Васіль Быкаў: «Тое, што мы прызвычаіліся лічыць злом, рабілася дабром»

«Літаратурная Беларусь» і «Новы Час» працягваюць публікацыю фрагментаў гутарак Юрася Залоскі з Народным пісьменнікам Беларусі Васілём БЫКАВЫМ, — на гэты раз пра нашую духоўную гісторыю, знішчэнне традыцыйнай маралі, спадзяванні на замежжа, магчымасць далейшага развіцця «тэмы вайны», безадносныя ісціны і д’ябальскі баланс дабра і зла.

bibldrog.by.jpeg


— У сваіх публіцыстычных выступленнях вы, Васіль Уладзіміравіч, досыць песімістычна ацэньваеце жыццё старэйшых пакаленняў савецкіх людзей: як жыццё, патрачанае без сэнсу, упустую, бязмэтна... Калі б такі прысуд вашаму пакаленню выказаў мой равеснік... Але, уяўляецца, жыцця без мэты ўвогуле не можа быць — чалавек заўсёды шукае суладдзя са сваім часам. Можа, не так усё адназначна змрочна ў нашай духоўнай гісторыі, i не ўсё так безнадзейна цяпер?
— Жыццё ўсіх пакаленняў нашай няшчаснай краіны вельмі ж незайздроснае, у тым ліку i таго пакалення, да каторага належыць ваш суразмоўнік. Але ўся справа, мусіць, у адносінах да тае незайздроснасці: адны яе саромеюцца, другія ёю ганарацца. Адны імкнуцца асэнсаваць сваё мінулае, каб здабыць з яго нейкі, хай сабе маральны, урок, іншыя — каб здабыць якую выгоду. У нас ідзе барацьба за прывілеі, па сутнасці — за кавалак смярдзючай каўбасы, якую не ядуць сабакі. I тут цікава тое, што некаторых абурае не сама сутнасць тае паскуднае барацьбы, а яе пэўны вынік. Звычайна ў такіх выпадках навучыліся гаварыць: так, подла, па-свалачному жылі, але ж верылі шчыра, быў энтузіязм! Саджалі, калектывізавалі, будавалі. I высылалі. I даносілі. I супрацоўнічалі...
Але мне думаецца, што чалавек з нармальнай, не пашкоджанай псіхікай у такім выпадку лепш прамаўчыць, каб не дэманстраваць не толькі відавочную амаральнасць свайго жыцця, але й сваё дрымучае глупства. Так, сапраўды, не ўсё так адназначна ў нашай гісторыі, ды i псіхалогіі таксама. Пакаленні людзей, якія за шмат гадоў прызвычаіліся існаваць у дагары нагамі перакуленым свеце, па той бок славутага люстэрка, i на старасці гадоў не здольны зразумець свае трагедыі, — гэтыя пакаленні для нацыі страчаны, таксама як i для чалавечай гісторыі.
— Але, здаецца, з падзеннем імперыі парушыўся пэўны лад жыцця — хай i саветызаваны, наскрозь міфалагізаваны, пракамуністычны — але ж усё-такі ЛАД, са сваёй гармоніяй i нават спецыфічнай эстэтыкай, пэўнай маральнай кансерватыўнасцю. I вось цяпер гэты лад — парушаны, а разам з ім парушаны не толькі палітычныя інстытуты i дзяржаўнасць, але й уладкаванасць псіхалагічнага існавання мільёнаў людзей. Парушаны лёсы.
Вас не трывожыць магчымае выспяванне тут агульнай, мо самай балючай для нашых суайчыннікаў духоўна-псіхалагічнай праблемы?
