Опцыю «палітычнае ўрэгуляванне» з Беларуссю ва Украіне нават не разглядаюць?

Калі выбіраюць у легітымныя прадстаўнікі вайскоўцаў палка Каліноўскага — значыць «палітычнае ўрэгуляванне» ўкраінскія дэпутаты ўжо нават не разглядаюць. Пра гэта піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» ў сваёй звыклай іранічнай манеры.

belarus_ukraina_polk.jpg

Днямі некаторыя ўкраінскія дэпутаты заявілі, што лічаць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне, легітымнымі прадстаўнікамі беларускага народа. Не скажу, што мне падабаюцца гэтыя заявы. Але ведаеш, па-першае, ва Украіне шмат розных дэпутатаў. І кажуць яны вельмі розныя рэчы. І калі рэагаваць кожны раз, калі здаецца, што хтосьці ва Украіне не мае рацыі, то ніякіх рэакцый не напасешся.

А па-другое, я ведаю, каму гэтая заява падабаецца яшчэ менш. Беларускім уладам. Вось зусім, падазраю, не падабаецца. Таму што калі замежныя палітыкі абмяркоўваюць спосабы вырашэння беларускай праблемы з цывільнымі людзьмі, то гэта значыць, што яны, хоць бы чыста тэарэтычна, мяркуюць, што праблема можа быць урэгуляваная не вельмі балючым спосабам. Выказваннем заклапочанасцяў — і можа нават глыбокіх заклапочаннасцяў. Перамовамі пра палітычныя ўмовы, канструктыўны дыялог, эвалюцыйныя перамены, усе справы.


А калі хтосьці выбірае ў легітымныя прадстаўнікі вайскоўцаў, гэта значыць, што опцыю «палітычнае ўрэгуляванне» ён ужо нават не разглядае. Выключна балючыя метады вырашэння праблемы донара альтэрнатыўнай стабільнасці. Ну а што ты хочаш? Апошнія два гады беларускія ўлады данацілі стабільнасцю ва ўсе бакі. Вядома, суседзі ўжо трошкі стаміліся.

Зразумела, што група ўкраінскіх дэпутатаў не выказвае пазіцыю Украіны. Тым больш, яна не выказвае пазіцыю іншых беларускіх суседзяў. Але тэндэнцыя для беларускіх уладаў трывожная. Яны і так бачаць змовы супраць сябе, любых, пад кожным кустом. А тут група ўкраінскіх дэпутатаў кажа, што лічыць беларускіх добраахвотнікаў легітымнымі прадстаўнікамі і пра нешта з імі дамаўляецца. Уяўляеш, як яно выглядае ў вачах беларускіх генералаў, якія не панікуюць з апошніх сіл?

Вось з-за гэтых ста баевікоў, якія «не хочуць ваяваць і ўсе ўжо даўно разбегліся», беларускія генералы другі тыдзень праводзяць псіхатэрапеўтычныя туры па гарадах. Складаюць планы захопу Маларыты і ловяць шпіёнаў. Гатовыя паставіць пад ружжо паўмільёна чалавек, але разумеюць, што паўмільёна ім не хопіць. І пасля ўсяго гэтага ім кажуць: лічым беларускіх добраахвотнікаў легітымнымі прадстаўнікамі беларускага народа. Нервуе ж.


Таму што зімовы марш са сваёй тэрыторыі на Кіеў беларускім уладам каштаваў толькі, па сутнасці, лёгкага сполаху. Тады ў УСУ было дастаткова шмат іншых праблем і не хапала дальнабойных артылерыйскіх сістэм. Падазраю, беларускія ўлады разумеюць, што ў выпадку паўтарэння гэтага манеўру лёгкім спалохам ужо не абыдуцца. Нават без непасрэднага ўдзелу ў ім беларускай арміі. УСУ ўжо папярэдзілі што адкажуць ударамі па беларускіх ваенных аб'ектах. І, вядома, беларускія ўлады падазраюць, што добраахвотнікі ва Украіне могуць стаць часткай гэтага адказу. Так што, глядзіш, сустрэчы дэпутатаў з добраахвотнікамі могуць стаць дадатковым аргументам, каб утрымаць іх ад неабдуманых учынкаў. Хаця, не факт, вядома, што ад беларускіх уладаў многае залежаць.