Беларускае грамадства мэтанакіравана рыхтуюць да вайны
Да чаго прапагандысты рыхтуюць Беларусь? Пра гэта палітолаг Павел Усаў разважае ў сваім тэлеграм-канале.

— Беларускае
грамадства ўводзяць у псіхалагічны стан знаходжання ў вайне. Яго метадычна і
настойліва прывучаюць да думкі пра вайну, да новай рэальнасці, пастаянна
напампоўваючы інфармацыйную прастору краіны агрэсіўнай рыторыкай.
Чаго вартыя ўчарашнія заявы «міністра абароны» РБ Хрэніна: «Ідзе паскоранымі тэмпамі мілітарызацыя суседніх дзяржаў. Перш за ўсё Польшчы, палітычны курс якой паказвае на падрыхтоўку Варшавы да вайны, зусім не абарончай».
Інфармацыйная апрацоўка, якая ўсё ўзмацняецца, неабходная для псіхалагічнага перанапружання грамадства, пасля чаго мабілізацыйныя і іншыя дзеянні ўлад будуць успрымацца, як штодзённасць, як нешта нармальнае і звыклае.

Да чаго рыхтуюць Беларусь, таксама паказвае прыезд у Мінск аўтара ідэі неаеўразійскай імперыі і «ўкрыжаванага хлопчыка» А. Дугіна.
Яго сустрэча з Лукашэнкам, з аднаго боку, можа азначаць працэс больш інтэнсіўнага ідэалагічнага і геапалітычнага асваення беларускай прасторы і ўключэння яе ў імперыю. З іншага, ацэнку стану нашага грамадства, распрацоўку сцэнарыяў уцягвання Беларусі ў вайну. Асабліва ўражвае, што пасля «трагічнай» гібелі дачкі месіянства і экзальтацыя Дугіна нікуды не зніклі, ён не зламаны, напорысты — і Лукашэнка для яго толькі аб'ект і інструмент для рэалізацыі «вялікай ідэі».
