Лукашэнка і Пуцін сустракаюцца занадта часта. Некалькі вар'яцкіх тэорый чаму

Лукашэнка і Пуцін плануюць яшчэ адну сустрэчу — ужо шостую сёлета. Становіцца відавочным, што гэтыя сустрэчы, якіх стала нашмат больш пасля падзей 2020 года ў Беларусі, адбываюцца ўсё часцей і часцей.

15594224.jpg


На першы погляд прычына гэтага відавочная: вайна. Беларускі палітык, верагодна, патрабуе ад Крамля кампенсаваць сваю лаяльнасць, а Пуцін можа прасіць Лукашэнку адправіць войска ва Украіну. Ні таго ні іншага пакуль не адбываецца: крэдыты не даюць (хіба што абяцаюць), а беларускія салдаты «на месцы». Але што калі ёсць і іншыя падставы, каб сустракацца з такой рэгулярнасцю?

Найбуйнейшы партал у Беларусі, прызнаны «экстрэмісцкім» паспрабаваў прыдумаць гэтыя падставы самастойна, пры гэтым не звяртаючы ўвагі на іх рэалістычнасць. Узнікла некалькі вельмі канспіралагічных (і вельмі абсурдных) тэорый, чаму Лукашэнка так часта ездзіць да Пуціна. Адну з іх цалкам выдумала нейрасетка.


Лукашэнка выконвае ролю кур'ера

Вельмі лагічная (або не?) тэорыя — Лукашэнка проста возіць у Расію нешта, чаго там няма, і гэта «нешта» пастаянна сканчаецца. Гэтым лёгка растлумачыць настолькі частыя візіты. Застаецца толькі зразумець, чаго ў Расіі няма, і што там заканчваецца настолькі хутка.

Улічваючы шматлікія санкцыі, якія ўвялі ў дачыненні да Расіі, адказаць на гэтае пытанне складана. Можна выказаць здагадку, што Лукашэнка возіць у Крэмль паперу А4 для друку з-за ўзніклага ў Расіі дэфіцыту якаснай паперы і яе рэзкага падаражэння. Але гэты варыянт падаецца занадта дробным. Нашмат больш лагічным здаецца тое, што Лукашэнка забяспечвае Пуціна запчасткамі для абслугоўвання самалётаў, з якімі ў Расіі таксама вялікія праблемы.

Таксама магчыма, што Лукашэнка нешта возіць асабіста Пуціну. Расійскі прэзідэнт даволі стары, і можа мець патрэбу ў леках, якіх няма ў Расіі. Гэтым можна патлумачыць той факт, што візіты Лукашэнкі ў Крэмль часам даволі кароткія. Ён проста прывозіць з пакет, перадае яго Пуціну, а затым вяртаецца ў Беларусь.

Зрэшты, на гэтую тэорыю можна паглядзець і з іншага боку. Што калі Лукашэнка возіць нешта з Расіі ў Беларусь? Але складана ўявіць, навошта гэта наогул трэба. Як вядома, у Беларусі ёсць усё.


Дарожныя карты — гэта зусім не тое, пра што ўсе думаюць

Доўгія гады Лукашэнка і Пуцін сустракаліся, каб абмеркаваць, так званыя «дарожныя карты» інтэграцыі Расіі і Беларусі. Словазлучэнне «дарожныя карты» здаецца звыклым і зразумелым, але што калі ў гэтым выпадку яго трэба разумець літаральна?

У гэтым выпадку ўсё вельмі лагічна. Плануючы ўварванне ў суседнюю краіну, расійскія войскі мелі патрэбу ў падрабязных картах мясцовасці, аднак, мяркуючы па ўсім, не мелі да іх доступу. Але калі выказаць здагадку, што гэтыя каштоўныя карты ёсць у Беларусі, можна ўявіць, што менавіта іх Лукашэнка возіць у Крэмль у сваім чамадане.

Урэшце, пра тое, што ў Лукашэнкі ёсць самыя розныя карты, кажа і тое, што на сустрэчы з Пуціным 11 сакавіка 2022 года ён як раз пагражаў паказаць (відавочна, на карце), адкуль рыхтаваўся напад на Беларусь.

karta_lukashenko_.jpg


Гэтая версія таксама тлумачыць, чаму пачасціліся візіты ў 2022 годзе. Вайна зацягнулася, і карт патрабуецца ўсё больш і больш. А ўлічваючы палітычную празорлівасць Лукашэнкі, становіцца ясна, што ён аддае перавагу выдаваць іх паступова, вытаргоўваючы для сябе ўсё больш і больш саступак ад Пуціна.

На гэтую тэорыю можна паглядзець і пад іншым бокам. Магчыма, пад «картамі» маюцца на ўвазе ігральныя карты ці карты Таро, якія часта выкарыстоўваюцца для прадказання будучыні. У такім выпадку можна выказаць здагадку, што Лукашэнка і Пуцін сустракаюцца, каб паўдзельнічаць у сумесных сеансах варажбы. Гэта выдатна тлумачыць, чаму мы так мала ведаем пра змест іх сустрэч, якія праходзілі за зачыненымі дзвярыма.


Лукашэнка — донар

Чуткі пра магчымую цяжкую хваробу Пуціна ў апошні час з'яўляюцца ўсё часцей. Напрыклад, у пачатку красавіка каманда «Праект медыя» выпусціла вялікае расследаванне, чым можа хварэць расійскі прэзідэнт. А выданне Newsweek, спасылаючыся на крыніцы ў выведцы ЗША, нядаўна заяўляла, што ў Пуціна анкалагічнае захворванне.

