Саюз сілавікоў і сэнсавікоў як гарант постсавецкай стабільнасці

Усялякі масавы пратэст трансфармуецца ў «каляровую рэвалюцыю», інспіраваную Захадам, калі яго апісаць на беларускім навамоўі.

madel_3gif_logo_1.gif


За дзесяць дзён — з 5 па 14 студзеня — на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня» пошукавік налічыў 25 артыкулаў, якія змяшчаюць фразеалагізм «дзяржаўны пераварот», і 15 артыкулаў са словам «бунт», прычым 13 з іх тычацца падзеяў у Казахстане.
Такая арыфметыка сведчыць пра разгубленасць «залатых пёраў» беларускай журналістыкі. Як Божы дарунак не варта блытаць з яечняй, так бунт — з дзяржаўным пераваротам.
Звернемся да Вікіпедыі.
«Бунт — масавая нязгода і непрыманне народам існуючага рэжыму праўлення, што выяўляецца ў фізічнай і, як правіла, крывавай форме».
«Дзяржаўны пераварот — гвалтоўны захоп улады ў дзяржаве, непазбежна ажыццяўляецца з парушэннем дзеючых на даны момант канстытуцыйных і прававых нормаў, звычайна з ужываннем сілы для захопу цэнтраў кіравання дзяржавай і ажыццяўленнем арышту або ліквідацыі яго дзейных кіраўнікоў».
«Залатыя пёры» не пашкадавалі атраманту на апісанне пабітых вітрын і ахвяр сярод сілавікоў і дзяцей, чаго не скажаш наконт аналізу прычын масавай нязгоды і непрымання народам існуючага рэжыму. Не іх гэта справа — аналізаваць і разважаць пра прычыны масавых пратэстаў.
Што да «дзяржаўнага перавароту», то яго шукалі «пад ліхтаром» — гэта значыць там, дзе яго было лягчэй знайсці. Дзяржаўны пераварот у Казахстане, як цяпер зразумела ўсім, акрамя «залатых пёраў», меў месца быць. Аднак здзейснілі яго не бунтаўшчыкі, падбухтораныя заходнімі лялькаводамі, а прэзідэнт Такаеў, які сваім антыканстытуцыйным рашэннем пасунуў экс-прэзідэнта Назарбаева з пасады старшыні Савета бяспекі.
Каб не быць галаслоўным, згадаю выказванне з гэтай нагоды не апошняй «гаворачай галавы» ў расійскай медыйнай прасторы, эканаміста Міхаіла Дзялягіна: «Тое, што адбываецца ў Казахстане, пакуль уяўляецца добра задуманай асяроддзем Такаева спецаперацыяй па зачыстцы «назарбаеўскіх» і выкідвання таго з рэальнай улады пры дапамозе стымуляцыі народных пратэстаў, — прыкладна гэтак жа, як Назарбаеў падарваў Колбіна ў 1986 годзе».
Такаеў — Назарбаеў. Назарбаеў — Колбін. Нам якая да гэтага справа? У нас свае праблемы. Калі падзеі ў Казахстане нас і цікавяць, то ў найперш з пункту гледжання іх уплыву на Беларусь.

Беларускае навамоўе

Існуюць два спосабы рэагавання на крытычныя сітуацыі: пошук новых ідэй або вяртанне да старых каштоўнасцяў, якія апраўдалі сябе ў мінулым. Архітэктары беларускай мадэлі ў 1994 годзе абралі другі шлях, з якога не збочваюць амаль тры дзесяцігоддзі.