— Розныя бываюць «лады» i «парадкі». Самы ўзорны быў, мабыць, славуты нямецкі «орднунг», нацысцкі «новы парадак» у Еўропе. Камуністычны парадак таксама на шмат пасягаў (калі не на ўсе), толькі ўсяго не дамогся — мабыць, не тыя былі выканаўцы. Усё ж, не зважаючы на бясконцае, сістэмнае «натаскивание» (у гуртках, універсітэтах, ВПШ, акадэміях), кадры пакрысе гублялі рэвалюцыйную ленінскую апантанасць i памалу, але няўхільна перараджаліся ў звычайных бессаромных хапугаў — хапугаў кабінетаў, чорных аўтамабіляў, дачаў... Натуральна, цяпер, калі мяняецца сацыяльны характар грамадства, узнікае бязладдзе, парушыліся i лёсы людзей: скарочаных апаратчыкаў, звольненых міністэрскіх чыноў, беспрацоўных (часова, аднак) сексотаў, велізарная армія абслугі: парыльшчыкаў з урадавых саўнаў, пакаёвак, шафёраў, ахоўнікаў... Вядома, ім трудна, няўтульна, нязвыкла. Але ix можна-суцешыць: усё тое часова. Новыя нацыянальна-бюракратычныя структуры, якія скрозь бурна ствараюцца, нікога не пакінуць забытым, усіх падбяруць у сваю шырокую арбіту... Гэта я кажу з упэўненасцю, бо, відаць, новыя задачы немагчыма вырашыць без старых, «выпрабаваных» кадраў. Даўно вядома, што «падпэцканыя» служаць больш верна, чым «чысценькія».
— Пры зменах заўсёды важна, ШТО ідзе на змену ўчарашняй ментальнасці i ўчарашняй гармоніі... Калі своечасова пазбавіцца «дэмакратычнай зададзенасці» ва ўспрыманні падзей, дык можна ўбачыць відавочны наступ заходняй масавай культуры — прычым самых паталагічных, самых «утылізаваных» яе праяў. Кіно цяпер у нас — панамерыканскае (наскрозь насычанае псіхалагічным тлумам, дэструкцыяй), літаратура — камерцызаваная, трылерна-сэксуалісцкая. Выглядае, такім чынам, што новы духоўна-інфармацыйны паток таксама адчужаны ад нармальнай псіхалогіі і «здаровага сэнсу», а самае галоўнае — ад духоўнага жыцця, культуры простага народа. Вам не здаецца, Васіль Уладзіміравіч, што духоўная сфера нашага грамадства пачала яшчэ больш актыўна развівацца ў кірунку канчатковага знішчэння традыцыйнай маралі, цалкам не знішчанай савецкім ладам, i ў гэтым — больш жахлівая трагедыя, чым маральны распад часоў застою?
— Перш чым жахацца ад тае перамены, мне думаецца, няблага паглядзець, як гэта выглядае ў іншых краінах. У тых, дзе прагрэс пачаўся раней, чым у нас, зайшоў далей... Кожны народ пры нармальным (без гістарычнай паталогіі) развіцці праходзіць пэўны, аб’ектыўна азначаны гісторыяй шлях, пераскочыць асобныя звенні якога нікому не дадзена. Нельга з феадалізму адразу сягнуць у сацыялізм, з эканамічнага прымітыву Верхняй Вольты інтэгравацца ў высокаразвіты Еўрапейскі саюз, ад бальшавіцкага лікбезу ўзвысіцца да сучаснай еўрапейскай культуры. Мусіць, спярша трэба назапасіць эканамічны, культурны, маральны капітал. Наша дэмакратыя з’яўляецца дэмакратыяй пачаткоўцаў, а наша знявечаная бальшавізмам, дэнацыяналізаваная культура, вядома ж, яшчэ не валодае патрэбным імунітэтам да горшых праяў так званай масавай культуры Захаду. Відаць, i нам трэба прайсці нейкі абавязковы гістарычны прамежак, каб выпрацаваць высокія ўзоры культуры, a галоўнае — ПРЫВІЦЬ ГРАМАДСТВУ ГУСТ I ПАТРЭБУ Ў ВЫСОКІМ. Хоць, зрэшты, узоры высокай культуры, як i высокі густ — болей прывілея эліты, а масы задавальняліся культурай ніжэйшага гатунку. Так ва ўсім свеце, так мусіць быць i ў нас. Шмат што ў гэтым сэнсе будзе залежыць ад духоўнай патэнцыі нацыі, якой у беларусаў даволі за стагоддзі назапашана, зберажона ў геннай памяці, не выдаткавана ў суровым жыцці i цярпліва чакае свае магчымасці для выяўлення. I тое суцяшае.
