Украіна і Малдова афіцыйна сталі кандыдатамі на ўступленне ў ЕС
Еўрапейскі савет прадаставіў Украіне і Малдове статус кандыдата на сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе. Аб гэтым прэзідэнт Еўрапейскага савета Шарль Мішэль паведаміў у Twitter.

«Еўрапейскі савет толькі што прыняў рашэнне аб
прадастаўленні Украіне і Малдове статусу кандыдата ў члены ЕС. Гістарычны
момант», — заявіў ён.
Мішэль павіншаваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і
прэзідэнта Малдовы Майю Санду, а таксама народы Украіны і Малдовы з прыняццем
гэтага рашэння.
Нагадаем, 24 лютага Расія пайшла на поўнамаштабнае ўварванне
ва Украіну, а 28-га Уладзімір Зяленскі падпісаў заяўку на сяброўства Украіны ў ЕС. Статус кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз таксама захацелі
атрымаць Малдова і Грузія.
У чэрвені прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен сказала,
што ЕК рэкамендавала Еўрарадзе даць Украіне і Малдове статус кандыдата на ўступленне ў ЕС. Грузіі ў гэтым было адмоўлена да выканання шэрагу ўмоў.
Еўрапарламент 23 чэрвеня ўхваліў рэзалюцыю аб прадастаўленні Украіне і Малдове статусу кандыдатаў на ўступленне ў Еўрасаюз.