«Добрых сцэнароў для Лукашэнкі няма». Эксперт— пра перспектывы Беларусі пасля вайны

З працягам расійскай вайсковай агрэсіі ва Украіне роля беларускага рэжыму становіцца ўсё больш незайздроснай. Пераможнага бліцкрыгу не здарылася, з перамоўнай пляцоўкай таксама неяк не заладзілася, а ў Еўрасаюзе наўпрост назвалі Беларусь саўдзельніцай агрэсіі.

egorov28.jpg

Усё гэта адбілася і на рыторыцы Аляксандра Лукашэнкі. Ён усё гэтак жа працягвае запэўніваць, што расійская «спецаперацыя» прадухіліла напад на Беларусь, і прапануе (чамусьці праз японскі тэлеканал) прэзідэнту Украіны падпісаць мірны дагавор з Расіяй, таму што «Расія ў гэтай вайне не прайграе». Але пры гэтым няспынна паўтарае, што мы, маўляў, самі ні з кім не ваюем і «Захаду не атрымаецца ўцягнуць нас у гэты канфлікт».

Які вынік вайны на самай справе хацеў бы ўбачыць беларускі кіраўнік, і ці застался ў афіцыйнага Мінска прастора для манеўру, «Филин» абмеркаваў з палітолагам Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэем Ягоравым.

— Для яго добрых варыянтаў у гэтай сітуацыі асабліва няма, — мяркуе эксперт. — У асноўным яны залежаць ад таго, як па выніках гэтай ваеннай агрэсіі да Беларусі будзе ставіцца палітычнае кіраўніцтва Украіны.

Калі Украіна вытрымлівае, адбівае ваенную агрэсію Расіі, то выніковым момантам будуць мірныя перамовы паміж гэтымі краінамі аб адносінах і іх узаемным статусе. Пытанне Беларусі там таксама будзе разглядацца, і ад стаўлення Украіны шмат у чым будзе залежаць магчымасць манеўру для Лукашэнкі.

Калі, напрыклад, Украіна будзе лічыць Беларусь адназначна агрэсарам, ставячы ёй удзел у вайне, то Беларусь апынецца па адзін бок з Расіяй за жалезнай заслонай. Наўрад ці адбудзецца вывад расійскіх войскаў з краіны. Фактычна гэта будзе перарастаць у сітуацыю акупацыі і паступовага скасавання незалежнасці Беларусі.

У іншым выпадку Украіна можа прызнаць абмежаваны ўдзел Беларусі ў інтэрвенцыі, але не вінаваціць наўпрост у агрэсіі, як бы «дараваўшы» рэжыму садзейнічанне і саўдзел. З прагматычных палітычных меркаванняў такое можа быць.

У гэтым месцы Украіна можа запатрабаваць вываду расійскіх войскаў і нейкіх гарантый з боку Беларусі для Украіны. Перамовы аб гэтым будуць весціся непасрэдна з тым, хто кантралюе ўладу ў Беларусі — калі сітуацыя застанецца такой, як яна ёсць, то гэта рэжым Лукашэнкі.

Тады ў рэжыма з'явяцца найбольшыя магчымасці для манеўру: па-першае, пазбавіцца ад расійскіх войскаў, а па-другое, уключыцца ў традыцыйную гульню з балансаваннем паміж Усходам і Захадам з апорай на Украіну, паспрабаваць патрабаваць скасавання часткі санкцый, якія былі ўведзеныя супраць Беларусі — як мінімум, з пачатку вайны.

Лукашэнка будзе казаць: маўляў, а што ён мог зрабіць ва ўмовах амаль акупацыі, «я не я і хата не мая», «мы былі вымушаныя», «нашы войскі не ўдзельнічалі» і т.п. І, увогуле, гэта для рэжыму будзе выхадам і можа спрацаваць, калі Украіна гэта падтрымае.

Але нават калі Украіна прайграе вайну, кажа палітолаг, для Лукашэнкі выбар варыянтаў гэтак жа невялікі, як паміж рэдзькай і хрэнам.

— Ад Расіі ён нічога не атрымае; яна проста зоймецца планамерным задушэннем Беларусі ў значна больш інтэнсіўным рэжыме. Санкцыі таксама працягваюць дзейнічаць, Беларусь апынецца за жалезнай заслонай разам з акупаванай Расіяй і Украінай, і Расія скончыць паглынанне Беларусі. Не ведаю, ці дойдзе да фармальнага скасавання незалежнасці, але рэальная незалежнасць будзе скасаваная.

