Арцём Шрайбман: Хуткі выхад з вайны ёсць — гэта пераварот у Расіі

Беларускі аналітык — пра вайну ва Украіне, магчымыя ростані і варыянт, які скончыць крывавае супрацьстаянне.

20220312124828_7509.jpg

— Цяпер ужо ясна, што вайна асуджаная зацягнуцца, як мінімум, на месяцы, нават калі ўнутры гэтага тэрміну будуць тактычныя перадышкі і перамір'і, — пішаАрцём Шрайбман. — Вайна можа мяняць форму, перацякаць з сутыкнення армій у барацьбу акупацыйнага корпуса з партызанамі, але тое, што нас чакае доўгі шлях да міру, практычна гарантавана. Да «практычна» вернемся пазней, а пакуль выкажу логіку, чаму спыненне вайны з кожнага з бакоў вельмі малаверагодна.

Я не ваенны эксперт, каб ацаніць суадносіны сіл на зямлі і даступныя рэзервы для працягу вайны. Але і не вайскоўцы часцей за ўсё прымаюць такія рашэнні, як пачаць або скончыць вайну. А палітычныя стымулы з абодвух бакоў настроены, і яшчэ нейкі час будуць настроены на працяг вайны.

Для Пуціна адступленне — непрымальны варыянт, таму што ён не дасягае ніякіх мэтаў уварвання, але атрымлівае амаль усе ягоныя выдаткі. Нават калі ўдасца размяняць частку санкцый на спыненне актыўных баёў, гэта не верне ў краіну капітал, веру інвестараў і ўсе астатнія выгоды даваеннага часу, таму што не будзе даверу да таго, што Крэмль завяршыў вайну назаўжды. Таму выбудоўваць эканамічны санітарны кардон вакол Расіі працягнуць аж да змены рэжыму ў ёй.

Украіна ў такім сцэнары (прыпынкі вайны Масквой) рэмілітарызуецца і адновіць эканоміку з падтрымкай Захаду і будзе падтрымліваць партызаншчыну на акупаваных тэрыторыях, каб ускладніць жыццё расійскіх войскаў там і сарваць новы наступ.

Гэта значыць, палітычныя мэты Пуціна ў гэтым сцэнары дасягнуты не будуць, калі не лічыць такімі мэтамі ваенны і вельмі дарагі кантроль над занятымі тэрыторыямі з нелаяльным насельніцтвам, якое існуе ў стане гуманітарнай катастрофы.

Як у такім выпадку тлумачыць гэтаму насельніцтву (ды і свайму), навошта ўсё гэта трэба было і навошта працягваць, я не ведаю. Дзівіць наіўнасць тых, хто верыць, што вышка з расійскім тэлебачаннем у Марыупалі, Валнавасе або Ізюме пераканае мясцовых, што імі ўсе гэтыя гады правіла хунта з рускамоўным габрэем на чале, а цяпер пачалося антыфашысцкае вызваленне. Проста для гэтага трэба было забіць сотні ці тысячы іх землякоў, іх саміх пасадзіць у падвалы, адключыць інтэрнэт, ваду і электрычнасць, разбурыць нейкую частку іх грамадзянскай інфраструктуры і адрэзаць ад астатняга свету.

Выхад з вайны з боку Кіева яшчэ менш верагодны, чым адступленне Пуціна. Па-першае, без гарантый бяспекі любыя саступкі па тэрыторыях — толькі адкладванне новай экспансіі. А гарантый з сённяшняй Расіяй не можа даць ніхто.

Па-другое, ва ўкраінскім грамадстве дамінуе жаданне змагацца і ўпэўненасць у тым, што краіна здольная выстаяць і ўзяць Расію зморам, нават калі гэта будзе значыць зацяжную вайну. Гэта значыць, Вярхоўная Рада проста не ўхваліць капітуляцыю і звязаныя з ёй умовы. А нават калі зламаць волю Зяленскага і яго акружэння ваяваць, іх загад сваім войскам і людзям перастаць супраціўляцца наўрад ці будзе кімсьці выкананы на зямлі.

