943-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: РФ адпраўляе маракоў на фронт; УСУ яшчэ раз прарвалі расійскую мяжу
Расія працягвае баявыя дзеянні на мірных украінскіх тэрыторыях. У выніку абстрэлаў гінуць мірныя людзі. Украінскія войскі, у сваю чаргу, утрымліваюць кантроль над больш чым тысячай квадратных кіламетраў у Курскай вобласці.
***
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў ЗША прадставіць свой «План перамогі», які прадугледжвае атрыманне гарантый бяспекі, сучаснай зброі і фінансавай дапамогі для Украіны, піша «The Times».
«План Зяленскага змяшчае чатыры ключавыя пункты: першы — гэта гарантыі бяспекі для Украіны ад заходніх краін, аналагічны пакту аб узаемнай абароне ў рамках сяброўства ў NATO; другі — працяг наступу Украіны ў расійскую Курскую вобласць, каб забяспечыць тэрытарыяльны козыр у перамовах; трэці пункт — запыт на "канкрэтнае" сучаснае ўзбраенне; чацвёрты — міжнародная фінансавая дапамога для разбуранай вайной эканомікі Украіны».
Выданне падкрэслівае, што адным з ключавых пытанняў для Зяленскага з'яўляецца амерыканская падтрымка ў святле магчымага вяртання да ўлады Дональда Трампа. Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі раней меркаваў, што канфлікт можа быць вырашаны за кошт тэрытарыяльных саступак Украіны.
Украінскі прэзідэнт плануе паказаць свае ідэі не толькі дзеючаму прэзідэнту ЗША, але і абодвум прэтэндэнтам на гэтую пасаду: Камале Харыс і Дональду Трампу, каб данесці важнасць працягу падтрымкі Украіны ў вайне супраць Расіі.
***
У Крамлі расце ўсведамленне таго, што Захад не паддаецца ядзерным пагрозам, і кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін шукае новыя спосабы прымусіць прытрымлівацца сваіх «чырвоных ліній», паведамляе «The Washington Post».
На пачатку верасня Пуцін папярэдзіў, што, калі Захад ухваліць удары Украіны ўглыб Расіі, гэта будзе азначаць, што Масква знаходзіцца ў стане вайны з NATO, а расійскія прапагандысты кінуліся бразгаць ядзернай зброяй.
Але ўнутры Крамля расце разуменне таго, што паўторнае выкарыстанне ядзернай пагрозы пачынае губляць сваю сілу, а «чырвоныя лініі» Масквы пастаянна перасякаюцца. Аналітыкі і чыноўнікі, блізкія да расійскіх дыпламатаў, кажуць, што замест гэтага Пуцін шукае больш узважаны і абмежаваны адказ Захаду, калі той дазволіць Украіне выкарыстоўваць ракеты большай далёкасці для нанясення ўдараў па Расіі.
«Адбылося перанасычэнне ядзернымі пагрозамі, — сказаў расійскі чыноўнік, які гаварыў на ўмовах ананімнасці. — Да такіх заяў ужо ёсць імунітэт, і яны нікога не палохаюць».
Расійскі акадэмік, які мае цесныя сувязі з высокапастаўленымі дыпламатамі, пагадзіўся з гэтым, назваўшы ядзерны варыянт «найменш магчымым» са сцэнарыяў, таму што «ён сапраўды прывядзе да незадаволенасці сярод партнёраў Расіі на глабальным Поўдні, а таксама таму, што, відавочна, з ваеннага пункту гледжання, ён не вельмі эфектыўны».
«Уся гэтая дыскусія пра ядзерную парозу перабольшвае пагрозу такога кшталту эскалацыі і недаацэньвае магчымасць альтэрнатыўных варыянтаў, — дадаў акадэмік. — Паколькі Захад мае глабальную ваенную інфраструктуру... можна знайсці шмат уразлівых кропак».
Пуцін шукае розныя варыянты, каб стрымаць заходнюю падтрымку Украіны і паспрабаваць забяспечыць захаванне сваіх «чырвоных ліній», мяркуе Таццяна Станавая, заснавальніца французскай палітычнай кансалтынгавай кампаніі «R-Politik». «Ёсць варыянты, якія ён не хоча ўжываць, а ёсць варыянты, якія ён гатовы разгледзець ужо сёння, — сказала яна, — і ён лічыць ядзерную зброю найгоршым варыянтам для ўсіх, у тым ліку і для сябе».
Ядзерныя захады або наўпроставы напад на тэрыторыю NATO будуць разглядацца толькі ў тым выпадку, калі «Пуцін адчуе пагрозу існаванню Расіі ў яе цяперашнім выглядзе, калі ён палічыць, што іншага выйсця няма, — кажа Станавая. — У такой сітуацыі Захад павінен пайсці значна далей, чым тое, што ён абмяркоўвае цяпер».
