Давераная асоба Ціханоўскай: Любыя спробы Расіі падтрымаць Лукашэнку будуць разглядацца як пагроза для суверэнітэту

З такой заявай выступіў Мікалай Казлоў, лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі і давераная асоба Святланы Ціханоўскай. Прыводзім тэкст і відэа паведамлення.

Сітуацыя ў Беларусі развіваецца імкліва.
9 жніўня народ Беларусі абраў новага прэзідэнта краіны. Гэта яго выбар. Выбар, які павінны паважаць усе грамадзяне Беларусі і ўся міжнародная супольнасць.
Сёння мільёны людзей выйшлі на вуліцу, каб абараніць свой выбар, свой голас. Спынілі працу ўсе галоўныя прадпрыемствы краіны. Беларусь ужо не будзе ранейшай.
Сфарміравана палітычная павестка Беларусі:
Першае — Лукашэнка павінен сысці.
Другое — вызваленне ўсіх затрыманых і палітвязняў.
Трэцяе — Святлана Ціханоўская павінна ўступіць на пасаду прэзідэнта і забяспечыць правядзенне сумленных свабодных парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў.
Разам з тым застаюцца рызыкі і пагрозы. Былы прэзідэнт просіць Маскву аказаць палітычную і ваенную падтрымку. У сувязі з гэтым я маю паўнамоцтвы заявіць наступнае:
Па-першае, Святлана Ціханоўская і яе прыхільнікі дзякуюць ўсім расіянам, якія падтрымалі выбар народа Беларусі.
Па-другое, мы заяўляем, што любыя спробы кіраўніцтва Расіі падтрымаць Лукашэнку будуць разглядацца як дзеянні, накіраваныя супраць народа Беларусі і як пагроза для суверэнітэту і незалежнасці краіны.
Павага і прызнанне выбару беларускага народа — гэта залог паспяховага развіцця добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і РФ.