— Калі японскі журналіст спытаў, ці могуць спыніць вайну пасярэднікі, у тым ліку Кітай, Лукашэнка адказаў, што кардынальна паўплываць на сітуацыю могуць толькі Расія, Украіна і Амерыка.

— Тут усё відавочна: у ягонай ідэалагічнай канструкцыі Захад выступае асноўнай першапрычынай гэтай вайны, нібыта ён вымусіў Расію пайсці на агрэсію, не пагадзіўшыся з расійскімі патрабаваннямі аб нераспаўсюджванні NATO, адвядзенні альянсу да межаў 1997 года і вось гэта вось усё, нібыта гэта пагражала жыццёвым інтарэсам Расіі.

Гэтую легенду Лукашэнка ўсяляк эксплуатуе і падтрымлівае. Ён жа ва ўсіх інтэрв'ю распавядае: то Захад збіраўся нападаць, то прымушаў Украіну напасці, то ён спрабуе ўцягнуць Беларусь — а мы вось «бедныя, няшчасныя», і самі нічога такога не хочам, але трэба ж неяк рэагаваць. У гэтай канструкцыі ЗША, Захад у цэлым павінны адмовіцца ад сваёй «агрэсіўнай» палітыкі.

Што тычыцца прапановы прызнаць Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй, на думку палітолага, гэта як раз згуляе на руку беларускім уладам, паколькі ў некаторым сэнсе здымае адказнасць з рэжыму Лукашэнкі за дзеянні, якія адбываюцца, дае алібі.

— Гэта як раз дазволіць Лукашэнку «скіпнуць» з сітуацыі, таму, важней, хутчэй, падтрымліваць рыторыку пра тое, што Беларусь удзельнічае ў расійскай агрэсіі, — кажа Андрэй Ягораў. — А потым ставіць на парадак дня пытанне аб недапушчэнні актыўных агрэсіўных дзеянняў з боку Беларусі і гарантый, як гэта можа быць зроблена.

Калі ж казаць пра добрыя сцэнары не для рэжыму Лукашэнкі, а для Беларусі, то прама цяпер іх таксама няма, лічыць палітолаг. Але яны могуць з'явіцца, калі ўзнікнуць дадатковыя фактары.

— Тое, што будзе адбывацца з Беларуссю пасля вайны, залежыць ад наяўнасці суб'ектаў унутры краіны, якія могуць адказваць за ўсю Беларусь, — тлумачыць Андрэй Ягораў. — Цяпер гэта беларускі рэжым, які ўтрымлівае сілавы кантроль — іншых суб'ектаў няма. І пытанне не ў міжнародным прызнанні Ціханоўскай, але ў наяўнасці інструментаў кантролю і кіравання ўнутранай сітуацыяй у Беларусі.

Увогуле, калі ў Беларусі ёсць актыўная суб'ектнасць і складваецца сітуацыя, хоць бы аддалена падобная на двоеўладдзе, тады ў другога суб'екта, які супрацьстаіць рэжыму Лукашэнкі і пуцінскай агрэсіі, з'яўляецца шанец удзельнічаць у перамовах з іншым меркаваннем у дачыненні да Беларусі.

Гэта значыць, можна будзе казаць, што Лукашэнка — агрэсар, разам з Расіяй, а недапушчэнне далейшай агрэсіі магчымае толькі ў тым выпадку, калі ў Беларусі ўсталёўваецца дэмакратыя: праводзяцца новыя выбары, рэканстытуцыіруецца сістэма ўлады, выводзяцца расійскія вайсковыя базы і скасоўваецца вайсковая залежнасць Беларусі ад Расіі.

Але каб ставіць такога роду пытанні, патрэбна зусім ясная, праяўленая і актыўна дзеючая ўнутрыбеларуская сіла, хай нават яе палітычная рэпрэзентацыя будзе па-за межамі Беларусі. Яна можа быць праяўлена, да прыкладу, у выглядзе актыўнага антываеннага руху, руху супраціву.

Ад таго, як сябе сёння вядуць беларусы і ўнутры, і звонку краіны, будзе залежаць, якім чынам будзе пастаўленае пытанне незалежнасці і будучыні Беларусі ў сітуацыі пасляваеннай перабудовы адносін у рэгіёне, — рэзюмуе эксперт.