!
Бацька Коласа быў палясоўшчыкам, і менавіта з гэтай нагоды сям’я даволі часта мяняла месца жыхарства. У Ластку сапраўдная сядзіба лесніка, з усіх бакоў да якой падступае лес. Ліпеньскі водар розных траў, пах сасновага бору, птушынае рознагалоссе і чысцюткі блакіт неба — такога спакою мы не адчувалі ўжо вельмі даўно. Чалавеку, жыццёвы шлях якога пачаўся ў такім месцы, проста наканавана было стаць паэтам. Так што вельмі раім вам туды даехаць, тым больш што і дарога ў цалкам здавальняючым стане, ага!
У 1890 годзе сям’я Міцкевічаў пераязджае ў Альбуць. Тут Костусь навучыцца чытаць, тут абудзіцца цікавасць да літаратуры і менавіта тут на свет з’явяцца ягоныя першыя вершы. Парэчча ў паэме «Новая Зямля» — не што іншае як Альбуць. Заблукаць немагчыма — паварот на Альбуць добра бачны з шашы, а ўздоўж лясной дарогі шматлікія персанажы твораў Якуба Коласа пільна сочаць, каб мы дакладна даехалі да сваёй мэты.
Па плошчы Альбуць большая за Ласток, але тагачасныя будынкі сядзібы таксама не захаваліся і былі адноўлены ў нашы часы. Адсюль малады Костусь хадзіў у Мікалаеўшчынскую народную вучэльню, працаваў па гаспадарцы, рыхтаваўся да вучобы ў настаўніцкай семінарыі і, канечне, шмат чытаў. У Альбуці юны Костусь склаў першую байку «Варона ды лісіца» і першы свой верш «Вясна».
Як мы ўжо прыгадвалі, аўтэнтычныя будынкі не дажылі да нашых часоў, але некаторыя дрэвы ў навакольным лесе дакладна памятаюць крокі і голас маладога Костуся. Прырода на радзіме паэта надзвычай прыгожая, і нездарма ў 1972 годзе гэтыя мясціны ўвайшлі ў «Коласаўскі заказнік», які адмыслова быў створаны для аховы месцаў, звязаных з жыццём Коласа.
Зусім побач з Альбуццю знаходзіцца Смольня. Тут жылі сваякі Якуба Коласа — брат бацькі (той самы дзядзька Антось) з жонкай. Менавіта дзядзька Антось зацікавіў юнага Костуся літаратурай, і менавіта тут малады Колас бавіў шмат часу. У Смольні ён працаваў над «Новай зямлёй» і «Сымонам-музыкам». Смольню паэт наведваў даволі часта (апошні раз літаральна за некалькі тыдняў да сваёй смерці), шмат часу жыў тут.
У жніўні 1912 года ў Смольню да Коласа прыехаў Янка Купала, і менавіта тут пачалося іх сяброўства на ўсё жыццё.
У Смольні таксама вельмі цікавы музей у хаце дзядзькі Антося, дзе сабрана шмат рэчаў сялянскага побыту тых часоў. А некаторыя з іх, як сцвярджаюць супрацоўнікі музея, зроблены самім дзядзькам Антосем. Вельмі рукасты быў чалавек!
Ніяк нельга абмінуць і літаратурны музей нашага славутага паэта. У экспазіцыі сабрана шмат унікальных рэчаў, фотаздымкі, лісты паэта, рэдкія выданні ягоных твораў як на беларускай, так і на іншых мовах свету. Абавязковы для наведвання!
На гэтым наша чарговае падарожжа мусіла б і скончыцца, але ж нельга так вось проста сесці і паехаць адсюль, не паглядзеўшы яшчэ трошкі на цудоўную прыгажосць коласаўскага краю. Адразу ўспамінаецца:
«Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю...»
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.