Аляксандр Фрыдман: Пуцін едзе да Лукашэнкі, каб яшчэ больш уцягнуць Беларусь у вайну

Уладзімір Пуцін, які вельмі рэдка вылазіць са свайго бункеру, і нават адмяніў усе традыцыйныя мерапрыемствы і прэс-канферэнцыі, нечакана вырашыў наведаць Мінск. 19 снежня ён прыляціць у Беларусь для перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам.

pu_lu_karik1.png


Апошні візіт кіраўніка Расіі ў Беларусь да гэтага быў летам 2019 года, пасля чаго ўсе наступныя перамовы двух кіраўнікоў праходзілі на расійскай тэрыторыі.

«Салідарнасць» папрасіла палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана паразважаць, што можа стаяць за без перабольшвання незвычайным візітам Пуціна ў Мінск.

— Мяркуючы па ўсім, гэтая паездка надзвычайная. Справа не ў факце сустрэчы, паколькі ў многіх палітыкаў-ізгояў ёсць патрэба ў тым, каб сустракацца адзін з адным. Тут цікава тое, што Пуцін вырашыў паехаць сам. Як вядома, ён нікуды не ездзіць проста так, — каментуе Фрыдман. — А ўлічваючы сённяшнія часы, тым больш не ездзіць да заходніх межаў, бо баіцца за сваё жыццё.

А візітам у Мінск Пуцін прасоўваецца да межаў НАТО, таму для яго гэта зусім асаблівая паездка.

Калі ён так хацеў убачыць Лукашэнку, то навошта самому ехаць? Можна было выклікаць Лукашэнку да сябе, ён бы прыехаў без праблем.

Акрамя таго, як я разумею, у канцы снежня запланавана традыцыйная сустрэча лідараў краін СНД. Да яе засталося зусім мала часу, можна было пагаварыць з Лукашэнкам там.

Аглядальнік нагадаў, што візіт Пуціна пройдзе на фоне спекуляцый аб новым уварванні ва Украіну расійскага войска — магчыма, з беларускім удзелам.

— Асноўная тэма, як мне падаецца, звязаная з вайной, што б яны ні казалі. У першую чаргу яны будуць публічна выстаўляць усялякія эканамічныя праекты, але гэта так, проста рыторыка. Асноўная тэма там будзе тычыцца вайны.

Калі гаварыць пра тое, чаго хоча ад гэтай сустрэчы сам Лукашэнка, то, традыцыйна, грошай. Ці ж якіх-небудзь прэферэнцый, эканамічнай дапамогі. Гэтага ён просіць ад самага пачатку свайго прэзідэнцтва, і ніводная паездка ў Расію без гэтага не абыходзіцца. Але ёсць рэчы, якіх Лукашэнка не хоча. Напрыклад, каб яго яшчэ больш уцягнулі ў вайну. Мяркую, ён не хоча адпраўляць беларускія войскі ва Украіну. Я думаю, ён наогул хоча, каб Беларусь была ўцягнутая ў вайну як мага менш, бо гэта не ў яго інтарэсах: ён ведае настроі ў беларускім грамадстве.

Калі казаць пра тое, чаго хоча ад гэтай сустрэчы Пуцін, то тут, думаю, наадварот — глыбей уцягнуць Беларусь у вайну. З гэтым ён і едзе. Ці ідзе гаворка, каб пасылаць ва Украіну беларускія войскі, цяжка сказаць. Але каб уцягнуць Беларусь яшчэ больш і ў плане лагістыкі, і ў плане доўгатэрміновай вайсковай прысутнасці Расіі на тэрыторыі Беларусі — несумненна.

Гэта значыць, яны рыхтуюць нешта важнае. З расійскага боку — гэтая паездка з мэтай дасягнуць нейкіх пагадненняў ва ўкраінскім пытанні. Пуцін відавочна едзе не шпацыраваць па мінскіх вуліцах.

Фрыдман дапускае: падчас маючай адбыцца сустрэчы можа адбыцца нейкая дэманстратыўная выхадка ў адносінах да Захаду.

— Малаверагодна, вядома, для гэтага яны занадта баязлівыя, але можна, напрыклад, праехацца да польскай мяжы, агледзець агульныя межы Саюзнай дзяржавы, прадэманстраваць там сваю прысутнасць.

Пра вынікі гэтай паездкі мы, хутчэй за ўсё, не даведаемся. Я паглядзеў у праграме, што будзе прэс-канферэнцыя, думаю, там будуць зусім агульныя фармулёўкі, якія нічога не азначаюць. Пра што яны на самай справе дамовяцца, мы даведаемся ўжо ў будучыні. Перш за ўсё, ці дамовіліся яны па падзеях ва ўкраінскім пытанні.

Акрамя гэтага эксперт лічыць, што неабходна звярнуць увагу, як будзе паводзіць сябе Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным. Ён таксама прывёў у прыклад свежага выказвання беларускага кіраўніка.

— Сёння ён сказаў фразу: суверэнітэт і незалежнасць Беларусі непарушныя, пры гэтым Беларусь ніколі не будзе ворагам Расіі. Гэта значыць, ён ужо дае нейкія сігналы. Вельмі дзіўная рыторыка: што значыць «ворагам Расіі», раней жа, нібыта, братамі былі?