Арсень Сівіцкі: Ёсць толькі адзін варыянт для Беларусі, каб не пусціць вайну на сваю тэрыторыю
«Адзіны варыянт прадухіліць удары Украіны па Беларусі — выхад з вайны», заявіў аналітык Арсень Сівіцкі.
Украіна будзе ўстрымлівацца ад нападаў на Беларусь да пачатку свайго стратэгічнага контрнаступу, а выбухі ў Зябраўцы наўрад ці былі дыверсіяй УСУ. Такое меркаванне ў інтэрв'ю «Позірку» выказаў дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў (Мінск) Арсень Сівіцкі.
Арсень Сівіцкі распавёў, калі можа пачацца ўкраінскі контрнаступ, ці рэальна завербаваць у Беларусі 13 тысяч добраахвотнікаў для вайны супраць Украіны і ці змогуць дэмсілы стварыць войска ў эміграцыі для наступнага заходу ў Беларусь.
— Украінскі бок сцвярджае, што 13 тысяч беларусаў гатовыя ваяваць на баку Расіі. Як ставіцца да гэтай інфармацыі?
— Як да элемента інфармацыйных аперацый і псіхалагічнага ціску на Мінск з боку Кіева. Яны накіраваны на прадухіленне прамога далучэння беларускай арміі да ваеннага канфлікту.
Характэрна, што гэту інфармацыю агучвае прадстаўнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ, а не Галоўнага ўпраўлення разведкі. Гэта толькі падкрэслівае спекуляцыйны характар зробленых заяў.
Сёння няма ні прамых, ні ўскосных сведчанняў, што беларуская армія рыхтуецца да прамога ўступлення ў канфлікт. Праўда, гэта не азначае, што Крэмль адмовіўся ад уцягвання Беларусі ў вайну. Масква цяпер рэалізуе гэту задуму асіметрычна. Пастаянна здзяйсняючы ракетныя абстрэлы паўночных абласцей Украіны, УСУ правакуюць на ўдары ў адказ, якія і павінны падштурхнуць Беларусь ужо да прамога ўдзелу ў баявых дзеяннях.
— Паведамлялася, што расійскія эмісары вярбуюць беларусаў для ўдзелу ў вайне. Гэта можа быць праўдай?
— Сёння асноўнымі каналамі вярбоўкі з'яўляюцца служба па кантракце ў расійскай арміі або падпісанне кантракта з прыватнымі ваеннымі кампаніямі — так званай «групай Вагнера» і ПВК «Рэдут». Вярбуюць не толькі беларусаў, але і ў цэлым грамадзян дзяржаў постсавецкай прасторы.
Аднак я сумняваюся, што ў выпадку з Беларуссю гэтыя каналы працуюць эфектыўна. Па-першае, унутры нашага грамадства моцны антываенны кансэнсус. Па-другое, усе бачаць, што Расія прайграе гэтую вайну і нясе сур'ёзныя страты. Па-трэцяе, яшчэ ў 2020–2021 гадах расійскі бок спрабаваў набраць з беларусаў «міратворчы» кантынгент колькасцю 600 чалавек для ўдзелу ў аперацыі ў Сірыі. Месячны аклад прапаноўвалі ад 1000 долараў. Але гэты заклік не знайшоў ніякага водгуку праз нежаданне беларусаў паміраць за эфемерныя геапалітычныя амбіцыі Расіі. У сітуацыі з вайной супраць Украіны гэтыя мэты і амбіцыі яшчэ менш паддаюцца рацыянальнаму тлумачэнню.
— Як вы тлумачыце выбухі на аэрадроме ў Зябраўцы?
— Не думаю, што гэта справа ўкраінскіх вайскоўцаў. Многія пра гэта падумалі на фоне паспяховых нападаў УСУ на расійскую вайсковую інфраструктуру ў Крыме. Сам інцыдэнт мог стаць як вынікам чалавечага фактару, так і «самастрэлу». Расійскія спецыялісты з-за недахопу высокадакладнага ўзбраення цяпер займаюцца перапраграмаваннем ракет сістэм СПА С-300 / С-400 для нанясення ўдараў па наземных цэлях. Калі гэта зрабіць няправільна, такія ракеты пасля запуску маментальна трапляюць у найбліжэйшыя аб'екты і тэхніку.