— Але грамадства мае сталую патрэбу маральнага апірышча, не зважаючы на сацыяльныя, гістарычныя катаклізмы... Духоўныя «пастыры» ў грамадства ўвесь час знаходзяцца... Старой сістэме служыла вялікая частка інтэлігенцыі, у тым ліку i пісьменнікі. Так, гэта былі «камунізаваныя» людзі, паслугачы Яе Вялікасці Улады, але, здаецца, яны былі i арганічнай часткай народа (прынамсі, выхадцамі з яго)… Народ заўсёды жыў клопатам пра сваё зямное, галоднае, турботнае, нярэдка страхавітае жыццё. Наша беларуская інтэлігенцыя каялася болей моўчкі — за «грэх» беларусізацыі 20-х гадоў (вядома ж, каб уратавацца i выжыць ва ўмовах сталінскага тэрору). Праўда, тое ўратавала не ўсіх, затое паслужыла добрым урокам жаху, якога ёй хопіць, мабыць, ажно да канца стагоддзя. Ці не з тае прычыны так цяжка ідзе новая «беларусізацыя» з яе плачэўнымі вынікамі? На першым Міжнародным кангрэсе беларусістаў у траўні 1991 года вы казалі, што наша эміграцыя можа стаць ашчаднікам нацыянальнай існасці. Ці не перабольшаныя спадзяванні на замежжа?
— Вядома, беларуская дыяспара таксама розная ў сваіх маральна-палітычных якасцях, але, наколькі я разумею, для нас яна куды даражэйшая за ўсе іншыя дыяспары. Прынамсі, яе самыя сумленныя i актыўныя прадстаўнікі, асабліва за акіянам. Усё ж у часы тутэйшага «бязладдзя i бязмоўя» яны захавалі родную мову, рэшткі нацыянальнай культуры, гістарычную памяць, збераглі хрысціянскую мараль, непадлеглую там бальшавізацыі ды расчалавечанню, i што маглі, рабілі для развіцця культуры. (Адзін Данчык чаго варты! А там яшчэ ёсць Белямук, Кіпель, Запруднік, Шукелойц i іншыя.) З грузам для нашых чарнобыльскіх небаракаў некалькі разоў прыязджаў айцец А. Надсан. Варта будзе нагадаць, колькі бруду — вулічнага i псеўданавуковага — было выліта на сівую галаву гэтага рупліўца са старонак камуністычных выданняў. I завошта, у імя чаго?
Мабыць, таму, што патрэбны былі знешнія ворагі, шмат ворагаў, каб, змагаючыся з імі, апраўдаць паразітычнае існаванне антынародных структур КДБ, ВПК, МУС, ГРУ, розных першых аддзелаў i тысяч штатных ды самадзейных сексотаў... А цяпер во — прымаем з рук святара прывезеныя з-за мяжы лекі...
— Зусім нядаўна мы думалі, што дастаткова будзе асэнсаваць сталінізм, i больш не застанецца «белых плям» у нашай гісторыі (дакладней — у нашым яе разуменні). Аднак жа, «развянчаўшы» сталінізм, грамадская думка пайшла далей раскопваць «кар’ер» нашай мінуўшчыны... Усё часцей нанова ўздымаецца тэма Вялікай Айчыннай вайны. Разуменне гэтай вайны, бадай, найдаўжэй заставалася дастаткова адназначным. Цяпер жа гучаць выказванні, што не ўсё так адназначна «гераічна» ў гісторыі партызанскага руху, у дзейнасці мясцовай адміністрацыі з ліку нацыянальна свядомых дзеячаў i інш. Ці можна прагназаваць далейшае развіццё «тэмы вайны» да радыкальнай, ці не палярнай змены ацэнак?
