Вялікабрытанія ўводзіць новыя санкцыі супраць Беларусі
Урад Вялікабрытаніі ўводзіць новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі — за тое, што «рэжым Лукашэнкі працягвае актыўна садзейнічаць незаконнаму ўварванню Пуціна ва Украіну».
Новыя абмежаванні заблакуюць гандаль таварамі на суму каля 60 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў з Беларуссю за падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну. Гэтыя меры ўключаюць у сябе забарону на экспарт прадуктаў нафтаперапрацоўкі, тэхналогій і прадметаў раскошы.
Новыя санкцыі пачнуць дзейнічаць з 5 ліпеня 2022 года.
Пакет пашырае на Беларусь дзеянне некаторых з мер, якія Вялікабрытанія прыняла супраць Расіі. У іх шэраг уваходзяць:
- экспарт тавараў нафтаперапрацоўкі;
- экспарт кампанентаў перадавых тэхналогій — такіх, як тыя, якія выкарыстоўваюцца ў квантавых вылічэннях;
- экспарт прадметаў раскошы, уключаючы брытанскія творы мастацтва і дызайнерскія сумкі;
- імпарт беларускага чыгуну і сталі;
Урад Вялікабрытаніі таксама абмяжоўвае доступ Беларусі да брытанскага сектара фінансавых паслуг сусветнага класа, забараняючы большай колькасці беларускіх кампаній выпускаць даўгавыя абавязацельствы і каштоўныя паперы ў Лондане.
Акрамя пералічанага, на дадзены момант у брытанскія санкцыі супраць Беларусі ўключаныя таксама павышэнне тарыфаў на шэраг тавараў беларускай вытворчасці на 35% і санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і высокапастаўленых урадавых чыноўнікаў за «парушэнні правоў чалавека і падрыў дэмакратыі».