Брытанскія міністры патрабуюць ад Джонсана сысці ў адстаўку

Ціск на кіраўніка ўрада Вялікабрытаніі ўзмацніўся на фоне сэкс-скандалу ў партыі торы. Больш за 30 чалавек пакінулі ўрад Джонсана. Сам прэм'ер сыходзіць у адстаўку адмаўляецца.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан


Брытанскія міністры збіраюцца запатрабаваць ад Барыса Джонсана сысці з пасады кіраўніка ўрада Злучанага Каралеўства. Пра гэта паведамілі адразу некалькі брытанскіх СМІ ў сераду, 6 ліпеня. Паводле даных медыякампаніі BBC, тэлеканала «Sky News» і іншых сродкаў масавай інфармацыі, дэлегацыя чакае вяртання прэм'ер-міністра з пасяджэння парламенцкага камітэта, на якім Джонсан заявіў пра намер працягваць працу. «Я не збіраюся сыходзіць у адстаўку, і апошняе, што патрабуецца гэтай краіне, шчыра кажучы, гэта выбары», — сказаў ён.
Борыс Джонсан паўстаў перад членамі парламента пасля сыходу ў адстаўку 5 ліпеня дваіх з самых высокапастаўленых членаў урада — міністра аховы здароўя і сацыяльных спраў Саджыда Джавіда і міністра фінансаў Рышы Сунака. Абодва паведамілі, што не могуць працягваць працу ва ўрадзе Джонсана з этычных меркаванняў.

Сэкс-скандал з удзелам высокапастаўленага члена партыі торы

Заявы на сыход у адстаўку Сунак і Джавід падалі на фоне скандалу, які разгарэўся вакол намесніка парламенцкага арганізатара кіруючай Кансерватыўнай партыі Крыса Пінчэра. На мінулым тыдні ён зладзіў п'яны дэбош у элітным лонданскім клубе «Карлтан», дамагаўся да дваіх мужчын. Пасля палітык раскаяўся ў зробленым і падаў у адстаўку.
Як высветлілася, пры прызначэнні Пінчэра на кіруючыя партыйныя і ўрадавыя пасады Джонсан ведаў, што той у мінулым ужо быў фігурантам парламенцкага расследавання ў сувязі з дамаганнямі. Неўзабаве пасля таго, як стала вядома пра адстаўкі кіраўнікоў міністэрстваў фінансаў і аховы здароўя, са сваіх пастоў вырашылі сысці яшчэ некалькі прадстаўнікоў Кансерватыўнай партыі. Агулам ў адстаўку з урадавых пасад падалі больш за 30 чалавек.

Кансерватары пакуль не будуць мяняць правілы вынясення вотуму недаверу

Тым часам сябры «Камітэта 1922» — уплывовай парламенцкай групы ў складзе Кансерватыўнай партыі — на пасяджэнні 6 ліпеня вырашылі не мяняць правілы вынясення вотуму недаверу Джонсану, пра што раней паведамлялі СМІ. Як піша агенцтва «Reuters» са спасылкай на трох парламентарыяў, 11 ліпеня камітэт збіраецца перавыбраць кіраўніка, якім цяпер з'яўляецца сэр Грэм Брэдзі. Ужо пасля абрання новага кіраўніка члены камітэта абмяркуюць магчымыя змены правілаў ініцыявання вотуму недаверу.
Месяц таму брытанскія дэпутаты-кансерватары галасавалі па пытанні аб вынясенні вотуму недаверу Джонсану ў сувязі з так званым «Пацігейтам» — шэрагам вечарынак на Даўнінг-стрыт у разгар кавіднага локдаўна ў 2020 годзе. Аднак тады ў Джонсана атрымалася захаваць свой пост, заручыўшыся падтрымкай 211 з 359 аднапартыйцаў.
Паводле dw.com.