«Падзеі ў Казахстане паказалі імаверны канец рэжыму Лукашэнкі»

Як падзеі ў Казахстане адаб’юцца на Беларусі і якія высновы зробяць улады і грамадства з іх? Падчас анлайн-канферэнцыі «Казахстан: наступствы пратэстаў і ўводу войскаў» беларускія аналітыкі абмеркавалі гіпотэзы развіцця падзей.

_perahod___horad___minsk___nevjadoma_szto__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Свой пункт гледжання выказаў сузаснавальнік і дырэктар «Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў» Арсень Сівіцкі:
— Сітуацыя ў Казахстане прывядзе да таго, што ў Мінску прымуць рашэнне адкласці транзіт мінімум гадоў на пяць-дзесяць. Наколькі гэта рэалізаваная задача, пакажа час. Назарбаеўскі транзіт менавіта такім чынам цяпер успрымаецца ў Мінску. Будзе прынята рашэнне сітуацыю ўсё ж такі замарозіць і вярнуцца да яе, можа быць, у 2025 годзе. Адносіны паміж Мінскам і Масквой будуць набываць канфліктны характар на працягу 2022 года, асабліва пасля рэферэндума.
Далейшыя хады Лукашэнкі таксама акрэсліў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:
— Той варыянт, які абірае беларуская ўлада, болей за ўсё падобны да казахстанскага. Ствараецца Усебеларускі народны сход — свая структура, куды пераходзіць прэзідэнт. Гэта падобна да казахстанскага варыянту пры ўсіх не самых дакладных аналогіях. І вось цяпер Лукашэнка бачыць, як гэты казахстанскі варыянт спрацаваў, а дакладней, не спрацаваў. Лукашэнка будзе думаць: «А навошта мне гэта трэба?» І ён думае не толькі пра рэферэндум, ён думае і пра 2025 год, і як наогул сыходзіць.
На думку аналітыкаў, падзеі ў Казахстане наглядна адлюстравалі канец адвольнага аўтарытарнага рэжыму. Тым не менш, увядзеннем войскаў АДКБ у Казахастан Расія прадэманстравала мажлівасць такога ўводу і на тэрыторыю Беларусі ў падобных выпадках.
Паводле racyja.com