11 студзеня на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне» адданасць другому шляху была чарговым разам пацверджаная: «Прыгадайце, які тады быў час. На фоне распаду савецкай дзяржавы да нас каламутная плынь з Захаду прынесла так званыя дэмакратычныя каштоўнасці, замяшаныя на чужых ідэалах, бездухоўнасці і нізкіх пачуццях. <...> Што гэтаму можна супрацьпаставіць? Перш за ўсё — нашыя традыцыйную хрысціянскую мараль, маральнасць і багатую культуру беларускага народа, забяспечыўшы падтрымку людзям, якія гэтыя каштоўнасці засцерагалі тады, дый цяпер ахоўваюць і развіваюць».
Першы шлях вядзе да павышэння эфектыўнасці ўласнай дзейнасці. Ён дазваляе знаходзіць адказы на ўзрастаючую складанасць знешняга свету за кошт павелічэння ўласнай складанасці. Другі шлях — шлях спрашчэнняў. Выбар яго прыводзіць да самаізаляцыі. Апошнім часам чуюцца заклікі стварыць«паралельны суверэнны інтэрнэт»(Іван Эйсмант, старшыня Белтэлерадыёкампаніі) — і гэта толькі адзін з прыкладаў самаізаляцыі.
Рух у бок ад «так званых дэмакратычных каштоўнасцяў» запатрабаваў ад сэнсавікоў, шчодра аплачаных з бюджэту, выпрацоўкі не толькі ўніверсальнага набору сэнсаў, але і спецыяльнай мовы, на якой гэты набор можна даносіць да масавага спажыўца.
Так паўстаў беларускі аналаг навамоўя са знакамітага рамана Оруэла «1984». Яго носьбіты, і перш за ўсё самі «залатыя пёры», не здольныя выказваць іншыя погляды на падзеі, акрамя афіцыйных. «Каляровыя рэвалюцыі», «метадычкі Шарпа», «знешняя агрэсія»... З дапамогай такога набору сэнсаў і фарміруецца афіцыйная карціна свету. Усе альтэрнатыўныя сэнсы, натуральна, абвяшчаюцца экстрэмісцкімі.

Іншага не дадзена

Падзеі ў Казахстане не заспелі беларускіх сэнсавікоў знянацку. У стыхійным пратэсце яны лёгка ўгледзелі дзейнасць заходніх лялькаводаў, якія «накіроўвалі і кіравалі». Іх не збянтэжыў той факт, што эканамічны пратэст, які пачаўся на захадзе рэспублікі, прыняў форму бессэнсоўнага і бязлітаснага бунту на поўдні, г. зн. там, дзе ў апошнія гады быў адзначаны рост колькасці прыхільнікаў радыкальнага ісламу сярод моладзі.
Адзін са спісу ноу-хау беларускіх сэнсавікоў — аксюмаран «кіраваны натоўп». «Натоўп, — тут я зноў звярнуся да Вікіпедыі, — мноства людзей, пазбаўленых яўнай агульнасці мэтаў і арганізацыі, але звязаных паміж сабой падабенствам эмацыйнага стану і агульным цэнтрам увагі».
Натоўп яшчэ нікому не ўдавалася мэтанакіравана стварыць. Таму немагчыма не толькі стратэгічнае, але і тактычнае планаванне на аснове кіравання натоўпамі. Аднак самаарганізаваны натоўп можна ўзначаліць. Для гэтага, як мінімум, неабходна аказацца ў патрэбны час у патрэбным месцы.
А вось яшчэ адна заяўка на ноу-хау: «У Казахстане ідзе мэтанакіраваная спроба дзяржаўнага перавароту».
Цікава, а як аўтар такой заяўкі, які прэтэндуе на званне прафесійнага палітолага, уяўляе сабе не мэтанакіраваны дзяржаўны пераварот?
***Самы час падвесці прамежкавы вынік. Пачну з цытаты, запазычанай у расійскай журналісткі Юліі Латынінай: «Насельніцтва любой краіны на нейкім этапе развіцця і ў выніку нейкага з пакаленчых зрухаў перастае пакорліва згаджацца з тым, якую цану алігархі прызначаюць на прадукцыю, якая вырабляецца імі, і якія падаткі і пошліны збірае з іх дзяржава. І ў некаторых выпадках працэсы, што запускаюцца такім чынам, дорага абыходзяцца элітам, якія расслабіліся».
Усвядоміць наяўнасць пакаленчых зрухаў і іх наступствы беларускія сэнсавікі не ў стане. Таму яны працягваюць сацыяльна-палітычную рэальнасць падганяць пад сваю карціну свету — і ўсё часцей гэтую падгонку сэнсавікі будуць вымушаныя праводзіць з дапамогай сілавікоў. Іншага не дадзена.
(Працяг будзе)