Расійскія афіцыйныя асобы ўжо, здавалася, былі ў пэўнай ступені супакоеныя відавочнымі ваганнямі Злучаных Штатаў у дачыненні да зняцця абмежаванняў на нанясенне удараў Украінай па ваенных цэлях у глыбіні Расіі з дапамогай заходніх ракет. Расло чаканне, што калі дазвол будзе прадастаўлены, то ён будзе «вельмі абмежаваным», гавораць аналітыкі і чыноўнікі.
Аднак на Пуціна ўсё яшчэ ціснуць, каб ён неяк адказаў і не дапусціў пастаяннага перасячэння яго «чырвоных ліній».
«Ёсць разуменне, што "чырвоныя лініі", праведзеныя Масквой, Захадам ігнаруюцца, і з боку Масквы павінны быць больш важкія і істотныя крокі, каб прадэманстраваць сур'ёзнасць сваіх намераў», — сказаў акадэмік, які пажадаў застацца ананімным.
Масква можа адказаць дыверсійнымі аперацыямі супраць вайсковых аб'ектаў або іншай інфраструктуры на Захадзе, дзе ўдзел Расіі будзе цяжка даказаць. Яна таксама можа звярнуцца да марыянеткавых груповак, якія ўжо змагаюцца супраць заходніх інтарэсаў, такіх як апалчэнне хуці ў Емене, якое нападае на судны ў Чырвоным моры, сказаў Лоўрэнс Фрыдман, ганаровы прафесар ваенных даследаванняў Каралеўскага каледжа ў Лондане.
«Ён не хоча, каб сітуацыя перарасла ў нешта драматычнае або радыкальнае — у сэнсе ядзернай зброі або прамых баявых дзеянняў паміж нашымі войскамі і яго войскамі, але [гэта] не азначае, што не адбываецца нічога сур'ёзнага», — сказаў Фрыдман.
Звязаны з Крамлём палітолаг Сяргей Маркаў упэўнены, што ў вышэйшых эшалонах расійскага войска расце ўсведамленне таго, што «Расія сапсавала Захад і што мы шмат гаворым пра "чырвоныя лініі", але нічога не робім. У нейкі момант нам давядзецца пайсці на эскалацыю».
Маркаў выказаў здагадку, што магчымымі адказамі могуць стаць закрыццё амбасады Вялікабрытаніі ў Маскве і ўдары па авіябазах у Польшчы і Румыніі, дзе грунтуюцца знішчальнікі F-16, якія разгортвае Украіна. «Паколькі Расія ўпэўненая, што ў нейкі момант удары па Маскве абавязкова адбудуцца, то мы павінны ўдарыць першымі», — сказаў ён.
Пуцін можа паспрабаваць павялічыць пагрозлівую рыторыку і разыграць «залатую карту», пайшоўшы на эскалацыю перад выбарамі, заявіў Маркаў. «Калі Пуцін пойдзе на эскалацыю, то ЗША будуць баяцца ядзернай вайны — і Трамп пераможа».
Фрыдман таксама адзначыў, што ядзерныя пагрозы Пуціна наўмысна двухсэнсоўныя, каб узмацніць адчуванне небяспекі. «Гэта гучыць пагрозліва, але на самой справе ён ніколі не гаворыць вельмі канкрэтна пра тое, што ён збіраецца рабіць. Ён дазваляе нам рабіць нашы ўласныя інтэрпрэтацыі, і людзі інтэрпрэтуюць найгоршае».
Паколькі эфектыўнасць гэтага падыходу зніжаецца, Пуцін яшчэ не прыдумаў, чым яго замяніць, адзначыла Станавая, і нявызначанасць расце, бо «ніхто не разумее», якую рэакцыю Пуцін урэшце абярэ на кожнае канкрэтнае дзеянне. «Я думаю, што Пуцін таксама не разумее», — сказала яна.
***
Расія пашырае выведвальныя аперацыі ў Мексіцы, каб шпіёніць за ЗША, узмацняць прапаганду і падрываць падтрымку Украіны, пішуць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).
Тэлеканал NBC News, спасылаючыся на неназваных амерыканскіх чыноўнікаў і былых афіцэраў выведкі, паведаміў, што расійскія спецслужбы павялічваюць сваю прысутнасць у Мексіцы цягам апошніх некалькіх гадоў з мэтай шпіянажу за Злучанымі Штатамі і ўзмацнення прапаганды, накіраванай на падрыў Злучаных Штатаў і Украіны.
