856-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: ці зможа Пуцін паступова паглынуць украінскія тэрыторыі?

Расія працягвае абстрэльваць мірныя ўкраінскія гарады і мястэчкі. Сёння ўначы падчас абстрэлу Херсоншчыны загінула пажылая жанчына. А ў гэты час у Тамбоўскай вобласці гарэла нафтабаза.

Ілюстрацыйнае фота: «Getty Images»

Ілюстрацыйнае фота: «Getty Images»

***

Расійскія войскі падтрымліваюць тэмп сваіх наступальных аперацый на Тарэцкім кірунку з моманту актывізацыі ў гэтым раёне 18 чэрвеня і, імаверна, маюць на мэце зменшыць украінскую групоўку ў гэтым раёне, але пакуль імавернасць хуткага прасоўвання расійскіх войскаў пад Тарэцкам з'яўляецца нізкай.

Як адзначаюць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны», расійскія войскі прыцягнулі да гэтай аперацыі толькі абмежаваныя сілы, што сведчыць пра тое, што яны працягваюць аддаваць перавагу паступоваму прасоўванню шляхам паслядоўных штурмаў, а не аператыўна значным дасягненням шляхам хуткага манеўру.

Расійскія войскі павялічылі інтэнсіўнасць сваіх нападаў на Тарэцкім кірунку (на паўднёвы захад ад Часавага Яру і на паўночны ўсход ад Аўдзееўкі) у ноч на 18 чэрвеня пасля агульнай неактыўнасці на гэтым участку фронту.

Да гэтага часу яны праводзілі пераважна франтальныя атакі з выкарыстаннем цяжкай пяхоты на невялікія населеныя пункты на поўдзень і ўсход ад Тарэцка і яшчэ не праводзілі ніякіх значных механізаваных штурмаў у гэтым раёне.

На думку экспертаў, войскі РФ спрабуюць скарыстацца тым, што адноўленыя расійскія наступальныя аперацыі на поўначы Харкаўскай вобласці адцягваюць і замацоўваюць украінскія сілы з іншых участкаў фронту, каб дасягнуць поспеху на крытычна важных участках, у прыватнасці ў Данецкай вобласці.

Чым далей расійскія войскі будуць прасоўвацца ў раёне Часавага Яру і на паўночны захад ад Аўдзееўкі, не дасягаючы аналагічных поспехаў на Тарэцкім кірунку, тым глыбей будзе ўкраінскі выступ на Тарэцкім кірунку, з якога ўкраінскія войскі змогуць весці планамерны агонь па непасрэдных тылах расійскага наступу ў кірунку Часавага Яра і Аўдзееўкі.

Больш глыбокі выступ у раёне Тарэцка таксама зробіць расійскія войскі больш уразлівымі да значных украінскіх контратак на паўднёвым фронце ў напрамку Часавага Яру і на паўночнай лініі на Аўдзееўскім кірунку.

У ISW мяркуюць, што расійскія наступальныя аперацыі на Тарэцкім кірунку сведчаць аб тым, што расійскае ваеннае камандаванне не ўважае за магчымае правядзенне шырокамаштабнай аперацыі па прасоўванні ў кірунку Канстанцінаўкі з некалькіх аператыўных кірункаў.

З іншага боку, расійскія войскі могуць не мець намеру дасягаць значных тактычных поспехаў на Тарэцкім кірунку і спадзявацца, што наступальныя аперацыі ў гэтым раёне будуць ціснуць на ўкраінскія сілы на больш шырокім фронце ў Данецкай вобласці і спрыяць поспехам у кірунку Часавага Яру і Аўдзееўкі.

Цяпер ISW ацэньвае хуткія тактычныя поспехі Расіі на Тарэцкім кірунку як малаверагодныя. Тым не менш, расійскія войскі могуць мець намер праводзіць паслядоўныя наступальныя аперацыі ў гэтым раёне, каб дасягнуць паўзучага тактычнага выйгрышу, як гэта адбываецца на ўсім тэатры ваенных дзеянняў.

Павольныя наступальныя аперацыі расійскіх войскаў на Тарэцкім кірунку адпавядаюць сфармуляванай кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным тэорыі перамогі, якая абвяшчае, што расійскія войскі змогуць працягваць паступовае паўзучае прасоўванне да бясконцасці, не даваць Украіне магчымасці праводзіць паспяховыя аперацыйна значныя контрнаступальныя аперацыі і выйграць вайну на знясіленне супраць украінскіх войскаў.

Захад павінен праактыўна прадастаўляць украінскім сілам неабходнае абсталяванне і ўзбраенне ў тым аб'ёме, у тыя тэрміны і з той рэгулярнасцю, якія патрэбныя абаронцам для правядзення аперацый па вызваленні значных тэрыторый акупаванай Украіны і развянчання веры Пуціна ў тое, што ён зможа паступова паглынуць Украіну, калі хуткая поўная перамога акажацца недасяжнай, — заключаюць аналітыкі.

