Беларусаў пачалі масава выштурхоўваць з Украіны. Але краіне было б выгадней даваць беларусам ВНЖ
Трэба падзяляць беларусаў ва Украіне і тых, на кім трымаецца рэжым Лукашэнкі. Украіна толькі выйграе, калі пойдзе насустрач беларусам, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі.

Пашпарт Дзяніса Дашчынскага са штампам аб прымусовым выдварэнні / скрыншот паста Анісіі Казлюк
Беларусы ва Украіне масава атрымліваюць адмовы ў падаўжэнні відаў на жыхарства. Прычым часцяком яны атрымліваюць штрафы і зусім невялікія тэрміны на тое, каб пакінуць Украіну.
Заступацца за беларусаў рэжым Лукашэнкі, здаецца, не мае намеру. Офіс Святланы Ціханоўскай пачаў працу ў гэтым кірунку, і ўдалося дамагчыся прыёму дакументаў на падаўжэнне ВНЖ праваабаронцы Анісіі Казлюк. А пасля гэтага атрымаў максімальны штраф са штампам аб выдварэнні іншы беларус — Дзяніс Дашчынскі.
Еўр*радыё даведалася ў экспертаў, чаму тое, што адбываецца, — дыскрымінацыя беларусаў, што з гэтым рабіць і чаму падтрымка беларусаў выгадная Украіне.
Абмежаванні лагічныя, але павінны быць зразумелыя і законныя
Непадаўжэнне дакументаў беларусам проста па прыкмеце грамадзянства — прамая дыскрымінацыя, лічыць юрыстка-міжнародніца, кандыдатка юрыдычных навук, дацэнтка Кацярына Дэйкала. Хоць Украіна стала кандыдатам на ўступленне ў ЕС і павінна б прытрымлівацца еўрапейскіх каштоўнасцяў.
— Ва Украіны ёсць абавязацельствы па правах чалавека ў рамках Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. І ў яе Канстытуцыі прапісаны гэтыя палажэнні. Абавязацельствы па правах чалавека распаўсюджваюцца не толькі на сваіх грамадзян, але і на ўсіх асоб, якія знаходзяцца на тэрыторыі і пад юрысдыкцыяй Украіны, — падкрэслівае экспертка.
У сітуацыі вайны лагічна ўвесці дадатковыя абмежаванні. Бо Беларусь — суагрэсар. Гэтыя абмежаванні павінны замацоўвацца заканадаўча. Інакш правы беларусаў абмяжоўваюцца на падставе нейкіх вусных распараджэнняў або пажаданняў асобных чыноўнікаў, а людзі аказваюцца ў падвешаным стане.
— Павелічэнне тэрмінаў разгляду дакументаў, дадатковыя працэдуры праверкі — гэта нармальна. Але ў кожным выпадку яны павінны быць абгрунтаваныя аб'ектыўнымі прычынамі і не могуць прымяняцца павальна проста на аснове пашпарта. Гэтаксама як і рашэнні аб выдварэнні. Гэта значыць, праверыць дадаткова могуць усіх, але выслаць павінны толькі таго, хто рэальна ўяўляе пагрозу. Не прымаць нават дакументы да разгляду ў беларусаў — гэта несуразмернае абмежаванне правоў.
І калі абмежаванні прымаюцца, яны павінны быць устаноўлены законам, які апублікаваны і зразумелы. Каб людзі ведалі, чаго ім чакаць, знаходзячыся ва Украіне. Гэта не было б дыскрымінацыяй, таму што дзяржава хоча гарантаваць сваю бяспеку ў экстрэмальнай сітуацыі.
Пра неабходнасць юрыдычнага замацавання нормы аб становішчы беларусаў гаворыць і адвакат Алесь Міхалевіч.
— Замацаванне на ўзроўні не ніжэй за Кабінет міністраў Украіны, што да заканчэння дзеяння ваеннага часу на тэрыторыі Украіны асобы, якія ўехалі ва Украіну і пражывалі на яе тэрыторыі на законных падставах, не прыцягваюцца да юрыдычнай адказнасці ў выпадку заканчэння тэрміну дзеяння іх дазвольных дакументаў.
"Дэмакратыя — гэта не толькі барацьба з Расіяй"
Парушэнне правоў чалавека ёсць і ў ЕС.
Інакш не было б практыкі ў ЕСПЧ, аднак важна, наколькі краіны гатовыя вырашаць
гэтыя праблемы.
— Калі ты імкнешся да еўрапейскіх каштоўнасцяў, хочаш ісці па гэтым шляху, трэба разумець, што дэмакратыя — гэта не толькі барацьба з Расіяй. Гэта і павага да правоў чалавека. На прынцыпе недыскрымінацыі грунтуецца стаўленне сучаснай дзяржавы да чалавека, — працягвае Кацярына Дэйкала.
Адмаўляць беларусам у іх правах нельга незалежна ад таго, ці з'яўляюцца яны валанцёрамі, ваююць на баку Украіны або проста жывуць там, падкрэслівае суразмоўніца. Аднак вырашыць праблему немагчыма без палітычнай волі ўкраінскага боку.
— Вырашаецца гэта вельмі хутка пры жаданні Украіны. Проста дакладна прапісаць працэдуру. Беларусы не могуць звярнуцца да сваёй дзяржавы, але Офіс Святланы Ціханоўскай тэхнічна ўключыўся ў гэтае пытанне. Напрыклад, з Анісіяй Казлюк. Але гэта гучны выпадак. Хочацца спадзявацца, што Офіс зможа вырашыць гэтае пытанне сістэмна.

"Калі настаяць, заяву аб міжнароднай абароне прымуць"
Алесь Міхалевіч падкрэслівае, што беларусы часта з'язджалі ва Украіну праз палітычны пераслед дома, але форму абароны выбіралі розную.
— Камусьці было дастаткова проста выехаць у іншую краіну з магчымасцю працаваць і спакойна жыць, хтосьці звяртаўся па статус уцекача або дадатковую абарону.
Ва ўмовах ваеннага часу асобы, якія ўжо знаходзіліся ў працэдуры атрымання статусу ўцекача, без праблем падаўжалі тэрмін дзеяння сваіх дакументаў. Крыху больш складана ідуць справы з новымі заяўнікамі. Украіна аднавіла прыём заяў на статус уцекача, але ў рэчаіснасці беларусы могуць сутыкнуцца з сітуацыяй, што ў самім упраўленні міграцыйнай службы ім скажуць, што Украіна цяпер не з'яўляецца бяспечнай краінай і ім лепш прасіць прыстанішча ў іншым месцы. Калі ўсё ж настаяць на сваім, то заяву аб атрыманні міжнароднай абароны прымуць.
Апытаныя эксперты нагадваюць, што трэба падзяляць беларусаў ва Украіне і тых, на кім трымаецца рэжым Лукашэнкі. Украіна толькі выйграе, калі пойдзе насустрач беларусам, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі, упэўнены Алесь Міхалевіч.
— Бо пераважна гэта людзі, якія ненавідзяць як Лукашэнку, так і Пуціна. Яны дапамагаюць украінскаму войску, займаюцца валанцёрскай дзейнасцю і дапамагаюць развіваць эканоміку. І не варта забываць, што сярод загінулых за незалежнасць Украіны ваяроў ёсць шмат беларусаў, і, напэўна, не варта абясцэньваць іх ахвяру, — заключае юрыст.

Паводле Еўр*радыё