Гардон заклікаў беларусаў не ісці вайной на Украіну

Вядомы ўкраінскі журналіст Дзмітрый Гардон у эфіры тэлеканала «Украіна 24» звярнуўся да беларусаў з заклікам не ісці супраць украінцаў, а лепш здацца, калі Лукашэнка штурхне іх на вайну.

Украінскі журналіст Дзмітрый Гардон падчас інтэрв'ю з Лукашэнкам. Фота: БелТА

Украінскі журналіст Дзмітрый Гардон падчас інтэрв'ю з Лукашэнкам. Фота: БелТА


Украінскі журналіст Дзмітрый Гардон заклікаў беларусаў не ісці ваяваць супраць украінцаў.
«Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да беларусаў, якіх вельмі люблю. Гэты шматпакутны народ у мяне ў сэрцы. Дарагія беларусы, як толькі ваш звар’яцелы лідар кіне вас ваяваць з украінцамі — перайшоўшы мяжу, адразу здавайцеся. Нават не хадзіце да нас. Вам забяспечаць цудоўнае існаванне. Хто захоча стаць грамадзянамі ЕС, будзе грамадзянамі ЕС. Хто захоча ваяваць супраць Лукашэнкі — мы вам дамо зброю. Адразу здавайцеся, не ідзіце супраць украінцаў», — сказаў Дзмітрый Гардон.
У той жа час ён запэўніў, што тыя, хто прыйдзе ва Украіну з вайной, будуць знішчаныя.
«Мы выдатна ўзброеныя, у нас вялізная колькасць найноўшага заходняга ўзбраення. Мы будзем забіваць усіх, хто прыйдзе на нашу тэрыторыю з вайной. Усіх. Таму Лукашэнка няхай нават не думае. Калі толькі ён гэта зробіць, мы будзем атакаваць яго і тых, каго ён дашле, на ўсіх напрамках. У нас хопіць сіл, у нас хопіць рашучасці, у нас хопіць зброі. Наша справа правая, і мы пераможам», — падкрэсліў Гардон.
Украінскі журналіст добра ведае сітуацыю ў Беларусі. Яшчэ перад выбарамі ў 2020 годзе ён узяў вялікае інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі.
Следчы камітэт Расіі распачаў адразу ж тры крымінальныя справы супраць украінскага журналіста. Гардона абвінавачваюць паводле ч.2 арт. 354 КК РФ («Публічныя заклікі да развязвання вайны»), ч. 2 пункт «б» арт. 282 КК РФ («Дзеянні, накіраваныя на распальванне варожасці па нацыянальнай прыкмеце») і ч. 2 пункт «а». арт. 207.3 КК РФ («Распаўсюджванне фэйкаў пра дзеянні арміі РФ»).