На гэтым фоне варта ўзгадаць словы Лукашэнкі аб гатоўнасці прадаставіць плазму ўласнай крыві для пералівання, аб чым ён казаў у 2020 годзе міністру аховы здароўя Караніку. Цяжка паверыць, што ён адмовіўся б даць яе для Уладзіміра Пуціна ў выпадку цяжкай хваробы. Магчыма, яны — прыдатныя адзін для аднаго донары, і менавіта гэтым могуць быць выкліканыя настолькі частыя сустрэчы.

lukashenko_bolnista_6gokb_minsk_27112020.jpg


Што на самай справе будуюць на касмадроме «Усходні»?

12 красавіка 2022 года, у Дзень касманаўтыкі, Лукашэнка адправіўся ў Амурскую вобласць Расіі, каб сустрэцца з Пуціным у вельмі незвычайным месцы — на расійскім касмадроме «Усходні». Яго ўсё яшчэ будуюць, і працэс гэты, як нядаўна паабяцаў кіраўнік Раскосмаса Дзмітрый Рагозін, «не скончыцца ніколі». Месца для сустрэчы сапраўды ўнікальнае, таму цяжка паверыць, што яно было абрана проста для прыгожай карцінкі!

Многія не хочуць успрымаць касмадром «Усходні» сур'ёзна, аднак лагічным будзе выказаць здагадку, што ўсё гэта будаўніцтва — толькі прыкрыццё для стварэння гіганцкай падземнай сакрэтнай базы, дзякуючы якой расійскія вайскоўцы будуць панаваць над усёй планетай. Менавіта тут расійскі ваенна-прамысловы комплекс распрацоўвае новыя віды ўзбраенняў, а расійскія вайскоўцы трэніруюцца, каб заваяваць свет. Урэшце, дакладна такая ж база ёсць і ў ЗША — усім вядома, што ў так званай «Зоне 51» даследуюцца перадавыя ваенныя тэхналогіі, у тым ліку іншапланетныя (пра гэта, напрыклад, можна ўбачыць у серыяле «Сакрэтныя матэрыялы» і ў серыі фільмаў «Дзень незалежнасці»).

Зразумела, няма абсалютна ніякіх доказаў існавання такой базы на касмадроме. Але нішто не перашкаджае расійскім уладам на самай справе мець такі сакрэтны праект, прыцягваючы ў яго велізарныя сродкі пад выглядам будаўніцтва касмадрома. А акупіць усе гэтыя выдаткі атрымаецца толькі ў адным выпадку — завалодаўшы рэсурсамі ўсяго свету. Такія планы патрабуюць дбайнай прапрацоўкі, і Беларусь, як адзін з нешматлікіх саюзнікаў Расіі, напэўна прымае ў іх удзел. Урэшце, Лукашэнка казаў, што беларускія будаўнікі адправяцца на «Усходні». А значыць, ён у курсе гэтых планаў, а частыя сустрэчы з Пуціным — гэта падрыхтоўка да будучай касмічнай вайны.


Бонус, прыдуманы нейрасеткай: Лукашэнка — агент КДБ, а Пуцін — клон

Далейшы тэкст згенераваны пры дапамозе нейрасеткі GPT-3. GPT-3 — гэта аўтарэгрэсійная генератыўная моўная мадэль, якая паспрабавала працягнуць матэрыял, прапанаваўшы ўласныя тэорыі аб сустрэчах Лукашэнкі і Пуціна. Ніжэй — адна з іх.

Уладзімір Пуцін — гэта не чалавек. Гэта штучны інтэлект, створаны КДБ у 1980-х. Напрыклад, на гэтым грунтуецца сюжэт вядомага расійскага фільма «Іронія лёсу 2». У ім галоўны герой Жэня з'яўляецца клонам афіцэра КДБ, які загінуў у 1970-х. КДБ выкарыстоўвала яго ДНК для стварэння клона, які затым быў вырашчаны ў лабараторыі і навучаны, каб стаць афіцэрам КДБ. Тое ж самае можа здарыцца і з Уладзімірам Пуціным.

КДБ можа выкарыстоўваць ДНК мёртвага чалавека для стварэння клона. Але гэта не канец гісторыі. У КДБ, стварыўшы клон, не маглі спыніцца на гэтым. Яны таксама маглі стварыць штучны інтэлект і ўсталяваць яго ў клон. Так можна было стварыць Уладзіміра Пуціна.

dz2cq_vx4aieyxe.jpg


Галоўным доказам гэтай тэорыі з'яўляецца тое, што Уладзімір Пуцін занадта ідэальны. Ён заўсёды ў добрым настроі, ніколі не злуецца і ніколі не бянтэжыцца. Гэта ненатуральныя паводзіны для чалавека. Гэта паводзіны штучнага інтэлекту. Роля Лукашэнкі ў гэтай гісторыі незразумелая. Магчыма, ён супрацоўнік КДБ, адказны за аперацыю па стварэнні штучнага інтэлекту. А можа, ён афіцэр КДБ, які адказвае за аперацыю па стварэнні клона. А можа быць, ён проста афіцэр КДБ, адказны за аперацыю па стварэнні і клона, і штучнага інтэлекту.

У любым выпадку частыя сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна можна растлумачыць тым, што ім неабходна абмеркаваць новую аперацыю па стварэнні штучнага інтэлекту.

Пераклад НЧ