«Для абсалютнай большасці брытанцаў гэта факт радасны». Халезін — пра адстаўку Джонсана

Беларускі рэжысёр і грамадскі дзеяч Мікалай Халезін, які даўно жыве ў Англіі, выказаўся з нагоды заўчаснага сыходу з пасады прэм'ер-міністра каларытнага Борыса Джонсана. 

photo_2022_07_07_14_51_20.jpg

— Неяк усе здрыгануліся ад навін пра сыход Борыса Джонсана і пагрузіліся ў розныя станы: ад вадкага на тэрыторыі Усходняй Еўропы да цвёрдага ў Вялікабрытаніі, — піша Мікалай Халезін у сваім тэлеграм-канале. — Яно і зразумела: украінцы лічаць Джонсана сваім нацыянальным героем, а брытанцы — чалавекам, які вінаваты ва ўсіх эканамічных кашмарах, якія здарыліся ў Вялікабрытаніі пасля Брэксіту.

Не стану доўга аналізаваць сітуацыю, скажу толькі, што сыход Джонсана, які не справіўся з роляй прэм'ера, быў прадвызначаны. Адзінае, што ўтрымлівала яго ва ўладзе — пачуццё самазахавання, якое мяжуе з лукашэнкаўскім. За парушэнне законаў, публічны падман і ўсе скандалы, спадарожныя яго праўленню, ён павінен быў бы як мінімум паўстаць перад спецыяльнай парламенцкай камісіяй, а як максімум — адказваць за ўсё гэта ў судзе. Але Борыс ва ўсе часы быў чалавекам беспрынцыповым і ігнараваў негалосныя ўрадавыя правілы, якія да яго здаваліся непарушнымі. Але сысці ўсе-ткі прыйшлося. І гэта для абсалютнай большасці брытанцаў безумоўна факт радасны.

Цяпер пра Украіну. Я не бачу на палітычным полі Вялікабрытаніі ні аднаго фактару, які гаворыць аб тым, што жорсткая пазіцыя краіны адносна Расіі неяк зменіцца. Для гэтага няма не толькі палітычных перадумоў, але і адпаведных настрояў у грамадстве, каб яно было гатова змякчыць сваю пазіцыю.

Безумоўна, многае залежыць ад фігуры, якая зойме прэм'ерскую пасаду. Цяпер актыўна прагаворваецца варыянт, што на месца Джонсана можа прыйсці міністр абароны Бэн Уолес. І калі гэта прызначэнне адбудзецца, Крамлю варта было б не радавацца, а хутчэй гараваць. Уолес пуцінскі рэжым не называе ніяк інакш, чым фашысцкі, і мяркуе, што ўсё пуцінскае асяроддзе і генералітэт павінны адказваць за зробленае перад Міжнародным трыбуналам.

Але, паўтаруся: нават калі прэм'ерам стане любая іншая фігура з Торы, не думаю, што спыніцца падтрымка Украіны ці змякчыцца стаўленне да Расіі. А магчыма, што падтрымка стане яшчэ больш эфектыўнай, а стаўленне да Расіі яшчэ больш жорсткім.