Беларускай валанцёрцы з Бучы Украіна адмовіла ў часовым відзе на жыхарства

Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны ўсё ж адмовіла Карыне Пацёмкінай — беларускай валанцёрцы з Бучы — у выдачы віду на часовае пражыванне ва Украіне.

291349109_142729315051816_2190883744847128585_n_1.jpg

Гэта справа цягнецца ўжо не адзін месяц.

Карына Пацёмкіна — беларуска, якая жыла і валанцёрыла ў Бучы. 30 чэрвеня Кацярыне ўручылі падзяку за валанцёрскую дзейнасць ва Украіне. Падзяка была ўручаная ад асобы Бучанскай тэрытарыяльнай грамады.

А ўжо 6 ліпеня стала вядома, што ў Карыны не прынялі дакументы на легалізацыю ва Украіне. У ліпені ўкраінская міграцыйная служба ўжо пастанаўляла, што дзяўчына мусіць пакінуць краіну, пра што ёй паставілі адмысловы штамп у пашпарце. Быў нават тэрмін пазначаны, калі Карына мусіла з’ехаць, — да 15 ліпеня.

Справа дзяўчыны займела шырокі грамадскі рэзананс, і 14 ліпеня стала вядома, што рашэнне пра высылку было ануляванае.

Карыне падоўжылі тады дазволены тэрмін знаходжання ва Украіне, аднак гэта было толькі часовае рашэнне. Беларускай валанцёрцы неабходна было для сваёй легалізацыі звярнуцца па атрыманне статусу ўцекача або па часовы від на жыхарства, адзначае Св*абода.

«Я падала дакументы 12 верасня. Перад гэтым два тыдні згубіла ў дэпартаменце па ўцекачах, бо яны настойвалі не звяртацца па абарону, а рабіць від на жыхарства на падставе валанцёрства. Больш, чым месяц я прачакала нейкага рашэння, а 18 кастрычніка мне адмовілі. Адмова, імаверна, звязана з тым, што я выязджала з краіны», — сказала Св*бодзе Карына Пацёмкіна.


Беларуска дадала, што больш за месяц разгляд дакументаў не прасоўваўся.

«Да 18 кастрычніка дакументы не рухаліся нікуды, нягледзячы на лісты Бучанскай рады паспрыяць у легалізацыі», — сказала Карына.

Паводле яе, у Дзяржаўнай міграцыйнай службе Украіны прычыну адмовы не паведамілі. «А пасля ўсяго гэтага я і сама не хачу даведвацца. З мяне хапіла», — дадала яна.

Карына пакуль не плануе абскарджваць рашэнне міграцыйнай службы, але і не вызначылася яшчэ, што рабіць далей.

291347131_142729318385149_5685361915187841420_n_logo_1.jpg

Беларуска з’ехала ва Украіну пасля палітычных рэпрэсій у Беларусі, жыла  ў Бучы, перажыла там акупацыю. Пасля таго, як рускія войскі 31 сакавіка пакінулі Бучу, Карына вярнулася туды як валанцёрка. Ад мясцовай улады яна атрымала падзяку за сваю дзейнасць: «Выказваем Вам шчырую падзяку за валанцёрскую ініцыятыву, актыўную грамадзянскую дзейнасць і плённае супрацоўніцтва з Бучанскай мясцовай тэрытарыяльнай грамадай», — гаворарылася ва ўзнагародзе ад мясцовай грамады Бучы.