Украіна і Літва сабралі рэкордныя аб’ёмы збожжа — у адрозненне ад Беларусі
Украіна сабрала рэкордны за ўсю гісторыю краіны ўраджай пшаніцы (32 млн. тон) і ячменю (больш за 10 млн. тон). Рэкорд дасягнуты дзякуючы росту ўраджайнасці, якая павысілася проці мінулага года на 18 працэнтаў. Пра гэта паведаміла Міністэрства эканомікі Украіны.

Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы ва Украіне склала 46,2 ц/га,
ячменю — 41 ц/га, адзначае «Наша Ніва».
Прагназуецца, што разам з кукурузай Украіна збярэ сёлета
80-82 млн. тон збожжа, што таксама стане рэкордам за ўсю гісторыю краіны.
Дагэтуль максімальным быў 2019 год, калі ўраджай склаў 75 мільёнаў тон.
Украіна ў апошнія гады стала другім па аб’ёме экспарцёрам
збожжа ў свеце пасля ЗША.
Рэкордна высокі ўраджай збожжавых і рапсу сабрала і Літва.
Прагназуецца, што ўраджай збожжавых там складзе 6,93 млн. тон і будзе на 0,1%
большы, чым летась, а ўраджай рапсу павінен павялічыцца на 7,7% — да 1,04 млн. тон.
У Літве больш за ўсё пасеяна пшаніцы, ураджайнасць якой
павінна скласці 56 ц/га. (У мінулым годзе ўраджайнасць была 54 ц/га.) Ураджай
рапсу таксама павінен быць вышэйшы дзякуючы ўраджайнасці 37 ц/га (у Беларусі —
21,3 ц/га, ва Украіне — 27,5 ц/га).
У Беларусі, паводле звестак Міністэрства сельскай гаспадаркі
і харчавання, намалочана 6,3 мільёна тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 30,5
ц/га (было 37,3 ц/га ў 2020 годзе).
Мінсельгасхарч тлумачыць падзенне ўраджайнасці зацяжной
халоднай вясной і рэкордна высокімі тэмпературамі летам.
Цікава параўнаць сярэднюю ўраджайнасць
збожжавых у суседніх рэгіёнах.
Брэсцкая вобласць — 34,8 ц/га,
Валынская вобласць Украіны — 48,8 ц/га,
Ровенская вобласць Украіны — 47,9 ц/га,
Гомельская вобласць — 23 ц/га,
Жытомірская вобласць Украіны — 50,2 ц/га,
Кіеўская вобласць Украіны — 48,9 ц/га,
Чарнігаўская вобласць Украіны — 52,1 ц/га,
Гродзенская вобласць — 36,1 ц/га,
Літва — 48,7 ц/га.