Украінцаў у чарговы раз папярэдзілі наконт правакацый у Беларусі

Беларусь дазволіла жыхарам Ровенскай вобласці перасякаць мяжу і збіраць ягады ў запаведніку Альманскія балоты. Гэта можа быць чарговай правакацыяй, лічаць ва ўкраінскім Дзяржпамежкамітэце.

sbor_jahod_v_lesu_aktivnyj_otdyh.jpg


Пра гэта са спасылкай на брыфінг спікера Дзяржаўнай памежнай службы Андрэя Дземчанкі паведамляе РБК-Украіна.

«Некалькі дзён таму памежны камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў аб дазволе ўкраінцам з асобных раёнаў Ровенскай вобласці наведваць лясы ў ландшафтным запаведніку Альманскія балоты для збору дзікаросаў. Адзначу, што такое рашэнне імі прынята ў аднабаковым парадку і гэта фактычна правакацыя, таму што дамоўленасцяў, якія адбываліся раней па зборы дзікаросаў, ці ж інфармаванне па лініі памежна-прадстаўнічага апарата не праводзіліся», — адзначыў Дземчанка.

Ён нагадаў, што Беларусь падтрымлівае ўзброеную агрэсію Расіі супраць Украіны, таму для ўкраінцаў можа існаваць небяспека на тэрыторыі суседняй дзяржавы.

«Я прашу жыхароў памежных тэрыторый узважана ставіцца да гэтага. Адзначу, што часовыя месцы пропуску грамадзян праз мяжу на гэтым кірунку не будуць функцыянаваць і пропуск нашых грамадзян у напрамку Беларусі не будзе ажыццяўляцца», — сказаў спікер.

Дземчанка дадаў, што органы мясцовай улады Ровенскай вобласці вызначылі месцы для збору дзікаросаў.