Куды больш шанцаў, што ў такі момант адбудзецца перахоп легітымнасці кімсьці іншым з палітычнай эліты, хто скажа: «Не слухаем гэтага, слухаем мяне, і працягваем». І гэты чалавек будзе падтрыманы большасцю. У Украіне няма таго сакральнага стаўлення да вярхоўнай улады і яе каманд, да якога прызвычаіліся ў Беларусі і Расіі. Улада функцыянальная. Калі яна ў вачах народа перастае выконваць сваю функцыю, яе легітымнасць выпараецца.

Нават калі маштаб разбурэнняў украінскай дзяржавы да таго часу будзе такім, што новы адзіны цэнтр стварыць не атрымаецца, паўстане мноства лакальных цэнтраў сілы са сваёй легітымнасцю, якія будуць працягваць барацьбу. Гэта і ёсць сутнасць украінскай палітычнай культуры — дэцэнтралізацыя і гарызантальныя сувязі.

Чым больш будзе ахвяр сярод украінскіх грамадзянскіх, тым больш у іх будзе блізкіх і сваякоў, для якіх у гэтым жыцці застанецца адзін сэнс — працягваць барацьбу да канца. Расійская вайсковая машына здольная перамагчы, толькі калі гэтая калектыўная воля будзе зламаная, але пакуль што яна толькі мацнее, прычым жахлівым коштам.

Але ў пачатку я напісаў «практычна» менавіта таму, што адзін адносна хуткі выхад з вайны ёсць. Гэта пераварот у Расіі, хутчэй за ўсё, рукамі вайскоўцаў. Адразу абмоўлюся, у агляднай будучыні верагоднасць такога зыходу невялікая.

Расійская ўлада, уключаючы генералітэт, жыве ў бурбалцы ўласных ілюзій пра Украіну, яе здольнасць і волю да супраціву. Яны відавочна чакалі «Рускай вясны» і пасіўнасці ад насельніцтва ў фармаце Крыма-Данбаса ў 2014 годзе, толькі на ўсіх тэрыторыях, якія іх цікавяць. Гэта проста няўяўны правал разведкі і аналітыкаў, за што, па чутках, ужо пасадзілі пад хатні арышт верхавіну знешняй разведкі ФСБ. Па ўскосных прыкметах, у такой жа бурбалцы жыве большасць расійскага грамадства. То-бок у патэнцыйных змоўшчыкаў цяпер, і заўтра, і паслязаўтра не будзе грамадскай падтрымкі, затое будзе шмат унутрыэлітнага супраціву.

Але з часам рэальнасць будзе пранікаць у бурбалкі. Камандзіры сярэдняга звяна будуць бачыць сітуацыю на палях бою і акупаваных тэрыторыях, і разумець, што няма шляху не тое, што да хуткай перамогі, але ў прынцыпе да ўстойлівай перамогі і замацавання на зямлі ў любым часовым гарызонце. Дэзерціраў і ўхілістаў будзе ўсё больш, таму што ўкраінцы ваююць за свой дом, а расійцы — за ідэалагічныя ўстаноўкі іх улады. Гэта розны ўзровень гатоўнасці да самаахвяравання. Гэтую рэальнасць палявыя камандзіры паступова будуць даносіць наверх — генералам у Маскву.

У многіх грамадзянскіх з'явяцца знаёмыя, сябры і сваякі, у якіх хтосьці загінуў або прапаў без вестак на вайне. Маўчу пра ўсе эканамічныя праблемы, якія будуць спускацца з узроўню арышту рэзерваў Цэнтрабанка і яхт Абрамовіча, адсутнасці даходаў у блогераў у Instagram або ютубе, да паралічу фінансавага рынку, катастрофы банкаў, страты ўкладаў, беспрацоўя, усё больш пустых паліц і пры гэтым закрытых межаў. Тэлевізар будзе ўсё менш пераканаўчы на гэтым фоне.

