Беларусь, якая чакае — літаратурная. Па што дагэтуль ідзе воўча?

Мы аднаўляем цыкл літаратурных фотавандровак пасля летняга перапынку. Сёння даследуем месцы аднаго з самых цікавых твораў беларускай сучаснай літаратуры, дзеянне якога адбываецца цягам усяго мінулага стагоддзя і працягваецца ў цяперашні час. «Па што ідзеш, воўча?» — паспрабуем знайсці адказ і адшукаць Белы Слуп.

Месца дзеяння «балотнай казкі», як пазначае жанр сваёй аповесці Святлана Курс (Ева Вежнавец), невідавочнае і шмат у чым зборнае, але па розных дэталях жыцця герояў аповесці даволі дакладна можна акрэсліць геаграфію падзей і на свае вочы ўбачыць тыя прыгожыя мясціны. Менавіта гэтыя сцяжынкі і галінкі ведалі як сябе старыя Адзамічыха і Гарвата, па іх уцякалі ад «багалеўцаў», немцаў і палякаў мясцовыя габрэі падчас жудасных падзей «рэвалюцыйных» і ваенных часоў. Сёння тут нічога не нагадвае пра тыя падзеі, але пасля прачытання твора лес бачыцца неяк так...

Крочым па лесе і заўважаем нешта падобнае на хутар — магчыма, ён і ёсць правобраз Арэдэбера ці Западэра, а можа, і таямнічага Бестрыкса з ягоным паўзучым каменем. 

У Наўгальнае трапляем праз «добрую дарогу», як сказала б Рына. Неяк не адважыліся шукаць «серпавы» шлях, бо мы ж не Дарошка і нават не Рына, якія добра ведаюць усе гэтыя сцяжынкі. Некалькі двароў і хат выглядаюць добра, нешматлікія вяскоўцы трохі падазрона глядзяць на новых людзей, стрымана вітаюцца і цішком назіраюць — «каго тут воўча да нас завёў?». Мы ўвесь час адчувалі на сабе ціхія і досыць пільныя позіркі, нібыта малая Рына ў лесе. Магчыма, не толькі жыхароў, але і нейкіх «вартаўнікоў» гэтага ціхага месца.

Дагледжаныя хаты праз адну-дзве мяжуюць з закінутымі, якія пакуль яшчэ неяк трымаюцца і старанна супрацьстаяць часу і абыякавасці. Недзе тут жылі Танька Залатая Страказа, Статкевічы, Корбуты. Дзіўна бачыць старую хату і міжволі атаясамліваць яе з персанажамі кнігі. Вельмі раім выпрабаваць на сабе гэтыя трапяткія, вокамгненныя пачуцці, калі ты на долі секунды нібыта правальваешся ў багну часу і адчуваеш сябе назіральнікам падзей «анлайн», як зараз модна казаць. 

А вось міма гэтага разбуранага дома мы прайсці, канешне, ніяк не маглі — настолькі моцнае перакліканне з падзеямі кнігі ён выклікае. Нібыта мы апынуліся ў мінулым падчас страшэнных габрэйскіх пагромаў і жудасных злачынстваў таго часу, калі знішчалі людзей цэлымі сем’ямі. Прыгадваюцца і Тэма з Оркам, якія цудам выратаваліся, і безыменныя «тры дзевачкі-жыдовачкі» ні пра што забітыя ля Сярэдзібара, і мноства іншых пакутнікаў. Утрая горш, што шматлікія нашчадкі «багалеўцаў», Андрыяшавых сыноў і Лазевулькіна дагэтуль зацята і бессаромна працягваюць баляваць на нашай зямлі.

Завітваем у школу, у якой таксама разгортваліся гарачыя падзеі падчас Рынінага дзяцінства і юнацтва. Прыгадваецца і смелы Рынін скок з акна, і юнацкія стасункі з Алоўнікавым (яны яшчэ будуць мець нечаканы працяг, так), і здраду лепшай сяброўкі. На жаль, школа цяпер стаіць закінутая і патроху разбураецца — відаць, нешматлікіх вучняў прасцей вазіць у райцэнтр. Шкада, бо будынак школы зусім нестары і можа яшчэ паслужыць. Але каму ён тут зараз патрэбны...

Лепшая Рыніна сяброўка Наташа «жыла ў двухпавярховым «шангаі» на восем кватэр». Цікава, як бы ў той час называліся сучасныя «чалавейнікі» на некалькі дзясяткаў, а то і соцень кватэр? Зараз гэтыя «шангаі» маюць таксама не вельмі прыемны выгляд, але нейкія жыхары тут усё ж застаюцца.

Для кагосьці гэта, можа, драбяза, але нам падаецца, што ўспамін аб двух камянях на пачатку аповесці дастаткова важны — гэта клятвенны камень з крыніцы Белы Слуп і згаданы ўжо намі паўзучы камень з Бестрыкса. «Не будзе жызьні, пакуль іх назад не пакладуць. Гэты во павінен ляжаць ля Бестрыкса, дзе старая ігруша і склеп, а другі — там дзе яму паложана, ля крыніцы. І пакуль яны тут ляжаць, папэцканыя вашым г@ном, толку не будзе», — так казала старая шаптуха Дарфея. Можна колькі заўгодна называць гэта цемрашальствам і сялянскімі забабонамі, але пакуль час сведчыць зусім адваротнае. А падобных камянёў, насамрэч, тут шмат.

А мы накіроўваемся ў Ліпень — абавязкова трэба наведаць месца, дзе калісьці стаяла сінагога, апошнім рабінам якой быў знакаміты Машэ (Мошэ Файнштэйн). Машэ ў кнізе ледзь не забіў канваір Лазевулькін, спаліў усе ягоныя паперы. У 1936 годзе Мошэ Файнштэйн быў прызнаны духоўным лідарам артадаксальнага яўрэйства ўсяго свету, аб чым і сведчыць мемарыяльная дошка на былым будынку сінагогі.

Цэнтральная плошча Ліпеня ў асноўным складаецца з адміністрацыйных будынкаў і доўгай раённай Дошкі гонару. «Дошка ўвенчаная гербам. На ім — дзве залатыя птушкі арос з чорнай галавой на залатым трыснягу. Тло — блакітнае, што азначае багацце краю — рэкі, балоты і азёры. Ніз чырвоны — колер Алелькавічаў, ніз залаты — колер Радзівілаў. Даў бы мне хто волю, я б зрабіла тут чорна-чырвоны герб, як балота і кроў». Дадаць тут, насамрэч, няма чаго.

Наша падарожжа падыходзіць да заканчэння, і мы вельмі спадзяемся, што тыя, хто пакуль яшчэ не прачытаў гэты твор, зацікавіліся і ў бліжэйшы час гэта зробяць. Моцны і захапляльны змест заглынае чытача адразу і не адпускае да апошніх радкоў, а незвычайна мілагучная мова ад яе спрадвечнага носьбіта сапраўды як музыка — часам здаецца, што чуеш голас старой Дарфеі, якая асабіста сама распавядае нам пра сваё жыццё. Чытаем сваё, сябры! А мы, ужо традыцыйна, яшчэ пашпацыруем па прыгожай восеньскай Ліпеньшчыне. І так, мы амаль знайшлі Белы Слуп!


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.