Еўрапарламент падтрымаў кандыдацкі статус для Украіны і Малдовы
Еўрапейскі парламент у чацвер, 23 чэрвеня, прыняў рэзалюцыю з заклікам даць статус кандыдата ў Еўрапейскім саюзе для Украіны і Малдовы, а таксама падтрымаць еўрапейскую перспектыву Грузіі.

Рэзалюцыю падтрымалі 529 дэпутатаў Еўрапарламента, супраць выказаліся 45, яшчэ 14 — устрымаліся. Пра гэта паведаміла прэс-служба Еўрапарламента.
У дакуменце парламентарыі заклікаюць Еўрапейскую Раду надаць Украіне і Рэспубліцы Малдова статус кандыдата ў ЕС "неадкладна". Тое ж рэкамендуецца для Грузіі, "калі яе ўрад выканае" прыярытэты, названыя Еўрапейскай камісіяй.
Еўрапарламент запрашае ўлады Украіны, Рэспублікі Малдова і Грузіі "недвухсэнсоўна прадэманстраваць сваю палітычную рашучасць рэалізаваць еўрапейскія амбіцыі свайго народа", паскорыць рэформы з мэтай найхутчэйшага эфектыўнага выканання крытэрыяў сяброўства ў ЕС.
У рэзалюцыі адзначаецца, што няма альтэрнатывы пашырэнню, якое з'яўляецца "больш чым калі-небудзь раней геастратэгічнай інвестыцыяй" у стабільны, моцны і аб'яднаны Еўрасаюз.
Паводле www.pravda.com.ua