Зацяжныя наступальныя вайны з ідэалагічнымі мэтамі (Афганістан у СССР, В'етнам і Ірак у ЗША) пачынаюцца з грамадскай эйфарыі, а сканчаюцца шырокай незадаволенасцю. У такой сітуацыі ў расійскіх генералаў, якія разумеюць тупіковасць ваеннай стратэгіі на зямлі, і грамадзянскіх бюракратаў, якія разумеюць беспрасветнасць крызісу ў эканоміцы, з'явіцца агульны інтарэс разгарнуць курс, не з-за любові ці жалю да Украіны, а з любові і жалю да сябе.

Гэты настрой двух крылаў расійскай улады ўжо будзе абапірацца на больш масавую падтрымку грамадства. А супрацьстаяць яму будуць толькі ідэалагічныя міфы пра хуткае крушэнне ўкраінскага нацызму і яго пагрозу для Расіі. Першае будзе мацнець, другое — слабець.

Гэтая траекторыя выглядае наканаванай, хоць і немагчыма прадказаць ніякія тэрміны. Рух па ёй можа спыніць альбо (1) усведамленне глыбіні сваіх праблем самім Пуціным і хай зневажальны, але разварот, альбо (2) хуткая капітуляцыя Украіны і прыняцце гэтага новага статус-кво ўсім астатнім светам.

Аб першым я судзіць не магу, гэта псіхааналіз, і многія, уключаючы мяне, моцна памыліліся ў сваёй ацэнцы псіхалагічнага стану Пуціна перад вайной. Другога ж не будзе па прычынах, пра якія я напісаў вышэй, нават калі вайна зменіць фармат. Нельга скарыць такі велізарны народ без генацыду або масавых дэпартацый. Ва ўкраінцаў проста няма шляху да адступлення, гэта не вайна Зяленскага, гэта вайна ўсяго народа. А ў расійцаў гэты шлях будзе заўсёды, таму што гэта вайна не на іх зямлі. Толькі гэты шлях можа ляжаць праз галаву Пуціна. Паралелі з Гітлерам, якому генералы былі лаяльныя аж да канца, тут недарэчныя, таму што вайна ўжо ішла на тэрыторыі іх краіны, і яны былі заціснутыя ў кут. А ў Пуціна няма гэтага мацуючага козыра для элітаў, ёсць толькі ідэалогія і пакуль яшчэ жывая вера ў поспех.

Пераварот — тэхнічна вельмі складаная задача сёння, але з узмацненнем унутрыэлітнага і грамадскага антываеннага запыту людзі ва ўладзе пачнуць задумвацца, як гэтую задачу вырашаць. Праз існуючыя інстытуты гэта практычна немагчыма. Хрушчова можна было зняць, пазбіваўшы змовай з партыйнай верхавіны, пакуль ён у адпачынку, і проста паставіць перад фактам на Пленуме ЦК партыі. Зладзіць імпічмент прэзідэнту Расіі нашмат складаней, таму што занадта зацяжная і публічная працэдура. Таму такі пераварот можа быць толькі неправавым, у стылі ГКЧП (з мірнай ізаляцыяй лідара) або горш.

На першы план выйдзе персанальная лаяльнасць Пуціну тых, хто будзе забяспечваць сувязь і ахову яго рэзідэнцыі на той момант. Але гэтае пытанне хутчэй вызначае ступень гвалту, да якога прыйдзецца звярнуцца змоўшчыкам, а не рэальнасць самога сцэнара.

Я не магу ацаніць, што хутчэй — такі пераварот або адмова ад максімалісцкіх запытаў самім Пуціным дзеля самазахавання. Але ні ў адным з рэалістычных сцэнарыяў няма хуткага адкату да даваеннай нармальнасці для Расіі і, такім чынам, для цесна звязанай з ёй Беларусі. Па-сапраўднаму важным і інтрыгоўным для мяне, як беларуса, пытаннем, застаецца тое, як хутка Лукашэнка ўсведамляе глыбіню і безвыходнасць гэтай прорвы, і ці рызыкне ён у сувязі з гэтым зайсці на трэці раўнд дыстанцыявання ад Расіі пры каласальных рызыках як такога рашэння, так і адмовы ад яго.