«Два гады стабілізавалі, стабілізавалі, а ўсё не выстабілізавалі»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў звычайнай для яго іранічнай манеры ў чарговы раз піша пра розніцу перамог у тэлевізары і ў рэальнасці. А таксама высоўвае сваю версію, чаму ў некага ёкнула сэрца, ды так, што той пачаў разважаць пра адмену выбараў прэзідэнта.

1010_hdz_shesce_plakaty_02_ahfiw.jpg


Цікавае нешта пачалося пад Херсонам. Некаторыя кажуць, што гэтае нешта нечым падобна на ўкраінскі наступ. Але намеснік начальніка Херсонскай акупацыйнай адміністрацыі сказаў, што гэта не наступ, а фэйкі. Яму, канечне, лепш ведаць. Злыя людзі, праўда, заўважылі, што пра фэйкі ён казаў не з Херсона, а з Варонежа (сумніўнае, дарэчы, месца ў сэнсе бяспекі). Але якая розніца, правільна? Здалёку глядзець на фэйкавы наступ лепш, чым паблізу. Яно нават у пэўным сэнсе і лепш відаць. Як ты іх, гэтыя фэйкі разглядзіш у парахавым дыме?

А расійскае Міністэрства абароны сказала, што разграміла фэйкавы наступ яшчэ пазаўчора. Гэта значыць, зусім разграміла. Вось літаральна нічога не засталося. Потым яшчэ раз — учора. І сёння, я амаль упэўнены, разграміць зноў. У расійскага Міністэрства абароны вялікі досвед перамог над фэйкавымі наступамі.

А ўкраінскае Міністэрства абароны нічога не сказала і іншым не раіла. І вось гэтым украінскія ўлады моцна, вядома, адрозніваюцца ад расійскіх і беларускіх. Бо расійскае Мінабароны пра наступ маўчаць бы не стала. Яны пасёлак Пяскі бралі разы чатыры. Таму што ў расійскай і беларускай рэальнасці не важна хто там чаго возьме. Важна хто першы даложыць начальству.

Для расійскіх і беларускіх уладаў не бывае перамогі без тэлевізара. А ў тэлевізары бывае. У тэлевізары можна перамагчы і 150 джыпаў з кулямётамі, і монстра НАТА, і ўраджай. Галоўнае, каб пераможаны праціўнік не ўзяўся аспрэчваць сваю паразу дзе-небудзь за межамі тэлевізара. Вось як украінская армія, якую за апошнія паўгода перамагалі ўжо столькі разоў, што ёй давялося перайсці ў наступ.

І прарыў рэальнасці для тых, хто звык жыць тэлевізарам, можа быць часам вельмі балючым. Як для беларускіх уладаў у 2020. Здавалася б, два гады прайшло з элегантнай перамогі, а ўчора нехта раптам пашкадаваў, што не адмяніў няўдзячнаму народу выбары. Таму што з выбарамі што-небудзь можа зноў дэстабілізавацца.


А між тым, у мінулым годзе, калі яны пісалі сваю Канстытуцыю, дэстабілізуючага ўплыву выбараў на насельніцтва не баяліся. І калі прымалі гэтую Канстытуцыю на трэці дзень пасля пачатку вайны сэрца не ёкала. А цяпер, бачыш ёкнула. І гэта пасля двух гадоў перманентнай палітычнай стабілізацыі. Два гады стабілізавалі, стабілізавалі, а ўсё не выстабілізавалі.

Што характэрна, ёкнула адразу пасля таго, як правільная сацыялагічная служба Ecoom правяла правільнае сацыялагічнае апытанне і паведаміла, што 76 працэнтаў давяраюць і падтрымліваюць. Пацвердзіла на публіку амаль што 80-працэнтную легітымнасць. Дык мне раптам падумалася — а можа яны гэтым разам і праўда кагосьці спыталі? Проста розніца паміж вынікамі, пра якія распавялі па тэлевізары, і тымі, якія далажылі начальству, атрымалася занадта траўміруючай для пачуцця легітымнасці.

Але вось мне здаецца, што з адменай выбараў — гэта як з генераламі, якія заўсёды рыхтуюцца да мінулай вайны. Сумніўна мне, што ў сучасных рэаліях гіпатэтычныя прэзідэнцкія выбары займаюць прыкметнае месца сярод дэстабілізуючых беларускую ўладу фактараў. Тут жа як? Была б стабільнасць, а каму дэстабілізаваць — заўсёды знойдзецца.