«Сказалі, што назад не пусцяць». «Бчб-нявесце» пагражае дэпартацыя з Украіны
Іна Зайцава павінна выехаць з Украіны да 17 чэрвеня. Назад у краіну яе ўжо не пусцяць.
Іна Зайцава стала вядомай у Беларусі падчас пратэстаў 2020 году. На шэсьці і мітынгі яна выходзіла ў вясельным строі белага і чырвонага колераў, праз што хутка атрымала мянушку «бчб-нявесты», распавядае «Св*абода». Удзельнічала Зайцава ў акцыях ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах, езьдзіла падтрымліваць рабочых «Гродна Азота». У выніку Іна разам з мужам і двума дзецьмі ў сьнежні 2020 году зь Беларусі зьехала і пасялілася недалёка ад Кіева, дзе сям’я набыла невялікі вясковы дом. Летам 2021 году яна атрымала часовы дазвол на жыхарства ва Ўкраіне як пазаштатная журналістка «Б*лсату». На пачатку чэрвеня 2022 году яго трэба было працягнуць, але з гэтым узьніклі праблемы.
«Ніякіх праблем няма, калі ты прыехаў ва Ўкраіну паміраць»
«Ва Ўкраіне ў людзей няма ніякіх праблем, калі ты прыехаў паміраць за Ўкраіну, — кажа Іна ў размове са Свабодай. — А вось каб жыць тут, з гэтым складаней. У мяне цяпер скончыўся дазвол на жыхарства, і па ўкраінскім законе я павінна выехаць з Украіны, а тады зноў магу заехаць. І на працягу шасьці месяцаў змагу зноў займацца дакумэнтамі. Я прыйшла ў мясцовы дэпартамэнт па міграцыі і кажу ім, што не пасьпела падаць дакумэнты на працяг. Яны не прымалі праз вайсковы стан, а зараз зноў пачалі. Мне сказалі, што не праблема, маўляў. Едзь за мяжу, вяртайся, і мы вам усё аформім».
Іна паслухала чыноўнікаў і паехала на мяжу Ўкраіны і Малдовы, каб за дзень выехаць і вярнуцца назад да мужа і дзяцей. Усе пляны парушылі ўкраінскія памежнікі.
«Яны мне сказалі, што выпусьцяць з Украіны без праблем, а вось назад з Малдовы я ўжо не змагу вярнуцца, — расказвае беларуска. — У іх вайсковы загад. Сказала ім, што ў мяне дом, што я тут жыву, што я да Ўкраіны вельмі ляяльны чалавек. Кажу ім, давайце па-чалавечы неяк падыдзем да гэтага ўсяго. Бо я не хачу парушаць украінскіх законаў. Хачу знаходзіцца легальна».
Па словах Іны, украінскія памежнікі ёй патлумачылі, што законных падставаў для ўезду ва Ўкраіну ў яе пакуль можа быць няшмат: калі муж альбо дзеці — грамадзяне Ўкраіны, альбо патрэбны спэцыяльны дазвол на ўезд у якасьці будучага ўдзельніка баявых дзеяньняў. У выніку Іна адмовілася ад ідэі выяжджаць у Малдову і вярнулася дадому.
«Немагчыма патрабаваць нечага, калі ты сам гэтага не выконваеш»
«Зараз я ва Ўкраіне амаль нелегал, — кажа жанчына. — Мой дазвол на жыхарства скончыўся 10 чэрвеня. Я маю сем дзён, каб нейкім чынам выехаць і пасьля вярнуцца. З 17 чэрвеня я стану нелегалам цалкам. Тут цяпер блёкпасты на кожным кроку, усюды правяраюць дакумэнты. Што будзе са мной, я ня ведаю. Гэта ўсё надзвычай несалідарная пазыцыя, якая прыніжае і крыўдзіць па-чалавечы. Украіна моцна апэлюе да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і салідарнасьці. Крыўдзіцца на беларусаў і эўрапейцаў, калі яны не рэагуюць на бягучыя праблемы. І яны правільна гэтага патрабуюць, я абсалютна згодная з украінцамі. Але ж гэта двухбаковы працэс. Немагчыма патрабаваць нечага, калі ты сам гэтага не выконваеш».
Іна расказвае, што пасьля публікацыі ў сваім блогу, дзе яна напісала пра гэтыя праблемы, атрымала самыя розныя камэнтары. Збольшага падпісчыкі, у тым ліку ўкраінцы, падтрымалі беларуску. Аднак былі і адваротныя выпадкі.
«Адна ўкраінка мне напісала, што я ня маю права пярэчыць, — расказвае беларуска. — Што ідзе вайна, гінуць людзі. І я ня маю права абурацца. Сказала ёй, што гэта люстраная сытуацыя. Што было б, каб украінку разьвярнулі на мяжы з Эўразьвязам? Гэта быў бы скандал. А яны зараз робяць тое самае. Адправіць зараз беларуса ў Беларусь — гэта што можа значыць? У чым розьніца? Я ў сваім блогу пра ўсякае пісала. Што, мяне цяпер вернуць у Беларусь пад арышт і, магчыма, пад кулю?»
Па словах Іны, праблема з працягам дазволу на жыхарства ва Ўкраіне зараз датычыць ня толькі яе, але і іншых беларусаў, а таксама грамадзян іншых краін. Яна кажа, што зараз шмат каго выганяюць з Украіны такім жа чынам, прапаноўваюць ехаць дадому і там афармляць новыя дакумэнты для ўезду. Праблемы ўзьніклі ў тых, хто ня змог да пачатку чэрвеня падаць дакумэнты на працяг дазволу на жыхарства. У самой беларускі ён быў аформлены як у пазаштатнай супрацоўніцы тэлеканалу «Белсат». Іна кажа, што канал толькі зараз змог падаць новыя дакумэнты на яе імя. У аддзеле міграцыйнай службы, куды яна зьвярталася са сваімі праблемамі, беларуска сустрэла землякоў, якія таксама трапілі ў падобную сытуацыю і ня ведалі, што рабіць.
«Паставяць штампы аб забароне на ўезд на пяць гадоў»
Іна мяркуе, што ўкраінскія ўлады маглі б зараз выдаць распараджэньне, якое аўтаматычна працягвала б тэрмін дзеяньня ўсіх украінскіх дакумэнтаў замежнікаў да канца вайны. Гэта магло б вырашыць большасьць праблем зь легалізацыяй і нелегальным становішчам тысяч людзей, ня толькі беларусаў. Ёй самой зараз пагражае штраф — каля 500 даляраў.
«На дадатак, пасьля штрафу мяне могуць абавязаць пакінуць тэрыторыю Ўкраіны, — кажа беларуска. — Гэта ў лепшым выпадку. У горшым — вывезуць самі. Хоць я ня думаю, што зараз да такога дойдзе. Хутчэй за ўсё, проста запатрабуюць выехаць, праставяць штампы аб забароне на ўезд ва Ўкраіну на тры альбо пяць гадоў. Як вырашаць памежнікі».
Сытуацыю, у якую трапіла беларуска, ускладняе тое, што ў іх з мужам двое дзяцей, зь якіх адно яшчэ ходзіць у садок. Іна кажа, што прасьцей прымаць рашэньне аб пераезьдзе ў новую краіну было б адной, а не калі ў цябе ёсьць свой дом і сям’я. Зараз беларуска з мужам абдумваюць свой далейшы лёс, яны хочуць мець некалькі варыянтаў дзеяньняў.