ААН: з пачатку вайны ва Украіне забіты больш за 4400 мірных жыхароў
На сайце ААН у сераду апублікаваны новыя, удакладненыя звесткі аб мірных жыхарах Украіны, якія загінулі і параненыя падчас вайны.

Па дадзеных упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, з моманту пачатку расійскага ўварвання ва Украіне былі забітыя 4452 мірныя жыхары, параненыя – 5531.
У дакуменце паведамляецца, што мужчын сярод загінуўшых прыкладна ў паўтара раза больш, чым жанчын (1712 супраць 1144), а вось хлопчыкаў і дзяўчынак амаль пароўну (106 і 107 адпаведна).
Акрамя таго, у спісах значацца яшчэ 67 дзяцей і 1316 дарослых, пол якіх усталяваць пакуль не ўдалося.
Большасць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва (з тых, што вядомыя ўладам) – вынік прымянення расійскім войскам выбуховых боепрыпасаў з вялікай плошчай паражэння. Абстрэлы вяліся ў тым ліку з цяжкай артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, крылатымі ракетамі і авіябомбамі.
У ААН адзначаюць, што рэальныя лічбы павінны быць значна вышэйшыя, паколькі з некаторых месцаў, дзе вяліся найбольш інтэнсіўныя баі, інфармацыя даходзіць з вялікай затрымкай, а ў справаздачу не ўвайшлі не пацверджаныя пакуль дадзеныя аб загінуўшых у Марыупалі, Ізюме і Папаснай – хаця адтуль таксама прыходзяць паведамленні аб шматлікіх ахвярах сярод мірнага насельніцтва.