Фельштынскі: Еўропа павінна вызваліць Беларусь, гэта важней за Данбас ці Крым

Гісторык Юрый Фельштынскі лічыць, што вайна Расіі з NATO непазбежная і што Беларусь у гэтым сэнсе займае важную ролю для абодвух бакоў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусь варта было б прэвентыўна вызваліць ад расійскіх войскаў, таму што акупацыя краіны стварае неймаверныя рызыкі для ўсёй Еўропы. Пра гэта амерыканскі гісторык расійскага паходжання Юрый Фельштынскі расказаў у інтэрв'ю «Радыё Рацыя».

Гісторык Юрый Фельштынскі двойчы звяртаў увагу на «беларускае пытанне»: у 2014 годзе і ў 2022 годзе.

— Пасля 2014 года стала ясна, што без папярэдняга захопу Беларусі нельга пачынаць поўнамаштабную вайну супраць Украіны. У мяне стварылася ўражанне, што аперацыя «Маларосія» правалілася менавіта таму, што стратэгічна была спланаваная расійскім кіраўніцтвам няправільна. Ваенныя дзеянні трэба было пачынаць не з усходу Украіны, а з поўначы, а для гэтага спачатку трэба было захапіць Беларусь. Ведаеце, германскія атакі супраць Францыі заўсёды пачыналіся з захопу Бельгіі, таму што праз Бельгію прасцей было атакаваць Францыю. Так і тут: каб атакаваць Украіну, трэба было спачатку захапіць Беларусь, — адзначае Юрый Фельштынскі.

Пасля заканчэння кампаніі-2014 гісторык пісаў, што трэба сачыць за расійскімі войскамі ў Беларусі: вялікія навалы расійскіх войскаў стануць прадвеснікам нападу на Украіну.


Глядзіце таксама

З іншага боку, Беларусь выводзіць Расійскую Федэрацыю адразу на межы некалькіх еўрапейскіх дзяржаў, што стварае плацдарм для сухапутнай атакі. А расійская тактычная ядзерная зброя перакінутая ў Беларусь.

— Лукашэнка вывеў Беларусь з бяз'ядзернага статусу на самым пачатку вайны, у лютым 2022 года. Але перакідка ядзернай зброі ў Беларусь робіцца не з мэтай наблізіць яе да межаў Еўропы (у гэтым няма неабходнасці), і нават не з мэтай пагражаць асобным краінам ядзернай зброяй з больш блізкай адлегласці, таму што для гэтага можна было перакінуць ядзерную зброю ў Калінінградскую вобласць... а з пункту гледжання падрыхтоўкі гібрыднай ядзернай атакі супраць Усходняй і Цэнтральнай Еўропы менавіта з Беларусі для таго, каб пазбегнуць ўдару ў адказ па тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. І ў гэтым, як мне здаецца, палягае прычына, з якой дагэтуль ніхто ў Расіі не заікаецца пра анэксію Беларусі, — растлумачыў Юрый Фельшынскі.

Прыхаваная акупацыя Беларусі «стварае для Еўропы неймаверны фактар рызыкі, настолькі сур'ёзны, што важней было б паклапаціцца і прэвентыўна стаць на пазіцыю вызвалення Беларусі ад расійскіх войскаў».

Гісторык лічыць, што для Украіны вельмі важна было б стварыць на базе палка Каліноўскага беларускую дывізію і вызваліць Беларусь ад расійскай акупацыі.

— Я лічу, што са стратай Беларусі Расія прайграе вайну ва Украіне, таму што, не кантралюючы Беларусь, задача захопу Украіны з поўдня і ўсходу бессэнсоўная, гэта немагчыма зрабіць з ваеннага пункту гледжання, — мяркуе гісторык.

У якасці ілюстрацыі гісторык прывёў вызваленне Германіі ад нацызму, якое пачыналася не з высадкі саюзнікаў у Германіі, а з высадкі саюзнікаў на ўсіх астатніх захопленых тэрыторыях: у Італіі, у Францыі, ва Усходняй Еўропе.


Глядзіце таксама

Юрый Фельштынскі лічыць, што вызваленне Беларусі мае значна большае геапалітычнае значэнне, чым вызваленне Данбаса ці Крыма.

Пуцін не дасягнуў заяўленых мэтаў вайны ва Украіне, наадварот, «стаў на шлях эскалацыі вайны», што азначае «непазбежнасць сутыкнення альбо з NATO цалкам, альбо, калі Трамп выведзе Амерыку з NATO, з Еўропай».

— Я не бачу магчымасці гэтаму канфлікту рассмактацца праз нейкія перамовы. Я цяпер бачу толькі магчымасць таго, што Расія пайшла на свой апошні і рашучы бой у спадзеве, што свет спалохаецца і капітулюе. Гэта не той спадзеў, які быў 24 лютага 2022 года. Яны не могуць зразумець, што свет ужо не капітулюе і нават не спалохаецца. Мне здаецца, нас чакае доўгая бітва, канец якой відавочны. Але час працягу гэтай бітвы і кошт перамогі невідавочныя, — канстатаваў Юрый Фельштынскі.