— Мабыць, сапраўды не ўсе так адназначна. Асабліва што датычыць вайны. Найперш маральны яе бок, у параўнанні з новай вайной, афганскай. Ужо на першы погляд кідаюцца ў вочы дзівосныя аналогіі i антытэзы, дыялектычная зменлівасць ці адноснасць, здавалася б, абсалютна безадносных ісцін. Тое, што мы прызвычаіліся лічыць злом, рабілася дабром, i наадварот. Звыклыя для нас партызаны, ніколькі не губляючы сваёй традыцыйнае існасці, у чужой краіне ператварыліся ў загадкавых душманаў, а ненавісныя, да зубоў узброеныя карнікі — у «наших славных парней, честно исполняющих свой интернациональный долг». У гэтым сэнсе, мабыць, было б цікава сутыкнуць разам якога-небудзь старога бацьку, беларускага партызана, i яго маладога сына-«афганца» — цікавая, мабыць, атрымалася б размена... Зразумела, што ў мінулай вялікай вайне засталося шмат «белых плямаў», якія тояць розныя ацэнкі. Але ва ўмовах таталітарызму высветліць усе ix не было магчымасці. I не толькі з прычыны жорсткай цэнзуры i празмерна абачлівай рэдактуры: таксама i ў сілу абмежаванасці нашага светапогляду. Менавіта той светапогляд абавязваў да пэўнай «кананізацыі» тэмы, пераступіць цераз якую не было дадзена нашым пакаленням. Пэўна, тое зробяць мастакі наступнага веку. Дай ім Бог таго, што не было дадзена нам.
— Гісторыя паказвае, што ад пачатку (з часоў Рагнеды) продкі беларусаў былі асуджаны на выпрабаванні, можна сказаць, у тым наш кон. I сёння, здаецца, што наш народ ужо нічым нельга перамагчы — пасля тае спрэс крывавае гісторыі, пасля апошняй вайны, пасля Чарнобыля... Народ жыве. Традыцыйна лічыцца, што самы трывалы імунітэт на выжыванне — у яўрэйскага народа. Але па сутнасці беларусы ёсць тая нацыя, якая, жывучы на сваёй зямлі ў якасці пакутнікаў, знайшла сабе апірышча не на грунце i не ў вандраваннях-перасоўваннях, а — ва ўнутранай беларушчыне. МЫ ЗДОЛЕЛІ ЗАХАВАЦЬ БЕЛАРУСКАСЦЬ «САМУ ПА САБЕ». Усё часцей паўтараецца думка, што беларусы паступова ператвараюцца ў ЗВЫШНАЦЫЮ, якая можа пераўзысці астатнія па трываласці...
— Bo i ў вас пачулася тое, пра што я казаў: аптымізм фіналу, абавязковы спадзяванак у заключэнне... Не сумняваючыся ў вашым сцвярджэнні, я, тым не менш, не адчуваю i вялікай упэўненасці. Верагоднасць выжывання беларускай нацыі ў сучасных умовах вельмі праблематычная. З’явіўся некаторы шанец, але ўсё яшчэ даволі хліпкі: д’ябальскі баланс дабра i зла захоўваецца. Дэкларавалі суверэнітэт, але абваліўся згубны эканамічны крызіс, з’явілася легітымнасць дзяржаўнай улады, ды здарыўся Чарнобыль... Відавочна, што ўсе праблемы — i эканамічная, i культурная, i моўная — упіраюцца ў самую галоўную праблему — дзяржаўны суверэнітэт. БУДЗЕ НЕЗАЛЕЖНАЙ БЕЛАРУСЬ — БУДЗЕ ЎСЁ. У ТЫМ ЛІКУ MOВA I КУЛЬТУРА. НЕ БУДЗЕ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ — ХУТКА НЕ БУДЗЕ НІЧОГА.
Гісторыя, здаецца, ужо даволі нас у тым пераканала...
1995 г.