Самотнасць без сеціва

Лукашэнка нечакана паляцеў да Пуціна. Шосты раз за шэсць месяцаў гэтага года. Аналітыкі ўжо стаміліся аналізаваць, пра што размаўляюць кіраўнікі краін, а журналісты пачалі выдумваць самыя вар’яцкія падставы для такіх сустрэч. Але, можа быць, усё вельмі проста?

00044610.jpg


Лета ж. Час адпачынкаў. Дык чаму б не адпачыць і Лукашэнку? Тым больш, што, як ён сам прызнаўся на тыдні, нервы ў яго ні да чорта — спаць не можа з-за ўступнай кампаніі і цэнтралізаванага тэставання. Усё думу думае, як і што яму яшчэ зрабіць, каб хоць хто заўважыў, што ён яшчэ ёсць.

Але ж куды ён можа з’ездзіць на адпачынак? Паўсюль жа ўжо ворагі. Раней ён мог бы завітаць да Нурсултана Назарбаева, хаця б паглядзець на казахскі стэп, але ў Казахстане цяперака Такаеў: і раней выпер з краіны войскі АДКБ за тры дні, а днямі проста нахабна ў вочы Пуціну заявіў, што ніколі не прызнае ані ЛНР, ані ДНР, ані іншых «утварэнняў», створаных пад настойлівай «просьбай» рускіх войскаў. І набраўся ж дзёрзкасці, нават такі момант, як рускамоўная большасць у Паўночным Казахстане не спыніла новага правадыра казахаў. Бачна, Расія настолькі стала непрывабнай, што цяпер нават «ушчамленне правоў рускамоўнага насельніцтва», пад соўсам якога РФ пачынала наводзіць свае парадкі ў сумежных з ёю краінах, Такаева не пужае. Напэўна, цяпер тое самае «рускамоўнае насельніцтва» і самое радае «ўшчаміцца», абы не прыйшоў па яе душу рускі салдат.

І днямі Малдова атрымала статус кандыдата ў Еўрасаюз, разам з Украінай. Малдова, у якой на мяжы стаяць рускія танкі, дзе частка краіны — Прыднястроўе, — падкантрольная Расіі. Раней ЕС проста не брало такія краіны — з тэрытарыяльнымі пытаннямі, нават пад увагу, да поўнага вырашэння гэтых пытанняў. Ды што там тэрыторыі: калі Македонія з Грэцыяй за назву спрачаліся, і тое гэта было падставай для «тормазу» руху Македоніі ў ЕС. А тут — краіны-кандыдаты са спрэчнымі тэрыторыямі! Але ж вось, у ЕС…

Паспрабаваў быў Лукашэнка паехаць адпачыць на малую радзіму, у Александрыю. Але і там яго, напэўна, дасталі пытаннямі пра тое, чаму нават Малдова з яе ўзроўнем жыцця — у Еўропе, чаму ваюючая Украіна — у Еўропе, а «астравок стабільнасці» стабільна ў тым месцы, якое з Еўропай толькі рыфмуецца?

Вось і давялося выкручвацца, у тысячны раз казаць пра тое, што ў Еўропе ўсе ходзяць босыя, голыя і галодныя, ды ездзяць да нас за соллю. А ў нас — проста «залаты век» настаў, прынамсі, у сельскай гаспадарцы. Праўда, заяўленыя дзясяткі гадоў таму 10 мільёнаў тон збожжа ўсё ніяк не назбіраюцца, але ж можна і новую мэту паставіць — у мільён тон рапсу. Абвясціць гэтую мэту «пераломам» у сельгасвытворчасці, а потым таксама дасягаць яе дзясяткамі гадоў, тлумачачы недасягненне ўмовамі надвор’я. Як у мінулым годзе, калі Літва і Украіна казалі пра рэкордныя ўраджаі і самае спрыяльнае надвор’е, а ў Беларусі, якая паміж імі знаходзіцца, і надвор’е было кепскае, і ўраджай такі сабе.

«Для сельскай гаспадаркі наступіў залаты век. Сітуацыя цяпер складаецца такая, што нам трэба кроў з носа гэты і наступны год спрацаваць добра ў сельскай гаспадарцы. Таму што ваша прадукцыя, асабліва за межамі краіны, варта вялікіх грошай. Цэны на прадукты харчавання падскочылі неймаверна», — казаў Лукашэнка працаўнікам агракамбінату «Юбілейны», што ў Аршанскім раёне.

Так, ён мае рацыю: з-за вайны ва Украіне шмат хто заклапаціўся «харчовай бяспекай», кажучы па-ягонаму. Аднак ужо тысячу разоў гаворана, што галоўнае ў наш век — не стварыць прадукцыю, а прадаць яе. А Сінявокая, зноў жа, з-за вайны ва Украіне, аказалася пад магутнымі санкцыямі. І, выходзіць, прадаваць харчы можна толькі ў адным накірунку, дзе дадуць не вельмі канвертуемыя і не вельмі добрыя, якія-ніякія, але ўсё ж грошы. У іншых накірунках менавіта аплата за пастаўленую прадукцыю можа быць заблакаваная, бо санкцыі.

А хто гэта ў нас улез у вайну ва Украіне? Хто гэта зрабіў так, каб мы трапілі пад санкцыі?

Дый на ўсходнім напрамку не ўсё так добра, насамрэч. На тыдні ў навінавай прасторы з’явіўся «беларускі кашмар», — кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт. Сто гадоў яго не было чуваць, і мы ўжо былі супакоіліся наконт яго памкненняў выкрываць беларускую «санкцыёнку» ды забараняць прадукцыю нашых прадпрыемстваў, як «неадпавядаючую фітасанітарным нормам». Аднак не, жывы Данкверт! І вось ён сказаў, што «залаты век» беларускай сельскай гаспадаркі прывёў да скарачэння паставак у Расію мяса і малака на 5-7%.

А ўсё таму, што з-за рознабаковых санкцый Беларусь перастала купляць прадукты ва Украіне ды Польшчы, і потым выдаваць іх за свае пры «рээкспарце» ў Расію. Такі ўжо ў нас своеасаблівы «залаты век».

Нехта скажа: «Што нам тыя пяць працэнтаў?» Але ў 2021 годзе харчовы экспарт у Расію склаў пад 4 мільярды долараў. І пяць працэнтаў ад чатырох мільярдаў — гэта 200 мільёнаў долараў. Такія грошы, пагадзіцеся, на дарозе не валяюцца — нават у маштабах краіны.

І ўсе гэтыя думкі — пра рапс, збожжа, азімы ячмень, «беглыя», якія, нібыта, просяць Лукашэнку «адкрыць межы» (хто б расказаў яму, што межы даўно адкрытыя?), і тое, як праз рост коштаў на харчы «зрабіць Беларусь іншай краінай», — усё гэта круціцца ў галаве ў Лукашэнкі, і не дае спакою. Які тут атрымаецца здаровы сон?

Таму Лукашэнка ўзяў — і паляцеў да Пуціна, не чакаючы суботы, 25 чэрвеня, на якую запланаваная сустрэча кіраўнікоў краін у Санкт-Пецярбурзе, ці Форуму рэгіёнаў у Гродна 30 чэрвеня, куды планаваў прыехаць Пуцін. Не, можна было, канешне, паспрабаваць злётаць у Арабскія Эміраты, але тут — зноў жа, вайна ва Украіне, і закрыты паўночны напрамак неба…

Застаецца толькі Пуцін. Той, па сваёй завядзёнцы, на сустрэчу з Лукашэнкам спяшацца не будзе. Пуцін і па меншых нагодах кожны раз спазняўся, а ўжо пры такой нечаканасці візіту… А размешчаная на тэрыторыі нацыянальнага парку «Завідава» дзяржаўная рэзідэнцыя «Русь» славутая паляваннем і рыбалкай. Туды любіў прыязджаць «дарагі Леанід Ільіч Брэжнеў», вялікі аматар палявання… Самае месца для душэўнага заспакаення.

А калі Пуцін і прыедзе — дык у чарговы раз яму можна расказаць пра імпартазамяшчэнне, пра тое, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад», пра санкцыі і падступны Захад, NATO, якое ўсё бразгае зброяй ля межаў ды ўначы ліхтарыкамі свеціць праз кардоны, якія не змыкаючы вачэй ахоўваюць беларускія сілы спецаперацый…

Верагодна, Пуцін — бадай адзіны чалавек, які зразумее ўсю скруху і самотнасць Лукашэнкі, бо сам знаходзіцца ў той жа лужыне і пасвіцца на той жа палянцы. Паразмаўляюць яны адзін з адным — і ніякага псіхолага не трэба.

Хіба дыктатары не людзі?