— Ракетныя атакі Украіны па цэлях на беларускай тэрыторыі ў нейкай перспектыве магчымыя?
— Па маіх ацэнках, УСУ будуць устрымлівацца ад гэтага да пачатку свайго стратэгічнага контрнаступу. Яго варта чакаць у канцы гэтага — пачатку наступнага года. Да гэтага часу саюзнікі па кааліцыі, сфарміраванай на авіябазе «Рамштайн», пачнуць масавыя пастаўкі Украіне дальнабойных артылерыйскіх і аператыўна-тактычных ракетных сістэм.
Сітуацыя можа развіцца па іншым сцэнарыі, калі Расія вырашыць паўтарыць паход на Кіеў праз тэрыторыю Беларусі і пачне разгортваць тут групоўку для ўварвання. Гэта можа стаць трыгерам для Украіны для нанясення ўдараў па тэрыторыі Беларусі як мінімум у месцах дыслакацыі расійскіх ваенных сіл і сродкаў.
Адзіны варыянт прадухіліць такое развіццё падзей — найхутчэйшы выхад Беларусі з вайны, поўны вывад расійскіх войскаў з яе тэрыторыі і пачатак мірных перамоў з Кіевам і ягонымі саюзнікамі, у тым ліку пра гарантыі бяспекі.
— Вы дапускалі варыянт сухапутнай аперацыі УСУ на тэрыторыі Беларусі. Гэта рэальна, калі ўкраінскія войскі, скажам, вернуць Херсон?
— Як мінімум можна меркаваць, што Украіна не выключае правядзенне ваеннай аперацыі супраць Беларусі. Мэта — вывад яе з вайны і трансфармацыя ў сяброўскую дзяржаву, якая не стварае пагрозы з поўначы. У такім выпадку аперацыя будзе насіць камбінаваны, а не толькі наземны характар.
Што тычыцца пералому ў вайне, то ён намеціцца пасля таго, як Украіна падыдзе да вырашэння задачы па вызваленні Крыма. Пры такім сцэнарыі нельга выключаць, што Крэмль паспрабуе размясціць новую групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. Гэта створыць пагрозу Украіне на паўночным напрамку і вымусіць Кіеў скаваць тут сілы і сродкі, не перакідваць частку войскаў бліжэй да Крыма.
— На фоне вайны ўзмацніліся мілітарысцкія настроі і ў беларускіх дэмакратычных сілах. Што вы думаеце пра з'яўленне ў камандзе Святланы Ціханоўскай былога камбрыга-дэсантніка Валерыя Сахашчыка?
— Па меншай меры гэта азначае пачатак прапрацоўкі сілавых варыянтаў вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі. Гэта сур'ёзны званочак. Тым больш што заявы аб падобных сцэнарыях робяцца ў краінах — членах ЕС і НАТА, што сведчыць аб наяўнасці знешняй падтрымкі.
— Ці магчыма стварэнне за мяжой нейкіх вайсковых падраздзяленняў для наступнага заходу ў Беларусь пры зручным выпадку?
— Такія падраздзяленні ўжо фарміруюцца ў складзе УСУ і інтэрнацыянальнага легіёна (Добраахвотніцкае фарміраванне, створанае ўказам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў лютым 2022 года. — рэд.). Пры гэтым палітычную і рэсурсную падтрымку ім аказваюць не толькі беларуская апазіцыя ў выгнанні, дыяспара ці ўкраінскія ўлады, але і асноўныя ўдзельнікі кааліцыі «Рамштайн».
Развіццё сітуацыі паказвае, што ў выпадку эвалюцыі расійска-ўкраінскага канфлікту да ўзроўню рэгіянальнай вайны і распаўсюджвання ваенных дзеянняў на нашу тэрыторыю супраць Беларусі выступяць і падобныя падраздзяленні пры падтрымцы УСУ, і ўласна кааліцыя «Рамштайн». Мы ўжо назіраем, як шэраг краін гэтай кааліцыі, уключаючы НАТА, рыхтуюцца да развіцця падзей менавіта па такім сцэнарыі ў 2023 годзе і праводзяць розныя мерапрыемствы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі.