У беларускай валанцёркі з Бучы не прынялі дакументы для легалізацыі ва Украіне

У Карыны Пацёмкінай, беларускай валанцёркі з Бучы, не прынялі дакументы для падачы на часовы ВНЖ ва Украіне, расказала яна выданню «Медыязона».

Карына Пацёмкіна. Фота: facebook.com

Карына Пацёмкіна. Фота: facebook.com


Паводле слоў дзяўчыны, яна прыйшла ў міграцыйную службу, каб падаць дакументы на афармленне часовага віду на жыхарства ва Украіне, выкарыстоўваючы для гэтага падставу «валанцёрства ў арганізацыі». Але пакет дакументаў, у тым ліку падзяку ад Бучанскай тэрытарыяльнай грамады, не прынялі, кажа Пацёмкіна. Пазней супрацоўніца міграцыйнай службы забрала ў Пацёмкінай пашпарт і сказала, што ў яе будзе штраф, але «мінімальны, бо яна валанцёр».

«Паслязаўтра я пайду за пашпартам, а там будзе штамп. І я не прыеду ва Украіну, таму што цяпер яны дэпартуюць усіх без разбору. Ставяць вось гэтыя штампы і даюць штрафы», — гаворыць Карына Пацёмкіна.

Да гэтага на тэрыторыі Украіны валанцёрка знаходзілася без віду на жыхарства і жыла ў Бучы. Пасля наступу расійскіх войск яна змагла эвакуіравацца, але потым вярнулася «як толькі можна было», кажа дзяўчына.

«Я проста легальна знаходзілася на тэрыторыі Украіны 180 дзён. Я таксама ўцякла, але не падавалася на палітычнае. Я толькі патэлефанавала [у міграцыйную службу], і мне сказалі, што на ваенным становішчы яны не прымаюць заявы на бежанства, але нібыта мой званок зафіксавалі і ператэлефануюць мне, калі скончыцца вайна, — патлумачыла дзяўчына.

30 чэрвеня Кацярыне Пацёмкінай уручылі падзяку за валанцёрскую дзейнасць ва Украіне.

Гэта не першы выпадак, калі беларускім валанцёрам ва Украіне адмаўляюць у легалізацыі. Нядаўна ў аналагічнай сітуацыі аказалася беларуская праваабаронца Анісія Казлюк: яна была затрыманая 24 чэрвеня ў Кіеве за нелегальнае знаходжанне ва Украіне, ёй пагражала дэпартацыя з краіны. Тады ў сітуацыю ўмяшаўся прадстаўнік офіса Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі. Па выніках яго перамоў з кіраўніком Камітэта па правах чалавека Вярхоўнай Рады Украіны Дзмітрыем Лубінцом 24 чэрвеня стала вядома, што з праваабаронцы спагоняць мінімальны штраф, аднак выдвараць з краіны не будуць. 27 чэрвеня, Анісію аштрафавалі на мінімальна магчымую суму — 1700 грыўняў, пасля чаго пакет дакументаў для легалізацыі Анісіі Казлюк ва Украіне ўсё ж прынялі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: