Эскалацыя, контр-наступ і перабудова свету. Чым скончыцца вайна Расіі супраць Украіны?

У бліжэйшыя тыдні ва Украіне магчымая эскалацыя баявых дзеянняў. Такое меркаванне выказалі эксперты падчас анлайн-сустрэчы экспертна-аналітычнага клуба, прысвечанай вайне ва Украіне.

Фота УНІАН

Фота УНІАН


Хуткага прыпынення вайны не будзе

Першае пытанне, на якое папрасілі адказаць экспертаў, тычылася таго, што чакае Украіну ў бліжэйшыя месяцы.
— 23 лютага мы мелі сустрэчу з нашымі партнёрамі, дыпламатамі, журналістамі. Яны пыталіся, ці будзе вайна. І мы тады адказвалі: «Ну якая вайна? Гэта ж нерацыянальна, санкцыі». Максімум, мы думалі, што будуць правакацыі на Данбасе і іншых акупаваных тэрыторыях, — зазначыў кіраўнік праўлення Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма», кіраўнік грамадскай рады пры МЗС Украіны Генадзь Максак.
Нягледзячы на тое, што 24 лютага ўсё ж пачалася поўнамаштабная вайна, расійскі бок не ўлічыў менталітэт украінцаў і іх гатоўнасць змагацца, а таксама ўзровень сусветнай салідарнасці, гаворыць эксперт.
— Я думаю, што Украіна працягне здзіўляць, — перакананы дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Украінскія Узброеныя сілы ўжо здзівілі Еўропу і свет, бо замежныя эксперты напярэдадні 24 лютага ў большасці сваёй казалі, што поспех расійскай арміі будзе бліскавічным. Гэтага не адбылося і ўжо не адбудзецца, мы назіраем не толькі ваенныя поспехі, але і кансалідацыю ўкраінскага грамадства.
У той жа час Яўген Магда зазначае, што не чакае хуткага прыпынення вайны з боку Расіі. Як і прыняцця Украіны ў ЕС ці НАТА.
— Украіна цяпер завяршае працэс фармавання палітычнай нацыі, — лічыць эксперт.
І Генадзь Максак, і Яўген Магда ўпэўненыя, што гуманітарнага крызісу Украіне не пазбегнуць, а колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва Украіны будзе расці, бо, не маючы сіл змагацца з арміяй, расійскія вайскоўцы змагаюцца з простымі людзьмі.

У красавіку Украіна можа перайсці ў контр-наступ

На думку сузаснавальніка і дырэктара Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў (Мінск) Арсеня Сівіцкага, Украіна, калі яшчэ не выйграла гэтую вайну, то выйграе.
— Бліжэйшыя два-тры месяцы стануць вырашальнымі, і калі Украіна зможа выстаяць, то адбудзецца карэнны пералом у гэтым канфлікце. У красавіку пачынаецца кампанія па дэмабілізацыі расійскіх ваеннаслужачых. Гэта значыць, што на дэмбель адправяцца каля 150 тысяч чалавек, і ў Расіі ўзнікнуць праблемы з дадатковымі рэзервамі, якія можна кінуць на вядзенне баявых дзеянняў. Яны і цяпер вычарпаныя.
Эксперт мяркуе, што гэта падштурхне Расію на эскалацыю баявых дзеянняў у бліжэйшы час.
Кепска ў Расіі і са зброяй: за месяц вайны з Украінай яна вычарпала трохгадовы запас высокадакладнай зброі (ракет) і ўсё больш пераходзіць да выкарыстання так званых сродкаў нявыбарчага паражэння — цяжкай артылерыі і некіраваных авіяснарадаў.
— Не выключаю, што ў бліжэйшыя тыдні Масква паспрабуе рэалізаваць сірыйскую тактыку, калі аточаныя гарады знішчаюцца пры дапамозе бамбардзіровак, каб справакаваць міграцыйны крызіс і гуманітарную катастрофу, а з іншага боку — прымусіць заходнія краіны да перамоваў на ўмовах Крамля.
Арсень Сівіцкі не выключае спробы рэйду на Кіеў у бліжэйшыя тыдзень-два, паколькі на тэрыторыі Беларусі для гэтых мэтаў фарміруецца групіроўка. У той жа час вынік гэтай эскалацыі абсалютна непрадказальны.
— Можна чакаць, што ўжо з сярэдзіны красавіка Узброеныя сілы Украіны змогуць перайсці ў контр-наступ і ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, — гаворыць Арсень Сівіцкі.

