БЧБ-нявеста: з СБУ прыйшлі і спыталі, ці не завербаваныя мы ў беларускай турме
Калі ўкраінцы лічаць, што беларусы цяпер небяспечныя ўнутры краіны, то ўсё, што ім трэба зрабіць, — гэта заявіць пра гэта сумленна і адкрыта, — разважае Ірына Зайцава, якая была вымушаная з'ехаць з Украіны, хоць паспела набыць там дом.

Іна Зайцава падчас пратэснай акцыі ў Мінску. Фота Паўла Хадзінскага
Беларуска Іна Зайцава, вядомая з часоў пратэстаў у Беларусі як БЧБ-нявеста, была вымушаная з'ехаць з Украіны разам з мужам і двума дзецьмі. Яна сутыкнулася з той жа праблемай, што і многія беларусы ва Украіне, — не ўдалося падоўжыць від на жыхарства.
Ва Украіну сям'я паехала, ратуючыся ад рэпрэсій. Калі Расія напала на Украіну, Іна ўжо набыла там дом, і яны з мужам вырашылі не ўцякаць яшчэ і ад вайны. Цяпер легальна знаходзіцца ва Украіне немагчыма і зноў даводзіцца жыць на валізах.
З дзяўчынай паразмаўляла “Еўр*радыё” і даведалася, як работнікі СБУ наведваюць беларусаў ва Украіне і чаму ўкраінскія ўлады паводзяць сябе несумленна ў дачыненні да беларусаў.


Іна Зайцава падчас акцыі ў Кіеве. Фота Паўла Хадзінскага
«Прадстаўнік СБУ хацеў даведацца, ці не з'яўляемся мы агентамі КДБ»
Ніякіх змен у міграцыйным заканадаўстве Украіны не было, затое дыскрымінацыя беларусаў ёсць, расказвае Іна.
— За два дні да ад'езду да нас прыходзіў прадстаўнік СБУ і ўдакладняў, калі мы паедзем. Хацеў даведацца, ці не з'яўляемся мы агентамі КДБ, завербаванымі, пакуль сядзелі ў турмах. Неяк пераседзець у нашым выпадку не было магчымасці.
У сваім доме сям'я пасялілі кіяўлян, загрузіла ўсё, што можна, у машыну і паехала ў Польшчу.
— Мы як тыповыя ўкраінскія ўцекачы: ніякай працы, ніякага даходу, але маладыя, здаровыя, моцныя, з рукамі, з галавой. Таму наконт працы мы не перажываем. Мы гатовыя прайсці шлях ад нуля да зорак, — усміхаецца суразмоўніца. — У Варшаве зусім ненадоўга застанёмся. Паедзем на Захад, у Еўропу. Для нас важна знайсці стабільную краіну, каб дзеці маглі нармальна вучыцца.

«Калі беларусы небяспечныя — трэба заявіць пра гэта адкрыта»
Іна разумее логіку ўкраінскіх уладаў, але рэалізаваная яна нецывілізавана, перакананая суразмоўніца.
— Хацела б парэкамендаваць украінскім уладам падзяляць еўрапейскія каштоўнасці не толькі на словах, не толькі ў бітве, але і ў выкананні агульначалавечых правоў і свабод. Калі ўкраінцы лічаць, што беларусы цяпер небяспечныя ўнутры краіны, то ўсё, што ім трэба зрабіць, — гэта заявіць пра гэта сумленна і адкрыта.
Калі б да нас звярнулася ўкраінская ўлада з такім заклікам: «Беларусы, мы ўсё разумеем, але цяпер вайна, мы асцерагаемся. Таму, калі ласка, выязджайце з нашай тэрыторыі. Каму вельмі трэба застацца — вырашайце пытанне праз СБУ». І не было б ніякага абурэння, думаю, усе б зразумелі.

Іна Зайцава падчас акцыі ў Кіеве. Фота Паўла Хадзінскага
Па назіраннях Іны, такое стаўленне да беларусаў не адлюстроўвае настрояў ва ўкраінскім грамадстве.
— Мы беларусы, ехалі на машыне з беларускімі нумарамі. Нідзе мы не сутыкнуліся з дыскрымінацыяй. Не было ні дрэннага стаўлення людзей, ні дрэннага слова. Выключна праблема ўлады з крывадушнасцю: заявы ў прэс-рэлізах адны, а на справе зусім іншае. Зычу, каб украінскія ўлады пераадолелі гэтую мяжу і выйшлі на новы ўзровень палітычнай дзейнасці: сумленнасць, адкрытасць, давер, — падводзіць рысу Іна.

Паводле Еўр*радыё