276-ты дзень вайны Расіі ва Украіне: няспраўная ваенная тэхніка, эвакуацыя з Херсона і начныя абстрэлы

Расказваем, якія навіны ёсць на дадзены момант з украінскіх франтоў.

Ілюстрацыйнае фота: unian.net

Ілюстрацыйнае фота: unian.net


***
Пачалася бясплатная эвакуацыя насельніцтва з дэакупаванага Херсона. Першыя 100 херсонцаў, якія скарысталіся гэтай магчымасцю, выехалі на цягніку ў горад Хмяльніцкі. У ліку эвакуяваных — 26 дзяцей, 7 ляжачых хворых, а таксама 6 маламабільных людзей, паведаміла Міністэрства па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый. Паводле яго даных, у Хмяльніцкім усім эвакуяваным дапамогуць аформіць пасведчанне часова перамешчанай асобы і дадуць дзяржаўную грашовую падтрымку: 2000 грыўняў для дарослых і 3000 грыўняў для дзяцей і асоб з інваліднасцю. Іх бясплатна размесцяць і выдадуць ім гуманітарную дапамогу. У міністэрстве нагадалі, што цяпер з Херсонскай вобласці можна эвакуявацца аўтобусамі ў Адэсу, Нікалаеў і Крывы Рог. Там людзей будуць размяшчаць у спецыяльна абсталяваных шэлтарах, а затым эвакуацыйнымі вагонамі дастаўляць у больш бяспечныя рэгіёны Украіны.
*** Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека заявіла, што ва Украіне з 10 кастрычніка ў выніку расійскіх ракетных удараў па грамадзянскіх і энергетычных аб'ектах загінулі не менш 77 чалавек, параненыя 272 чалавекі.
«Мільёны людзей апынуліся ў вельмі складаных і жахлівых умовах для жыцця праз гэтыя абстрэлы. У цэлым усё гэта падымае сур'ёзныя пытанні ў рамках міжнароднага гуманітарнага права, якое патрабуе канкрэтнага і непасрэднага ваеннага значэння кожнага атакаванага аб'екта», — заявіў Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк.
*** Учора прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сустрэўся з 17 спецыяльна адабранымі маці вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць або якія загінулі ў вайне, паведамляе «Бі-бі-сі». На сустрэчы ён адзначыўся шэрагам красамоўных выказванняў, якія выразна акрэсліваюць прыярытэты цяперашняй расійскай улады:
«Вось у нас у ДТЗ гіне прыкладна 30 тысяч чалавек, ад алкаголю — прыкладна столькі ж, на жаль. Так жыццё складваецца, жыццё складанае і разнастайнае, складаней, чым дзесьці ў паперках напісана. Мы ж усе пад Госпадам, пад Алахам, пад Хрыстом — усе, хто верыць у вышэйшыя сілы, усё роўна, якой рэлігіі ён прытрымліваецца. Важна тое, што мы ўсе смяротныя, мы ўсе пад Госпадам і мы калі-небудзь з гэтага свету ўсе сыдзем. Гэта непазбежна. Пытанне, як мы жылі. Некаторыя ж жывуць ці не жывуць — незразумела, і як сыходзяць — ад гарэлкі ці яшчэ ад чагосьці — незразумела, а потым сышлі. Жылі ці не жылі? І незаўважна [жыццё] прагарнулася неяу, ці то жыў чалавек, ці то не. А ваш сын жыў. Яго мэта дасягнутая», — сказаў Пуцін маці аднаго з загінулых расійскіх салдатаў.
***У сілавых структурах Расіі чакаюць, што да вясны 2023 года страты забітымі і параненымі сярод мабілізаваных на вайну супраць Украіны могуць скласці 100 тысяч чалавек. Пра гэта піша выданне «Важные истории» са спасылкай на дзве не звязаныя адна з адной крыніцы з колаў Генштаба РФ і ФСБ. Суразмоўца, блізкі да ФСБ, паведаміў, што палітычнае і вайсковае кіраўніцтва РФ гатова да вялікіх страт: «Да вясны наступнага года страты забітымі і параненымі могуць скласці каля 100 тысяч. Але гэта нікога не палохае: іх заменяць "тэрмінавікамі"».
Пра такі ж прагноз расказаў і суразмоўца «Важных историй», блізкі да Генштаба. Паводле яго слоў, Уладзімір Пуцін не адмяняе ўказ аб частковай мабілізацыі, каб папоўніць страты ва Украіне за кошт 120 тысяч салдат тэрміновай службы, якіх плануецца падрыхтаваць да вясны 2023 года.
Падчас восеньскай мабілізацыі Мінабароны Расіі паклікала на вайну з Украінай каля 300 тысяч чалавек. Гэта значыць, што калі горшыя прагнозы Крамля спраўдзяцца, то да лета наступнага года кожны трэці з мабілізаваных будзе альбо забіты, альбо ўзяты ў палон, альбо паранены.
***Траціна з прыкладна 350 гаўбіц заходняй вытворчасці, перададзеных Украіне, знаходзяцца ў непрацоўным стане. Пентагон арганізаваў на тэрыторыі Польшчы пункт рамонту артылерыйскага ўзбраення для Украіны.
Як паведамляе «The New York Times» са спасылкай на чыноўнікаў амерыканскіх абаронных ведамстваў, паколькі ажыццяўляць рамонт артылерыі ў палявых умовах праблематычна, еўрапейскае камандаванне Пентагона стварыла рамонтны цэнтр у Польшчы.
Работы па аднаўленні пашкоджанага ва Украіне ўзбраення вядуцца на рамонтнай базе апошнія некалькі месяцаў. 
***За ноч расійскія вайскоўцы выпусцілі па Нікапальскім раёне амаль 60 снарадаў з рэактыўных сістэм залпавага агню «Град» і цяжкай артылерыі.
Пра гэта ў ТГ-канале паведаміў старшыня Днепрапятроўскай абласной рады Мікалай Лукашук, адзначыўшы пры гэтым, што, паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без загінулых і параненых.
«Расійцы ўсю ноч запалохвалі Нікапальшчыну. Пяць разоў абстралялі раён з "Градаў" і цяжкай артылерыі. Выпусцілі на Нікапаль, Марганец і навакольныя вёскі амаль 60 снарадаў», — адзначыў ён.
***Раніцай акупанты з артылерыі абстралялі Купянск на Харкаўшчыне, вядома пра аднаго параненага. Пра гэта паведаміў старшыня Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў:
«Па Харкаве ўдараў за суткі не зафіксавана. Акупанты на працягу сутак наносілі ракетныя і артылерыйскія ўдары па памежных раёнах вобласці».
Так, каля 17:00 25 лістапада расійцы некалькі разоў білі ракетамі С-300 па Чугуеве, у выніку чаго пашкоджаны нежылыя памяшканні. Акрамя таго, пасля паўночы ў выніку ўдараў па Купянску загарэліся 6 гаражоў.
Паводле слоў Сінягубава, у абодвух выпадках ніхто не пацярпеў.
«Ужо раніцай акупанты зноў нанеслі артылерыйскія ўдары па Купянску. Папярэдне адзін пацярпелы. Дэталі ўдакладняюцца», — дадаў старшыня Харкаўскай АВА.