Тое, што Лукашэнка просіць у Пуціна штогод, ЗША будуць выдаваць Украіне штомесяц

Улады Злучаных Штатаў маюць намер накіроўваць Украіне каля $1,5 млрд у месяц на падтрыманне працы ўрада, заявіў першы намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Дэрэк Хоган.

d42b8153_e8ad_42b2_ba2a_2f1039b953f3.jpg


«Мы ўжо выдзелілі $1 млрд на гэтыя мэты праз розныя механізмы, мы маем намер накіроўваць яшчэ каля $1,5 млрд штомесяц на працягу 4-5 месяцаў», — сказаў ён на семінары ў Вашынгтонскім навукова-даследчым цэнтры імя Вудра Вільсана, перадае АФН.

Чыноўнік адзначыў, што прамая падтрымка ўкраінскіх уладаў з'яўляецца «адным з прыярытэтаў» Адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна.

Ён сказаў, што ЗША павінны ўлічваць «сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектывы», а цяпер намаганні ЗША павінны быць накіраваны на забеспячэнне працы ўрада Украіны.

Вашынгтон са студзеня выдаткаваў на падтрымку Украіны $54 млрд, што больш, чым «любой іншай краіне, уключаючы дапамогу, накіраваную ў Афганістан у разгар ваеннага ўмяшання ЗША».

$1,5 млрд — гэта прыкладна столькі, колькі Расія выдае Лукашэнку грашыма штогод у выглядзе крэдытаў. Прынамсі, увосень 2020-га менавіта такую суму паабяцаў і выдаў Лукашэнку Пуцін у самы разгар пратэстаў. У 2021-м расійскі крэдыт быў больш сціплым — $640 млн. У гэтым годзе Лукашэнка заявіў, што Пуцін выдасць на «імпартазамяшчэнне» тыя самыя сакральныя $1,5 млрд.