Час для нейтралітэту прайшоў

Для Беларусі гэта азначае, што Крэмль будзе дабівацца ад Лукашэнкі прамога ўдзелу нашых Узброеных сіл у гэтым канфлікце. Да таго ж унутры краіны гэта можа прывесці да сур’ёзных сацыяльна-палітычных наступстваў.
— Пакуль адзінае, што стрымлівае Беларусь ад удзелу ў гэтым канфлікце, — гэта ўсведамленне катастрафічных наступстваў, — дадае Арсень Сівіцкі.
Дырэктар па даследаваннях Еўрапейскай экспертнай асацыяцыі Марыя Аўдзеева цяпер знаходзіцца ў сваім горадзе Харкаве. Яна зазначае, што абстрэлы горада працягваюцца і ўдзень, і ўначы, і да нармалізацыі абстаноўкі яшчэ вельмі далёка.
— У бліжэйшыя месяцы варта чакаць, што тактыка Расіі па тэроры мясцовага насельніцтва будзе працягвацца, бо ў ваенным плане ў яе не атрымліваецца вырашыць пастаўленыя задачы. Калі ў першыя дні вайны была ілюзія, што будуць абстрэльваць толькі ваенныя аб’екты, то хутка стала зразумела, што ў першую чаргу абстрэльваюць грамадзянскія аб’екты.
Марыя Аўдзеева зазначае, што прайшоў той час, калі можна быць нейтральнымі, таму яна заклікае беларусаў не маўчаць.
— Вельмі важна данесці, што цяпер няма месца для нейтралітэту. Можна быць альбо на баку «чацвёртага рэйха» — агрэсіўнай нацысцкай дзяржавы, якая вядзе захопніцкую вайну ў адносінах да ўсяго свабоднага свету, альбо на баку гэтага свету, які абараняецца. Нельга стаяць убаку і чакаць, хто пераможа. Бо калі пераможа зло, загінуць усе.

Плаціць давядзецца ўсім беларусам

Па словах Яўгена Магды, вайна ўсё падзяляе на чорнае і белае. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што, паводле звестак групы «Рэйтынг», 84% украінцаў успрымаюць Беларусь варожа, бо з нашай тэрыторыі ў бок Украіны ляцяць ракеты і заходзяць расійскія войскі. Пакуль беларускія вайскоўцы не ўвайшлі на тэрыторыю Украіны. Але як толькі расійска-ўкраінская вайна ператворыцца ў вайну «саюзнай дзяржавы» супраць Украіны, гэта на дзесяцігоддзі пагоршыць адносіны паміж нашымі народамі.
— Шмат украінцаў не ведаюць пра тое, што дзясяткі тысяч беларусаў эмігравалі за мяжу. Многія не ведаюць, што ў Беларусі ёсць сотні палітвязняў. Гэта так. Але мы ніколі не ваявалі адно з адным, мы не маем паміж сабой супярэчанняў. За што павінны ваяваць беларусы ва Украіне? За дэнацыфікацыю Украіны? Як можна дэнацыфікаваць краіну, у якой прэзідэнт — габрэй? — задаецца пытаннямі эксперт.
Арсень Сівіцкі зазначае, што з пункту гледжання міжнароднага права Беларусь з’яўляецца не проста саўдзельніцай расійскай агрэсіі супраць Украіны, а ўжо выступае бокам гэтай агрэсіі.
— Калі мы паглядзім на рэзалюцыю Генеральнай асамблеі ААН 1974 года, яна вызначае акт агрэсіі ў тым ліку як добраахвотнае прадастаўленне тэрыторыі трэцім дзяржавам для здзяйснення ваенных дзеянняў супраць іншай замежнай дзяржавы. Калі Украіна пераможа ў гэтай вайне — а для гэтага ёсць усе перадумовы, — гэта будзе катастрофа для Беларусі не толькі як для дзяржавы, але і для грамадства. Бо плаціць за памылкі беларускага кіраўніцтва давядзецца ўсім беларусам. Я ўжо не кажу пра катастрафічныя наступствы ад выплат рэпарацый і кампенсацый. Цяпер запускаецца міжнародны трыбунал па абвінавачанні Расіі ў парушэнні ваеннага і гуманітарнага права, і гэта толькі пытанне часу, калі такія абвінавачанні будуць прад’яўленыя і беларускаму боку.
Але ў Беларусі яшчэ ёсць магчымасць мінімізаваць выдаткі ад удзелу ў гэтым канфлікце, лічыць Сівіцкі.
Першае, што трэба зрабіць, — паставіць пытанне пра незаконнасць прысутнасці расійскіх войск на тэрыторыі Беларусі. Гэта парушае абедзьве канстытуцыі — цяперашнюю і папярэднюю, да таго ж Расія парушыла свае абавязацельствы па вывадзе войск пасля заканчэння вучэнняў. Тая ж рэзалюцыя Генасамблеі ААН прадугледжвае перакваліфікацыю статуса агрэсара. І гэта шанец для Беларусі, паколькі наша краіна сама падпала пад агрэсію 22 лютага, калі з яе тэрыторыі павінны былі быць выведзеныя войскі, але гэтага не адбылося. Але чым бы не скончылася гэтая вайна, яна непазбежна пацягне за сабой перабудову свету.— Уся міжнародная сістэма бяспекі ў крызісе, і калі Расія гэтую вайну прайграе, нас чакае новы раўнд доўгіх перамоваў па пытанні стратэгічнай стабільнасці. Галоўны ўрок, які вынікае з расійскай вайны супраць Украіны, у тым, што Украіне не будуць патрэбныя нічые гарантыі. Гэта мы павінны будзем у Украіны гэтыя гарантыі заптываць. З рэцыпіента бяпекі Украіна ператворыцца ў донара.Параза Расіі ў гэтай вайне непазбежна прывядзе да дэзінтэграцыі постсавецкай прасторы і скарачэння ўплыву Расіі. Таму ў цэлым — гэта магчымасць і наш маральны абавязак пасля той ганебнай ролі, якую мы адыгралі ў гэтым канфлікце: пераход да сапраўды нейтральнага статуса. Магчыма, гэта будзе нашым унёскам у новую еўрапейскую сістэму бяспекі, — падсумоўвае Арсень Сівіцкі.