«Доўгі час лічылася, што магчымасць супрацоўніцтва з Лукашэнкам абараняе Украіну ад нападу»

Рэдактар «Еўрапейскай праўды» Юрый Панчанка каментуе магчымае прызнанне Беларусі акупаванай тэрыторыяй і ўдзел палка Каліноўскага ў палітыцы.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі. Фота: «Associated Press»

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі. Фота: «Associated Press»


— Думаю, гэты законапраект трэба было прыняць яшчэ ў канцы лютага, пасля таго, як з Беларусі ажыццявіўся ваенны напад на Украіну, — кажа Панчанка ў інтэрв'ю «Радыё НВ» пра магчымасць прызнання тэрыторыі Беларусі акупаванай Расійскай Федэрацыяй. — Украіна доўгі час вагалася наконт гэтага кроку, лічылася, што магчымасць нейкага супрацоўніцтва з Лукашэнкам абараняе нас ад яшчэ аднаго нападу з беларускай тэрыторыі. Аднак відавочна, што гэта не так.
Будзе напад з Беларусі ці не, ніяк не залежыць ад таго, прызнаем мы беларускі ўрад легітымным або, наадварот, канчаткова скажам, што ён нелегітымны, а дзяржаўныя інстытуцыі Беларусі цалкам захоплены Расіяй, як, у прынцыпе, яно ёсць на самой справе ўжо апошнія два гады.
Панчанка падкрэслівае: сітуацыя ў Беларусі моцна змянілася пасля падзей 2020 года.
— Доўгі час Лукашэнка быў не гатовы аддаваць суверэнітэт краіны. У адносінах з Расіяй Беларусь кіравалася прынцыпам «крэдыты ўзамен на пацалункі». Гэта значыць, Лукашэнка гаварыў, што інтэграцыя непазбежная, што яна прагрэсуе, атрымліваў чарговы крэдыт або іншую дапамогу, пасля чаго пра гэта забываў. Нават на выбары 2020 года Лукашэнка ішоў з даволі вострай антырасійскай прапагандай: маўляў, яго апаненты — гэта агенты Крамля, а ён — абаронца суверэнітэту.


Але пасля выбараў падтрымка Пуціна дапамагла Лукашэнку захаваць уладу. І цяпер, па сутнасці, улада Лукашэнкі трымаецца дэ-факта на расійскіх штыках, прапагандзе і дапамозе, у тым ліку вайсковай. Пасля 2020 года пачалося канчатковае размыванне беларускага суверэнітэту. Сёння мы бачым, што пытанне нападу расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі ніякім чынам не залежыць ад Лукашэнкі: ён не можа забараніць расійцам ажыццявіць напад, як гэта было ў лютым.
Журналіст таксама адзначыў, што калі законапраект будзе прыняты і Беларусь будзе прызнана акупаванай Расіяй, то на парадку дня будзе стаяць пытанне сінхранізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і Беларусі. Аднак паўстане пытанне:
— Калі беларуская ўлада ніяк не можа прадстаўляць інтарэсы сваёй краіны, то хто рэальны прадстаўнік беларускага грамадства, з якім мы і сусветная супольнасць можам весці перамовы?
Для большасці заходніх краін гэта часовы ўрад Святланы Ціханоўскай. Яна мае мандат легітымнасці, якога не было яшчэ ні ў аднаго беларускага апазіцыйнага палітыка. Аднак для Украіны гэта не відавочна. Прадстаўнікі «Слугі народа», напрыклад, прапануюць у якасці афіцыйнага прадстаўніка Беларусі, з якім Украіна можа весці перамовы, полк Каліноўскага.
І я б звярнуў увагу, што пра ініцыятыву аб прызнанні Беларусі акупаванай тэрыторыяй упершыню было сказана на супольнай сустрэчы парламенцкага камітэта, дзе былі аўтары гэтага законапраекта з прадстаўнікамі палка Каліноўскага.


Гэта значыць, па сутнасці, полк стаў суб'ектам палітыкі, нягледзячы на тое, што ёсць такая дэмакратычная традыцыя, калі вайскоўцы не могуць займацца палітыкай. Аднак у дадзеным выпадку на гэта заплюшчылі вочы. Фактычна, гэта быў такі пробны крок у бок таго, каб весці з палком Каліноўскага якія-небудзь палітычныя перамовы.
 Які ў гэтага будзе працяг і ці будзе наогул — мы яшчэ не ўпэўненыя. Але крок быў зроблены, і гэта вельмі важна.
Паводле «Салідарнасці».