Украіна разрывае адносіны з Сірыяй і ўводзіць гандлёвае эмбарга

У адказ на прызнанне Сірыяй ДНР/ЛНР Украіна скасоўвае з ёй дыпламатычныя адносіны і ўводзіць гандлёвае эмбарга

Фота pixabay.com

Фота pixabay.com

 Украіна разрывае дыпламатычныя адносіны з Сірыяй, уводзіць гандлёвае эмбарга і іншыя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да сірыйскіх юрыдычных і фізічных асоб, пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на МЗС Украіны.

Міністэрства замежных спраў Украіны асудзіла рашэнне Сірыйскай Арабскай Рэспублікі прызнаць т. зв. "незалежнасць" часова акупаваных тэрыторый у Данецкай і Луганскай абласцях.

"Разглядаем гэтае рашэнне як недружалюбны акт у дачыненні да Украіны, замах на яе суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, грубае парушэнне ўкраінскага заканадаўства, Статута ААН і асноватворных нормаў і прынцыпаў міжнароднага права. Няма сумневаў, што сірыйскі рэжым спрабуе надаць псеўдасуб'ектнасці расійскім акупацыйным адміністрацыям на Данеччыне і Луганшчыне на замову сваіх куратараў у Крамлі", — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Украіна заяўляе, што ў адказ на гэты недружалюбны акт разрывае дыпламатычныя адносіны з Сірыяй без разрыву консульскіх адносін.