Амерыканскія чыноўнікі выказалі занепакоенасць адносна таго, што Расія павялічыла колькасць супрацоўнікаў сваёй амбасады ў Мехіка на дзясяткі чалавек, нягледзячы на адсутнасць трывалых гандлёвых адносінаў з Мексікай, і інтэрпрэтавалі гэтае павелічэнне як вяртанне да тактыкі часоў «халоднай вайны», накіраванай на ўзмацненне выведвальных аперацый у Мексіцы.
Аналітыкі ISW адзначылі, што дырэктар Цэнтральнага выведвальнага ўпраўлення Уільям Бернс нядаўна адзначыў, што гэтае павелічэнне з'яўляецца вынікам высылкі расійскіх шпіёнаў з Еўропы.
***
Расійскіх ваенных маракоў, якія неслі службу на адзіным у расійскай арміі авіяносцы «Адмірал Кузняцоў», верагодна, адправілі на фронт ваяваць супраць Украіны, піша «Forbes» са спасылкай на даныя аналітыкаў OSINT-праекта «Moklasen».
У матэрыяле гаворыцца, што расійскі авіяносец «Адмірал Кузняцоў», які не выходзіў у мора ўжо восем гадоў, можа больш ніколі не выйсці на баявое дзяжурства.
Замест гэтага экіпаж судна адпраўляюць на фронт ва Украіну, што стала яшчэ адным сведчаннем крызісу ў расійскім войску, адзначаюць у выданні.
Паводле інфармацыі аналітыка «Moklasen», частка экіпажа авіяносца, які раней складаў 1500 чалавек, была пераведзена ў сухапутныя войскі і сфармавала так званы «фрэгатны» батальён, які ўдзельнічае ў баявых дзеяннях у складзе 1-й гвардзейскай танкавай арміі.
«Forbes» піша, што спачатку гэтае падраздзяленне ваявала на Харкаўшчыне, а пасля было перадыслакавана на Пакроўскі кірунак. Прынамсі, адзін з маракоў са складу гэтага батальёна ўжо знік без вестак.
«Тое, што расійцы, відавочна, выводзяць людзей з "Кузняцова", не дзіўна. Крэмль звяртаецца да крайніх захадаў, каб мабілізаваць 30 000 новых вайскоўцаў, у якіх ён мае патрэбу штомесяц толькі для таго, каб папоўніць страты на полі бою — забітых, параненых і захопленых у палон ва Украіне».
***
За мінулыя суткі на 11 кірунках фронту адбылося 162 баявыя сутыкненні, расійскія захопнікі працягваюць актыўна штурмаваць Пакроўскі і Курахоўскі кірункі, дзе ў цэлым адбылося 63 атакі ворага. Таксама расійцы працягваюць скідаць кіраваныя авіяцыйныя бомбы ў Курскай вобласці, дзе ідзе ваенная аперацыя УСУ, гаворыцца ў зводцы ўкраінскага Генштаба.
У ноч на 23 верасня войскі РФ атакавалі Украіну дзвюма кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі «Х-59/69» і чатырма «Шахедамі», тры варожыя дроны ўдалося знішчыць, астатнія паветраныя цэлі разбілі з дапамогай сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.
«У выніку баявой працы супрацьпаветранай абаронай збітыя тры варожыя БПЛА ў Сумскай вобласці. Астатнія паветраныя цэлі — адзін "Шахед" і дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты, — не дасягнулі сваіх мэтаў праз актыўнае процідзеянне РЭБ Сіл абароны Украіны».
Таксама Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць страты Расіі — толькі за мінулыя суткі абясшкодзілі 1 330 захопнікаў і знішчылі 280 адзінак вайсковай тэхнікі акупантаў. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 23.09.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 643 750 (+1 330) чалавек;
- танкаў — 8 784 (+16) адз.;
- баявых браніраваных машын — 17 252 (+30) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 18 414 (+81) адз.;
- РСЗА — 1 197 (+2) адз.;
- сродкаў СПА — 949 (+0) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 328 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 15 699 (+71) адз.;
- крылатых ракет — 2 595 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 25 102 (+79) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 145 (+1) адз.
***
Абаронцы 95-й асобнай дэсантна-штурмавой Палескай брыгады ДШВ УСУ прарвалі адзін з участкаў расійскай мяжы, паведамляе Упраўленне камунікацый камандавання дэсантна-штурмавых войскаў УСУ.
«Падраздзяленні 95-й асобнай дэсантна-штурмавой Палескай брыгады ДШВ УС Украіны прарвалі адзін з участкаў расійскай мяжы. Гэта ўжо другая паспяховая аперацыя прарыву расійскай мяжы з пачатку аперацыі на тэрыторыі Курскай вобласці РФ».
