Дапамога Украіне ад ЗША — 13,6 мільярда долараў
Байдэн падпісаў законапраект, які ўключае дапамогу Украіне на 13,6 млрд. долараў, паведамляе УНН.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у аўторак падпісаў законапраект на 1,5 трыльёна долараў, які фінансуе федэральныя аперацыі да верасня і накіроўвае звыш 13 мільярдаў долараў на дапамогу Украіне ў вайне з Расіяй.
«Праз хвіліну я падпішу гэты двухпартыйны законапраект аб дзяржаўным фінансаванні. Гэтым законапраектам мы збіраемся паслаць сігнал амерыканскаму народу аб тым, што дэмакраты і рэспубліканцы сапраўды збіраюцца разам і нешта робяць для выканання нашых самых асноўных абавязкаў... Гэты законапраект таксама ўключае ў сябе гістарычнае фінансаванне ў памеры 13,6 млрд. долараў для адказу на ўварванне Расіі ва Украіну і яго ўплыў на суседнія краіны», — заявіў амерыканскі прэзідэнт.
Гэтыя грошы пойдуць на абароннае вайсковае абсталяванне і навучанне, а таксама на дапамогу ўкраінскім уцекачам як унутры краіны, так і ў суседніх краінах.
«Мы ідзём далей, каб узмоцніць падтрымку адважных людзей Украіны, якія абараняюць сваю краіну», — сказаў Байдэн у аўторак, перш чым падпісаць законапраект.