Сяргей Навумчык: «Вінаваты, аказваецца, Васіль Быкаў! Абсурд»
«Застаецца верыць, што калі-небудзь Гасподзь верне розум тым, хто яго згубіў», — спадзяецца палітык і журналіст Сяргей Навумчык у сваім блогу.
![hm1bk4cjbue_1_1.jpg hm1bk4cjbue_1_1.jpg](/img/v1/images/hm1bk4cjbue_1_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выдаленьне твору Васіля Быкава са школьнай праграмы ва Ўкраіне тлумачаць саўдзелам Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны.
І сьведчыць гэта пра поўнае няведаньне цяперашнімі кіраўнікамі Ўкраіны палітычных рэалій у Беларусі, што, зрэшты, дэманструецца ледзь не штодня на ўзроўнях больш высокіх, чым чыноўнікі міністэрства адукацыі.
Я ўжо не кажу пра гісторыю Беларусі — даўную і нядаўнюю.
Можна было б узгадаць, што 17-гадовы Васіль Быкаў сустрэў вайну ва Ўкраіне, на ўкраінскай зямлі прыняў свой першы бой, за яе праліў сваю кроў, і нават «пахаронка» ягоным бацькам прыйшла з Украіны — імя Быкава было на абяліску каля Кіраваграду).
Ці прыгадаць, што Васіль Быкаў вітаў вынікі рэфэрэндуму ў сьнежні 1991-га, на якім 90% украінцаў выказаліся за Незалежнасьць.
![Ва украінскіх школах больш не будзе твораў Быкава З украінскай школьнай праграмы прыбяруць Васіля Быкава і рускіх пісьменнікаў](/img/v1/images/bykau_7.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Васіль Быкаў выступіў супраць імпэрскіх памкненьняў дэпутата Лукашэнкі яшчэ ў 1993-м годзе, і быў адным з самых пасьлядоўных ягоных крытыкаў як прэзыдэнта. Менавіта з гэтай прычыны ён быў вымушаны пакінуць Беларусь і апошнія гады жыцьця правесьці на чужыне.
Увесь гэты час, нагадаю, кіраўнікі Ўкраіны сустракаліся, цёпла віталіся і нават цалаваліся з Лукашэнкам. Ні слова асуджэньня ні ягонай зьнешняй палітыкі, накіраванай на інтэграцыю з Расеяй, ні дыктатарскіх мэтадаў мы ад іх ня чулі.
Цяпер, калі тая палітыка прывяла да ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для расейскай агрэсіі — вінаваты, аказваецца, Васіль Быкаў!
Ну ці не абсурд?
Застаецца верыць, што калі-небудзь Гасподзь верне розум тым, хто яго згубіў.
І прыгадаць апошнія радкі апошняй кнігі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому»:
«Што да мяне, дык пэўне мой лёгас пэсымістычны, хаця мая душа прагне апітымізму. Як некалі пісала вялікая Лэся Ўкраінка: «Без надіі такі сподюваюсь» ...