Абаронцы Украіны падзяліліся відэа з праробліваннем праходаў у інжынерных загародах, заходам дэсантна-штурмавых падраздзяленняў на варожую тэрыторыю і першымі баямі ў памежнай паласе, дзе танкісты ДШВ «разбіраюць» апорны пункт праціўніка.
Дзе менавіта ўдалося прарваць участак мяжы з РФ, байцы не паведамілі.
***
23 верасня акупанты абстралялі горад Купянск і сяло Асінава ў Харкаўскай вобласці, у выніку атакі загінула 82-гадовая жанчына, яшчэ адна жанчына 59 гадоў была параненая, паведаміў кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў.
«Каля 09:00 акупанты нанеслі чарговы ўдар па Купянску. На жаль, загінула грамадзянская 82-гадовая жанчына».
Паводле слоў кіраўніка АВА, цяпер на месцы пападання працуюць праваахоўнікі і экстраныя службы. Раней паветранікі паведамлялі пра ракетную небяспеку ў Харкаўскай вобласці.
Пазней у паліцыі адзначылі, што акупанты таксама ўдарылі па вёсцы Асінава.
***
Раніцай 23 верасня армія РФ FPV-дронам абстраляла рэйсавы аўтобус у Мірапольскай грамадзе Сумскай вобласці, у выніку чаго пацярпелі два чалавекі, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Сумскай АВА.
«Раніцай 23 верасня ў Мірапольскай грамадзе варожы FPV-робат папаў па рэйсавым аўтобусе, у якім ехалі мясцовыя жыхары».
Адзначаецца, што два чалавекі атрымалі раненні, іх эвакуявалі ў медыцынскую ўстанову.
***
«13 чалавек атрымалі раненні ў выніку расійскіх нападаў па Запарожжы: 7 жанчын, 5 мужчын і 15-гадовы хлопец», — заявіў кіраўнік Запарожскай АВА Іван Фёдараў. Пазней ён паведаміў, што колькасць параненых вырасла да 16. Чацвёра з іх шпіталізаваныя. Яшчэ пазней у МУС Украіны паведамілі, што пацярпелі 17 чалавек.
Бліжэй да абеду Фёдараў напісаў, што колькасць пацярпелых узрасла да 21. Паводле яго слоў, у бальніцы застаюцца 94-гадовая і 23-гадовая жанчыны з мінна-выбуховымі траўмамі. Медыкі ацэньваюць іх стан як сярэдняй цяжкасці.
У паліцыі дадалі, што акупанты ў перыяд з 22:19 да 23:04 22 верасня нанеслі 7 удараў (папярэдне, КАБамі) па тэрыторыі абласнога цэнтра і раёна. Варожыя боепрыпасы папалі па аб'ектах грамадзянскай інфраструктуры.
***
У выніку расійскага абстрэлу Краматорска і вёскі Шахава Данецкай вобласці днём 23 верасня загінула 45-гадовая жанчына, яшчэ 10 чалавек пацярпелі, у тым ліку двое дзяцей, паведаміў старшыня Данецкай АВА Вадзім Філашкін.
«Прынамсі 1 чалавек загінуў і 1 паранены ў выніку абстрэлу Краматорска. Апоўдні ў горадзе прагрымелі 6 выбухаў. Загінула жанчына прыкладна 45 гадоў, раненні атрымаў яе муж».
Пазней Філашкін паведаміў, што колькасць пацярпелых узрасла да 3 чалавек. Таксама акупанты пашкодзілі 8 прыватных дамоў.
Акрамя таго, расійцы атакавалі сяло Шахава Пакроўскага раёна, ад варожага агню пацярпелі 7 чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Двое з параненых дастаўлены ў бліжэйшую бальніцу, астатнія атрымалі медыцынскую дапамогу на месцы.
Таксама захопнікі пашкодзілі 24 прыватныя дамы, 3 адмінбудынкі і сацыяльную ўстанову.
***
Расійскія акупанты скінулі з дрона выбухоўку на аўтамабіль «хуткай дапамогі» ў Белазёрскай грамадзе на Херсоншчыне, гаворыцца ў паведамленні Херсонскай АВА ў Telegram.
«Раніцай паблізу Рамашкавага Белазёрскай грамады расійцы атакавалі "хуткую" з беспілотніка. У выніку скіду выбухоўкі з БпЛА транспартны сродак атрымаў пашкоджанні. Пацярпеў 58-гадовы фельчар і 50-гадовы кіроўца "экстранкі"».
Адзначаецца, што ў іх выбуховыя траўмы і кантузіі. Пацярпелых даставілі ў бальніцу для аказання медыцынскай дапамогі.