***

Паводле звестак Генштаба УСУ, за мінулыя суткі сілы абароны абясшкодзілі 1 170 акупантаў, а таксама збілі самалёт расійскіх захопнікаў.

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 28.06.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 540 490 (+1 170) чалавек;
  • танкаў — 8 066 (+24) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 15 480 (+21) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 14 423 (+60) адз.;
  • РСЗА — 1109 (+1) адз.;
  • сродкаў СПА — 871 (+3) адз.;
  • самалётаў — 360 (+1) адз.;
  • верталётаў — 326 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 11 509 (+50);
  • крылатых ракет — 2329 (+5);
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 19 514 (+46) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 2 431 (+11).

***

Старшыня Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысакпаведаміў, што раніцай 28 чэрвеня расійскія войскі атакавалі дронамі-камікадзэ Нікапальшчыну:

«З самай раніцы расійская армія зноў ударыла па Нікапальшчыне. Папалі па райцэнтры дронамі-камікадзэ».

Паводле слоў чыноўніка, загарэўся прыватны дом, яшчэ адзін быў пашкоджаны. Таксама пашкоджаная гаспадарчая пабудова.

Старшыня АВА дадаў, што загінулых і пацярпелых няма.

***

На працягу мінулага дня расійцы здзейснілі 32 абстрэлы Сумскай вобласці, на адну з грамад скінулі 20 мін, паведамляе ваенная адміністрацыя Сумскай вобласці.

«Зафіксавана 102 выбухі. Абстрэлам падвергліся Мікалаеўская, Хоцінская, Юнакоўская, Мірапольская, Белапольская, Краснапольская, Велікапісараўская, Эсманьская, Сярэдзіна-Будская і Зноб-Наўгародская грамады».

***

На працягу сутак 27 чэрвеня супрацьпаветраная абарона поўдня Украіны знішчыла тры беспілотнікі: 2 ударныя тыпу «Ланцэт» на Херсоншчыне і 1 выведвальны «ZALA» на Мікалаеўшчыне.

Паведамляецца таксама, што расійскія акупацыйныя войскі за мінулыя суткі двойчы атакавалі Мікалаеўскую вобласць балістычнымі ракетамі, імаверна «Іскандэр-М», ажыццявіўшы пускі з тэрыторыі часова акупаванага Крыма.

«Вораг працягвае ўжываць тактычную авіяцыю досыць актыўна. Ноччу 28 чэрвеня 2024 года акупанты зноў нанеслі па Херсоншчыне авіяўдары з выкарыстаннем КАБаў», — гаворыцца ў паевдамленні.

***

У выніку абстрэлу расійскімі захопнікамі населенага пункта Залатая Бэлька Херсонскай вобласці загінула мірная жыхарка, паведаміў старшыня Херсонскай АВА Аляксандр Пракудзін у Telegram:

«Расійскія войскі забілі жыхарку Залатой Бэлькі. Учора ўвечары акупанты абстралялі населены пункт, у выніку чаго смяротныя раненні атрымала 67-гадовая жанчына».

Старшыня АВА выказаў спачуванні родным і блізкім загінулай.

***

Сродкі СПА мінулай ноччу збілі 25 украінскіх беспілотнікаў у пяці абласцях, паведамляе Мінабароны Расіі.

«На працягу мінулай ночы дзяжурнымі сродкамі СПА перахопленыя і знішчаныя 12 БПЛА над тэрыторыяй Бранскай вобласці, знішчаныя 9 БПЛА над тэрыторыяй Смаленскай вобласці, знішчаны адзін БПЛА ў Варонежскай вобласці, знішчаныя два БПЛА ў Курскай вобласці і перахоплены адзін БПЛА ў Растоўскай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.

***

Дрон атакаваў нафтабазу ў Тамбоўскай вобласці. На месцы ўзнік пажар, паведамляе «Бі-бі-сі».

У пятніцу раніцай украінскі беспілотнік атакаваў нафтабазу ў Тамбоўскай вобласці, паведаміў губернатар рэгіёна Максім Ягораў.

«А 4:35 раніцы ў Мічурынскай муніцыпальнай акрузе Тамбоўскай вобласці зафіксаваны прылёт БПЛА на нафтабазу. У выніку ўтварылася невялікае ўзгаранне. На дадзены момант пажар лакалізаваны, тушэнне ажыццяўляецца сіламі Галоўнага ўпраўлення МНС Расіі па Тамбоўскай вобласці, пажарнай аховы нафтабазы і 11-цю пажарнымі разлікамі, што аператыўна прыбылі на месца», — напісаў ён у Тэлеграме.

Паводле інфармацыі Ягорава, пацярпелых няма. Да найбліжэйшага населенага пункта — 3 км, у выпадку неабходнасці жыхары будуць эвакуяваныя, дадаў ён.