Беларусь, якая чакае. Жнівеньскія вандроўкі. Частка ІІ
Развітваемся з летам-2023 у чарговай вандроўцы! У мінулай частцы мы сустрэлі некалькі цікавостак, аб якіх раней амаль нічога не ведалі. Пасля кароткага адпачынку працягваем падарожжа па родным краі з надзеяй на новыя адкрыцці. Паехалі!
Жнівеньскі ранак — найлепшы час для падарожжа. Ранішняя прахалода, яшчэ не пякельнае сонейка дасылае нам мяккае святло, рэдкія аўтамабілі на шашы і прыгожыя краявіды. За такімі спрыяльнымі для вандроўкі ўмовамі мы ледзьве не прапусцілі сапраўдны «дыямент», які на некалькі секунд паказаўся з-за дахаў вёскі і верхавінаў дрэваў!
З захапленнем збочваем з маршруту і наведваем вёску Крамяніца, першыя звесткі аб якой датуюцца XV стагоддзем. Вельмі прыгожы касцёл Святога Юр’я быў пабудаваны ў 1617-1620 гадах тагачасным уладальнікам Крамяніцы Мікалаем Вольскім — маршалкам ваўкавыскім і кашталянам віцебскім. А вось агароджа з натуральнага каменя з’явілася вакол касцёла ў ХІХ стагоддзі. Трэба адзначыць, што тэрыторыя вакол касцёла ў ідэальным стане, а скульптуры, лавачкі і асвятляльнікі выдатна ўпісваюцца ў ландшафт. У сам касцёл мы не трапілі, бо было вельмі нязручна турбаваць ксяндза ў такі ранні час, але ж будзе нагода вярнуцца.
І яшчэ адзін выдатны архітэктурна-культурны помнік Крамяніцы знаходзіцца літаральна праз дарогу ад касцёла. Гэта могілкі з каплічкай ХІХ стагоддзя, пабудаванай, як і агароджа тэрыторыі касцёла, з натуральнага каменя. Штогод у дзень Святога Юр’я тут адбываецца асобная служба. Дасведчанаму вандроўніку гэта месца можа прыгадаць Бернардзінскія могілкі ў Вільні — тыя ж пагоркі, дрэвы, атмасфера і дагледжанасць. Яшчэ раз зірнем на касцёл-прыгажун і зноўку ў дарогу!
Па дарозе на Масты абавязкова спыняемся за вёскай Вялікая Рагозніца, дзе стаіць адзін з лічаных касцёлаў нашай краіны, якія былі пабудаваны ў час падзелу Беларусі перад Другой сусветнай вайной. Касцёл Маці Божай Каралевы пабудаваны і кансэкраваны ў 1926 годзе. Можа падацца, што нічога цікавага ён з сябе не ўяўляе, але гэта не так. Касцёлы такога тыпу больш характэрныя для скандынаўскіх краінаў, а не для Беларусі, хаця праектаваў яго польскі архітэктар Рамуальд Гут. Строгі храм з каменя больш паходзіць на пратэстанцкую кірху, і менавіта гэтым касцёл Маці Божай Каралевы выклікае цікавасць у спецыялістаў і вандроўнікаў.
Наведаць Воўпу ў падарожжы па Гарадзеншчыне — гэта амаль абавязак кожнага сумленнага вандроўніка, бо менавіта тут знаходзіцца вядомы касцёл Святога Яна Хрысціцеля. Першы продак гэтага храму быў пабудаваны ажно ў 1477 годзе тагачасным уладальнікам маёнтка віленскім ваяводай Аляхно Судзімантовічам і ягонай жонкай Ядвігай. У XVII стагоддзі касцёл двойчы будуецца нанова — адзін раз пасля пажару — і ствараецца галоўны алтар. У 1773 годзе па ініцыятыве і пад фундатарствам ваўпянскага пробашча Юзэфа Касакоўскага быў пабудаваны новы драўляны касцёл у тым выглядзе, які мы сёння і бачым. Туды быў перанесены і алтар са старога храму.
Звонку можа падацца, што нічога асаблівага — касцёл як касцёл, сціпленькі такі. Але прыгадваем, што з 1773 года ён дайшоў да нас амаль у першапачатковым выглядзе. Яго не кранулі ані войны, ані рэвалюцыі, ані рознага кшталту «мадыфікацыі», абумоўленыя рознымі гістарычнымі падзеямі. А каб пераканацца ва ўнікальнасці гэтага храму, прапануем вам абавязкова зазірнуць унутр. Такога вы дакладна нідзе больш не ўбачыце — старажытны галоўны алтар пачатка XVII стагоддзя ў чорна-залатых колерах з рысамі ранняга барока.
А зараз проста ціха і павольна пройдземся па гэтым выбітным помніку нашай гісторыі і адчуем пах стагоддзяў. Неверагодна атмасфернае і натхняльнае месца!
Апошняя мэта нашай вандроўкі — вёска Шчэчыцы, на ўскрайку якой знаходзяцца рэшткі капліцы рода Ябланоўскіх XVII стагоддзя. Уладальнікамі сядзібы Яблонава, у якую ўваходзілі і Шчэчыцы, у розны час былі Сапегі, Эйсманты, Ябланоўскія. Сядзібу разбурылі падчас Першай сусветнай вайны, і больш нікому да яе справы не было.
Цяжка глядзець, як гіне такі незвычайны і прыгожы помнік. «На балансах нідзе не лічыцца, нікому не належыць», — звычайныя адказы чынавенства. Кажуць, што неаднойчы мясцовыя жыхары намагаліся расцягнуць капліцу на цэглу, але не здолелі выцягнуць амаль аніводнай цагліны.
Вось радкі з ліста 1928 году Томаша Лубеньскага, стрыечнага брата былых уладальнікаў сядзібы: «Засталася, аднак, на палацавым дзядзінцы капліца (...). Ёсць яна праўдзіваю цацкаю архітэктуры. Капліца гэтая памерам касцёла мае найчысцейшы стыль Людовіка XVI і магла бы быць упрыгожаннем галоўных вуліц Парыжа. Дах, па праўдзе, ёсць нікчэмным, і пасля пажару няма прыгожага ліхтара, які быў каронай над ранейшым дахам. Але сцены, тынкоўка і стыльныя карнізы знаходзяцца ў выдатным стане. Звонку капліца мае форму васьмікутніка, знутры ж форму грэчаскага крыжа, таму што ў чатырох кутах ёсць ложы з балконамі на двух паверхах. Капліца вельмі высокая і стройная (...)»
Дзіўна, але яна дагэтуль такая і ёсць.
Час вяртацца. Едзем дадому і развітваемся з летам, але ж восень таксама вельмі прыгожы і спрыяльны час для вандровак па роднай краіне. Заўсёды чакаем вашых прапановаў наконт месцаў, якія вы жадаеце пабачыць. Вандруем разам!
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.