Офіс Ціханоўскай: Беларускую праваабаронцу Анісію Казлюк не дэпартуюць з Украіны
Анісію Казлюк павінны адпусціць з пастарунку ў Кіеве, дэпартацыі з Украіны не будзе, паведаміў кіраўнік Офісу Святланы Ціханоўскай. Для Анісіі Казлюк будзе адкрытая працэдура для аднаўлення яе легальнага статусу ва Украіне. Гэта ж зроблена і для ўсіх іншых беларусаў Украіны.
Беларускую праваабаронцу Анісію Казлюк адпусцілі, высылкі з Украіны не будзе. Пра гэта паведаміў кіраўнік Офісу Святланы Ціханоўскай у Кіеве Валерый Кавалеўскі, піша Еўр*радыё.
Кавалеўскі абмеркаваў сітуацыю з прадстаўнікамі МУС Украіны і старшынёй камітэта па правах чалавека Вярхоўнай Рады. Яго запэўнілі, што дэпартацыі Казлюк з Украіны не будзе.
"Вызначаныя далейшыя крокі па вырашэнні інцыдэнту. Мы застаемся на сувязі з Анісіяй і адразу ж паведамім пра вынік вырашэння гэтай сітуацыі", — паведамілі ў Кабінеце прадстаўнікоў Ціханоўскай.
Пазней у Офісе Ціханоўскай паведамілі: «Валер Кавалеўскі звярнуўся ў МУС, ДМС і да старшыні камітэта па правах чалавека Вярхоўнай Рады Дзмітра Лубянца. Той запэўніў, што Анісію ніхто высылаць з Украіны не будзе, штамп у пашпарт не паставяць, аформяць адміністратыўны пратакол і сімвалічны штраф. Так і атрымалася. Для Анісіі Казлюк будзе адкрытая працэдура для аднаўлення яе легальнага статусу ва Украіне. Гэта ж зроблена і для ўсіх іншых беларусаў Украіны».
Сёння Анісію затрымалі ў Кіеве. Яе вінавацяць у нелегальным перабыванні ва Украіне. Сама дзяўчына кажа, што ўкраінскія дзяржорганы некалькі месяцаў не прымалі ў яе дакументы.
Ва Украіне Казлюк апынулася пасля задушэння беларускіх масавых пратэстаў 2020 года, яна актыўна займалася валанцёрскай дзейнасцю, дапамагала добраахвотнікам.