Віктар Марціновіч: Старыя часопісы і іх будучыня

Лета, як ні парадаксальна, — час, калі большасць з нас сустракаецца з вельмі асаблівым варыянтам мінулага. Тым, што ўвасоблены ў ротапрынтных раманах Стругацкіх, часопісах «Знамя» і шэранькіх кніжачках падцэнзурнага Васіля Быкава ў перакладзе на рускую мову. Усе гэтыя скарбы месцяцца ў бабуліных хатах і матуліных лецішчах. Некалі іх завезлі туды зусім іншыя людзі, нашыя бацькі, у іншую эпоху, у іншай імперыі. Мы стасуемся з гэтымі кніжачкамі і бачым водбліск таго свету, у якім [як яны думалі] мы будзем жыць.



tarantino_by_2013_kultura_terpimosti_martinovich_4123.jpg

Вось часопіс «Новое время», жнівень 1992 года. «Такім чынам, Крымская вайна, выглядае, не адбудзецца, — піша Зміцер Трэнін. — Ялцінскае пагадненне прэзідэнтаў Расіі і Украіны адкрывае дарогу да ўрэгулявання крызіснай сітуацыі, што ўзнікла вакол Чарнаморскага флоту. З пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў абедзвюх краін, канфлікт праз флот, праз Крым з самага пачатку быў крайне нявыгадны і патэнцыйна вельмі небяспечны». На думку аўтара, канфлікт вычарпаны назаўсёды. Ха. Ха. Ха.

Вось нумар «Иностранной литературы» за 1987 год. Артыкул, прысвечаны гэтаму малавядомаму пісьменніку, Уладзіміру Набокаву. У аўтара крыху грэблівы тон. Аўтар робіць прароцкую выснову: такія раманы Набокава, як «Лаліта», «Дар», «Іншыя берагі» маюць шанец заняць сваё месца ў вечнасці, а «Ада, ці Полымя страсці» і «Паглядзі на арлекінаў» забудуцца. Бо яны занадта нагадваюць літаратуру для літаратуры. І вось ты чытаеш і разумееш: адтуль, з 1987 года, можна было пабачыць і такую версію будучыні: Набокаў заняў месца ў вечнасці толькі часткова, так бы мовіць, паловай сядалішча; найбольш вытанчанае з напісанага ім не прайшло высокага адбору савецкага густу. І добра ўяўляеш тую вечнасць. У ёй — Горкі, Хэмінгуэй, крыху Эліята, крыху Ахматавай. Ну і, канечне ж, Гайдар, Маякоўскі. У ёй няма Хлебнікава, Бродскага, Нагібіна, у ёй нічога не чулі пра Булгакава.

Я б хацеў сказаць болей пра беларускамоўную перыёдыку тых часоў. І я ведаю, што яна была, як ведаю (часцяком асабіста) тых, хто яе рабіў. Але раннія газеты і часопісы, тая «Свабода», «Наша Ніва», той цудоўны «Кур’ер» Ігара Герменчука былі забавай абраных. У маім коле, сярод уладароў лецішчаў, маёнткаў і фазэнд, на якіх бываю, гэтых падшывак не збераглося.

А вось сёмы нумар «Нового Мира» за 1992 год. Нехта Марк Ліпавецкі прэсуе тады яшчэ маладога і не аўтарытэтнага літаратурнага крытыка Вячыслава Курыцына за прапаганду скандальнага постмадэрнізму. У першым абзацы артыкула — тры тэарэтычныя памылкі, якія дэманструюць, што Марк Ліпавецкі не ведае пра постмадэрнізм нічога. Але савок яшчэ жывы, са слова «безыдэйнасць» яшчэ не навучыліся смяяцца.

І пры ўсёй гэтай атавістычнай стылявой савецкасці, пры выразах, за якія цяпер Сеціва раздзерла б на кавалкі — які антысавецкі пафас у кожным слове! У кожным радку! Першыя дзве страфы верша «Школа любви», якім адкрываецца восьмы нумар «Нового мира» за 1992-і: «Я родом оттуда, где серп опирался на молот, а разум на чудо, а вождь на бездумие стай». У кожным нумары любога савецкага перыядычнага выдання пачынаючы з 1988-га — Варлам Шаламаў, ГУЛАГ, Салжаніцын, «забойца Сталін», добры Захад, дрэнны савок. Вось, напрыклад, рэцэнзія Міхаіла Рошчына на «Кнігу аб смачнай і забытай ежы», прысвечанай кулінарным традыцыям эміграцыі. Белы рух, дарэвалюцыйныя традыцыі — усё гэта абагаўляецца. Мянты, пракуроры, тройкі, варанкі лопаюць крыламі ў кожным вершы, у кожным памфлеце.

Чытаеш, і узнікае пытанне. І куды ўсё гэта падзелася? Дзе яно цяпер? Як праз дваццаць пяць гадоў мы апынуліся зусім у іншым свеце? Не тым, які быў бачны адтуль, з 1990-х? Што з намі здарылася? І на якім этапе? Як Сталін зноўку стаўся іконай? Адкуль узяўся Кісялёў? Як ён анталагічна магчымы? І чаму абрэвіятура НКУС перастала быць лаянкай?

Але самае цікавае адбываецца калі капаеш яшчэ глыбей. Бярэш той жа «Новый мир» за 1980-ы. І раптам пазнаеш. Стыль, логіку і, скажам так, характар гонару за сябе і краіну. Пазнаеш размовы з тых серыялаў, якімі цяпер заліты расійскі (а разам з ім і беларускі) эфір. Пазнаеш тыя ж жартачкі, тую ж баязлівую сацыяльную сатыру, калі пра палітыку ўжо нельга (і даўно нельга), калі матам нельга (нядаўна, але таксама нельга), калі пра сэкс непажадана, бо хутка можа стаць нельга. Там выкрывалі алкагалізм, тут і цяпер выкрываюць наркаманію, сурагатнае бацькоўства (поўны спіс выкрыванняў можна пазнаць на праграме Малахава).

Яшчэ цікавей робіцца, калі бярэш у рукі часопіс «Навука і тэхніка» за 1980 год з асноўным артыкулам пра тое, як маскоўскія таксапаркі і іх кіроўцаў рыхтуюць да абслугоўвання Алімпіяды. І бачыш раўняком тую стылістыку, тыя інтанацыі, якія панавалі ў нас перад Чэмпіянатам свету, якія былі ў Расіі напярэдадні нядаўняй Алімпіяды. Роўна тое ж падазрэнне, што разам з турыстамі, наедзе ўсякай халеры, у тым ліку шпіёнаў. Роўна тыя ж сціплыя папярэджанні, што цэнтр горада для саміх жыхароў Масквы будзе закрыты. Ці пазнавальнае выпінанне брашуркамі з дваццаццю англамоўнымі выразамі, якія раздадзеныя шафёрам, ды бравада тым, што яны могуць сказаць «вэлкам» і «гуд бай»!

Пра мову раздзелаў «Міжнароднае жыццё» і «Палітыка» савецкіх часопісаў 1980-х не буду і згадваць — і так усё разумееце. Нават выразы тыя ж, хай сабе пра «піндосаў» і «ліберастаў» там пакуль не чулі.

А вось іншы бок таго ж самага. Зжаўцелы нумар часопіса The Economist. За жнівень 1981-га. На вокладцы — цана. Неверагодныя два з паловай даляры за 60 старонак танюткай паперы. На першай старонцы — жывапісная выява атамнага выбуху. І подпіс, па назве галоўнага артыкула: ”Don’t ban the bomb” — «Не забараняйце бомбу». І ў артыкуле гэтым знаходзім роўна тое, што цяпер кажуць пра Расію ў аналітычных праграмах на CNN ды BBC: яна можа напасці, яна можа напасці, нам патрэбная ядзерная бомба, каб нанесці ўдар у адказ! Рэдакцыя, зачараваная Рэйганам,  выкрывае пацыфістаў і тлумачыць, што ў скарачэнні ядзерных арсеналаў няма ніякага сэнсу, бо сіметрычнага адказу ад рускіх не дачакаешся. («Хіба вы чулі пра пацыфісцкія маршы ў Маскве? — задаецца пытаннем аўтар. — Іх не было і быць не можа, бо там няма свабоды выказвання!»)

І вось праз такое паглыбленне ў мінулае раптам адчуваеш, дзе мы цяпер. Не ў 2015-м. А недзе паміж 1980-м і 1981-м. І імкліва ляцім назад, разам з суседкай, разам з усім светам, які паддаўся зваротнаму руху гэтай машыны часу. І хочацца адкласці кніжкі, часопісы і газеты 1980-х, усіх гэтых пільных «Палітычных суразмоўцаў», і ўтаропіцца ў прэсу 1992-га. І раптам апынуцца ў той будучыні, якую яна для нас стварала. Хай сабе меней заможнай, чым стаўся 2015-ы. Але нашмат больш свабоднай…

budzma.by